Беларуска-амэрыканскі гісторык і публіцыст, адзін з самых актыўных дзеячаў беларускай дыяспары ў ЗША, ганаровы сябра Беларускага ПЭН-цэнтру, сябра Вялікай Рады МГА "ЗБС "Бацькаўшчына".
Беларуска-амэрыканскі гісторык і публіцыст, адзін з самых актыўных дзеячаў беларускай дыяспары ў ЗША, ганаровы сябра Беларускага ПЭН-цэнтру, сябра Вялікай Рады МГА "ЗБС "Бацькаўшчына".
Нарадзіўся 9 жніўня 1926 году ў мястэчку Мір. У часы Другой сусьветнай вайны скончыў Баранавіцкую прагімназію, потым вучыўся ў Баранавічах у гандлёвай школе. Сябра Саюзу Беларускай Моладзі (СБМ) З 1944 г. у Нямеччыне, затым працаваў на шахтах у Вялікай Брытаніі. У 1954 г. скончыў гістарычны факультэт Лювэнскага каталіцкага ўнівэрсытэту ў Бэльгіі. Потым працаваў на радыёстанцыі Вызваленьне (Радыё Свабода). З 1957 году ў ЗША. Абараніў у Нью-Ёркскім унівэрсытэце доктарскую дысэртацыю на тэму «Палітычнае змаганьне за Беларусь у Дзяржаўнай думе 1906-1917 гг.», выкладаў гісторыю ў вышэйшых навучальных установах ЗША. Жыве ў г.Сомэрсэт (штат Нью-Джэрсі, ЗША).
Што для вас свабода?
Магчымасьць рэалізаваць мае мэты.
Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?
Дэфіцыт веды, сродкаў і часу.
Што для вас шчасьце?
Зьдзяйсьняць задуманае.
Чаго вы найбольш баіцеся?
Страціць здольнасьць да працы: мне йдзе ўжо 85-ы.
Які талент вы хацелі б мець?
Музычны.
Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?
Маладымі людзьмі, якія выяўляюць зацікаўленьне да беларушчыны.
Што вы найбольш любіце рабіць?
Чытаць, пісаць, сустракацца з суродзічамі.
Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?
Працаваў бы над сабой больш сыстэматычна, не марнаваў бы часу.
Якую найлепшую параду вы атрымалі?
Ня падай духам, ня траць надзеі!
Які ваш улюбёны дэвіз?
Усё прыходзіць і праходзіць.
У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?
У народнай рэспубліцы.
У якой краіне вы хацелі б жыць?
У свабоднай Беларусі.
У якую эпоху вы хацелі б жыць?
Найлепшая эпоха тая, у якой жыву.
Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?
Увёў бы ва ўрад больш жанчын на галоўных пасадах.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?
Свабодныя ад усякага прымусу.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?
Свабодныя ад усякага гвалту.
Некаторыя думаюць так: «Хай дыктатура, абы свая». А Вы?
Ацэнка дыктатуры залежыць ад мэты, якую дыктатура ставіць перад сабой.
Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?
Калі да голасу прыйдзе новае пакаленьне, узгадаванае ў пашане да нацыянальнае дзяржаўнасьці.
Калі беларусы загавораць па-беларуску?
Стопрацэнтовыя беларусы гавораць па-беларуску цяпер.
Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?
Застануцца на паўдарозе да свае поўнае дзяржаўнасьці.