Зянон Пазняк: Калі людзі пазбавяцца страху – з'явяцца лідары

Новыя кнігі, а таксама актуальная сітуацыя ў Беларусі – пра гэта ішла размова падчас сустрэчы са старшынём партыі КХП-БНФ “Адраджэнне” Зянонам Пазняком у Варшаве.

Новыя кнігі, а таксама актуальная сітуацыя ў Беларусі – пра гэта ішла размова падчас сустрэчы са старшынём партыі КХП-БНФ “Адраджэнне” Зянонам Пазняком у Варшаве.

Сустрэча была арганізаваная Беларускай Нацыянальнай Памяццю.

"Цяжкі час", "Дэпутаты незалежнасці" –  гэта новыя кнігі Зянона Пазняка, якія былі прадстаўлены аўтарам. У іх расказваецца пра тыя перамены, якія адбываліся ў Беларусі на пачатку 1990-х гадоў.

Пасля сустрэчы Зянон Пазняк адказаў на некалькі пытанняў журналіста Радыё Рацыя.

РР: Як вы ацэньваеце існую перадвыбарчую сітуацыю ў Беларусі?

– Сённяшняя апазіцыя нічога не дасягне і не можа дасягнуць. Яна не мае ні сваіх ідэй, ні сваіх арганізацый, ні адказнасці за свае дзеянні. На вялікі жаль, гэта створаная імітацыйная група пры дапамозе некалі сумнай памяці Ханса-Георга Віка. І гэтыя людзі працягваюць імітаваць палітыку ў Беларусі. За сродкі спачатку Еўропы, а цяпер імкнуцца атрымаць іх ад Масквы. Гэта несур’ёзна, гэта безадказна, і нічога чакаць ад іх не варта, тым больш, што ніякай падтрымкай у людзей яны не карыстаюцца, ніякай папулярнасцю і ніякай павагай. Уся бяда Беларусі ў тым, што людзі нашыя ў бальшыні ўжо не ўспрымаюць гэты рэжым, але яны не бачаць нічога лепшага. Паглядзяць на “гэтых” і вырашаць, што “з гэтымі будзе яшчэ горш”. Вось такая сітуацыя з гэтай, так званай, апазіцыяй. Ім ужо не раз казалася, што не трэба наступаць на тыя самыя граблі, калі нават вас нехта на гэта штурхае і дае гранты за гэта. Трэба адказна падыходзіць да палітыкі, але гэтыя людзі працягваюць свае імітацыйныя гульні, якія ідуць толькі на шкоду Беларусі.

РР: Ці ёсць нейкі выхад з гэтай сітуацыі?

– Выхад гэты ёсць. Па-першае, ёсць сілы патрыятычныя, ёсць сур’ёзныя людзі, яны загнаны амаль у падполле гэтым рэжымам, яны пераследуюцца, але гэтыя людзі працуюць дзеля Беларусі, асветніцкай займаюцца працай. Скажам, партыя, якую я ўзначальваю, гэтая партыя фактычна стварыла народны мемарыял “Курапаты”, паставілі больш тысячы крыжоў, збіралі грошы, гэта грошы ў Беларусі сабраныя, ніводнай чужой капейкі няма, гэта рабілі ўсё самі беларусы. І гэтыя крымінальнікі, гэбісты, яны кожны раз гэтыя крыжы ламаюць, і нашы людзі іх увесь час аднаўляюць. Так што “Курапаты” цяпер існуюць як народны мемарыял, як могілкі. Вось у гэтых умовах зроблена такая праца. Калі ёсць разуменне, то нават у гэтых умовах можна рабіць карысныя справы. Бачанне гэтага і незадавальнне выльецца ў грамадскія дзеянні і вылучыць новых людзей. Але так было 20 гадоў таму, калі рушыўся Савецкі Саюз, было тое самае. І цяпер пачынаецца такі працэс. Таму трэба верыць і спадзявацца, што народ наш здаровы, разумны і ўсё прыйдзе да таго, што парадак у сваім доме будзе.

РР: Вы надалей выступаеце за байкот прэзідэнцкіх выбараў, чаму?

– У гэтай сітуацыі, калі створана машына фальсіфікацый, калі народ адлучаны ад уплыву на галасаванне, на падлік галасоў, то бессэнсоўна людзям хадзіць на выбары. Таму што рэжым карыстаецца тайным галасаваннем. Людзі прыйшлі на выбары, і яны могуць даць любыя працэнты. Калі ж людзі на выбары не прыйдуць, то ім прыйдзецца фальсіфікаваць пустату. І гэта робіцца відавочным для людзей, яны пачынаюць гэта абмяркоўваць, пачынаюць яднацца. Гэта той крок, які з’яўляецца ўдарам па гэтаму рэжыму. Гэта першы крок да барацьбы.

РР: А якія будуць далейшыя крокі?

– Далейшыя крокі будуць тады, калі ў грамадства зменіцца стаўленне да рэжыму. Яно ўжо мяняецца, ужо крытычнае стаўленне да Лукашэнкі, да карупцыі, якая ўтварылася. Потым, калі пратэстныя настроі пашырацца, яны павінны выйсці наверх. Людзі пачнуць пазбаўляцца страху, з’явяцца лідары. І гэтае пытанне можа цягнуцца год, два, можа і пяць, але гэта працэс, які адбываўся тады, калі змагаліся з камуністамі. Таму трэба рабіць такія крокі, як байкот, каб гэты працэс прыспешыць.

Гутарыў Міхась Сцепанюк, "Радыё Рацыя"


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение