Музыкі ў Вільні выступілі за адмену сьмяротнай кары ў Беларусі

10 кастрычніка адзначаўся міжнародны дзень супраць сьмяротнага пакараньня. У гэты дзень у Вільні музыкі зь Беларусі і Літвы адыгралі разам на адной сцэне дабрачынны канцэрт, каб заклікаць людзей сказаць “НЕ!” сьмяротнай кары ў Беларусі – адзінай краіне ў Эўропе, дзе выконваюцца сьмяротныя прысуды.

Літоўскія выканаўцы Zala & Driukas ня першы раз выступаюць у Вільні на канцэртах беларуска-літоўскай салідарнасьці. Zala (Andrius Zalieska) сказаў, што яны выступілі бясплатна, таму што добрыя ідэі трэба падтрымліваць. “я сам супраць таго, каб забіваць”. Zala & Driukas выступалі разам зь беларускім гуртом RAHIS у адным з клюбаў у цэнтры Вільні. Перад пачаткам актывісты раздавалі ўлёткі з інфармацыяй пра праблему сьмяротнага пакараньня ў Беларусі. Як укажа Андрэй Палуда з праваабарончага цэнтру “Вясна”, кампанія "Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня” праводзіцца і ў Беларусі, і па-за яе межамі. Кампанію падтрымаў славуты сьпявак Стынг. У Вільні да кампаніі далучыліся актывісты моладзевай недзяржаўнай арганізацыі Belarus Watch і Беларускі Дом правоў чалавека. Прэзыдэнт Беларускага Дому правоў чалавека Тацяна Равяка кажа: “Для нас важная і міжнародная падтрымка, і падтрымка простых грамадзян”. Вядомыя беларускія грамадзкія дзеячы, мастакі, пісьменьнікі палітыкі ў ліку першых падпісалі Пэтыцыю супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі. Да іх подпісаў далучылася каля чатырохсот чалавек. Збор подпісаў пад электроннай пэтыцыяй працягваецца (http://petition.spring96.org/).

Тацяна Поклад, "Радыё Свабода"