З 15 па 17 верасня ў Любліне пройдзе міжнародная навуковая канферэнцыя "Нацыянальныя і этнічныя меншасці Польшчы на еўрапейскім фоне”.

Канферэнцыя прымеркаваная да 5-годдзя ўхвалення Польшчай закона аб нацыянальных і этнічных меншасцях ды рэгіянальнай мове – патранат над мерапрыемствам трымае маршалак Сейма Гжэгаж Схетына.
Арганізатары спадзяюцца, што канферэнцыя падвядзе вынік 5-гадовага перыяда дзейнасці закона аб нацыянальных і этнічных меншасцях ды рэгіянальнай мове, а таксама што ўдзельнікі зробяць высновы адносна дзеючага ў Польшчы заканадаўства і вынікаў, да якіх яно прывяло ў дачыненні да канкрэтных меншасцяў.
У адкрыцці канферэнцыі, акрамя маршалка Гжэгажа Сетыны, мае прыняць удзел таксама міністр унутраных спраў і адміністрацыі Ежы Мілер. Працу канферэнцыі распачне супольнае пасяджэнне Сеймавай камісіі нацыянальных і этнічных меншасцяў ды Супольнай камісіі ўрада і нацыянальных меншасцяў.
Цягам канферэнцыі пройдуць дзве сесіі "Сітуацыя нацыянальных і этнічных меншасцяў у Польшчы – мінулае і сучаснасць” ды "Еўрапейскі досвед па ўрэгуляванні статусу нацыянальных меншасцяў”, а таксама тры дыскусіі – "Пяць гадоў дзейнасці ў Польшчы закона аб нацыянальных і этнічных меншасцях ды рэгіянальнай мове – асновы і ўжыццяўленне”, "Шлях да закона – эвалюцыя статусу нацыянальных меншасцяў у Польшчы ў перыяд трансфармацыі (1989-2005)”, "Перспектывы юрыдычнага становішча нацыянальных і этніных меншасцяў у Польшчы”.
Акрамя гэтага, удзельнікі сустрэнуцца на тэматычных семінарах, будуць працаваць у групах па канкрэтных праблемах ды за "круглымі сталамі”.
Канферэнцыя будзе праходзіць у Ваяводскай управе Любліна, Універсітэце імя Марыі Кюры-Складоўскай ды гарадской ратушы Любліна. Урачыстае адкрыццё з удзелам маршалка Сейма і міністра ўнутраных спраў – 15 верасня а 14.00 гадзіне ў Ваяводскай управе Любліна.