Белліцэй у Бельску-Падляшскім завяршыў новы набор вучняў

Сярэдзіна жніўня - гэта час, калі ўсе школы ўжо напоўніцу рыхтуюцца да новага навучальнага года. 116 вучняў першых класаў будзе навучацца ў агульнаадукацыйным ліцэі з вывучэннем беларускай мовы імя Браніслава Тарашкевіча ў Бельску-Падляшскім.

Сярэдзіна жніўня - гэта час, калі ўсе школы ўжо напоўніцу рыхтуюцца да новага навучальнага года. 116 вучняў першых класаў будзе навучацца ў агульнаадукацыйным ліцэі з вывучэннем беларускай мовы імя Браніслава Тарашкевіча ў Бельску-Падляшскім.

Радыё Рацыя пагутарыла напярэдадні новага навучальнага года з дырэктарам ліцэя Андрэем Сцепанюком:

- Раней было па 140 вучняў і нават яшчэ больш. Гэта вынікала з таго, што было больш выпускнікоў гімназій. У звышгімназіяльных школах пачаўся дэмаграфічны спад, і ён яшчэ патрывае. Не прынялі мы ўсіх, але думаю, што такія класы, у якіх да 30 вучняў, вельмі добрыя для нармальнай штодзённай працы.

РР: Ці меншая колькасць вучняў у першых класах не будзе нейкім чынам перашкаджаць функцыянаванню школы?

- Яна павінна дапамагчы з увагі на тое, што калі класы крыху меншыя, то лепш працаваць настаўнікам, больш магчымасці дайсці да кожнага вучня, запытаць, ці ён усё разумее.

РР: У мінулым годзе школа змяніла выгляд у сваіх памяшканнях, а зараз змяняецца звонку…

- Некаторыя не пазнаюць школу, якая знаходзіцца ў цэнтры горада і павінна выглядаць вельмі добра. У гэтым годзе набліжаемся да завяршэння так званай тэрмамадэрнізацыі, гэта значыць, што школа будзе ацепленая. Таксама школа набыла вельмі цікавы колер, з’явілася шыльда з надпісамі двухмоўнымі, і я заўсёды падкрэсліваю, што нам не патрэбныя ніякія ўставы і мы маем двухмоўны надпіс на школьнай шыльдзе. Калі ўсё зробім, то школа будзе выглядаць вельмі добра, і застанецца толькі цешыцца з таго, што павятовае стараства апошнімі гадамі пайшло на тое, каб дафінансаваць школы.

Па словах дырэктара Андрэя Сцепанюка, з 24 па 26 верасня адбудзецца чарговы, сёмы па ліку, з’езд выпускнікоў ліцэя. 25 верасня пройдзе ўрачыстая частка і бал выпускнікоў. Усю неабходную інфармацыю аб з’ездзе, а таксама аб выпускніках белліцэя можна знайсці на сайце гэтай навучальнай установы.

Гутарыў Міхась Сцепанюк, фота westki.info.

Даведка: Гісторыя белліцэя ў Бельску Падляшскім пачынаецца з 1949 года, калі на Беласточчыне ствараліся беларускія школы. У ім на сённяшні момант навучаецца каля 1200 вучняў. Навучанне адбываецца на польскай мове з абавязковым вывучэннем беларускай мовы і некаторых прадметаў па-беларуску. Пры гэтым экзамен па беларускай мове з’яўляецца абавязковым для атрымання атэстата аб сярэдняй адукацыі.

Бельскі белліцэй уваходзіць у першую пяцёрку лепшых школ Падляшскага ваяводства, а таксама сярод першых ва ўсёй Польшчы. Адментна, што 90% яго выпускнікоў паступаюць у вышэйшыя навучальныя ўстановы.

"Радыё Рацыя"