У Польшчы выдадзены альбом-комікс „Грунвальд” з удзелам беларускіх мастакоў

Нацыянальны цэнтр культуры ў Варшаве падрыхтаваў міжнародную анталогію, прысвечаную Грунвальдскай бітве, у выглядзе коміксу. Як тлумачыць дырэктар цэнтру Кшыштаф Дудак, прапанаваная мастацкая форма праекту, не ўпершыню выкарыстоўваецца дзеля інфармавання грамадства пра гістарычныя падзеі.

Нацыянальны цэнтр культуры ў Варшаве падрыхтаваў міжнародную анталогію, прысвечаную Грунвальдскай бітве, у выглядзе коміксу.

Як тлумачыць дырэктар цэнтру Кшыштаф Дудак, прапанаваная мастацкая форма праекту, не ўпершыню выкарыстоўваецца дзеля інфармавання грамадства пра гістарычныя падзеі.

Кшыштаф Дудак : Асабліва, калі гаворка ідзе пра 600-годдзе Грунвальдскай бітвы – не хутка будзем мець магчымасць адзначаць настолькі буйную гадавіну гэтай выключнай падзеі ў гісторыі. Аднак мы хацелі пагаварыць пра гэтыя часы крыху іншым спосабам. Каб зацікавіць маладых людзей, мы выкарысталі форму комікса. Мы запрасілі да супрацы вядомых творцаў звязаных з Фестывалем коміксу ў Лодзі і прапанавалі ім стварыць супольную гісторыю на тэму Грунвальдскай бітвы. У сваю чаргу яны запрасілі да супрацы сваіх калегаў з Літвы, Беларусі і Украіны. Такім чынам узнікла дзьвюхмоўная публікацыя, прысвечаная 600-м угодкам Грунвальдскай бітвы. У праекце Нацыянальнага цэнтру культуры, прысвечаным найбуйнейшай бітве сярэднявечча, апынуліся таксама беларусы.

Віталь Воранаў – беларускі літаратар, перакладчык і выдавец – быў запрошаны напісаць сцэнар да двух сюжэтаў, адзін у супрацы з беларускім, другі з польскім мастакамі. Як ён тлумачыць, намерам арганізатараў праекту было стварэнне сюжэту, які павінен не наўпрост навязваць да гістарычнай падзеі.

Віталь Воранаў: Ідэя была такая, каб не адлюстроўваць гісторыю дакладна, але каб выдуманыя намі сюжэты былі натхнёныя грунвальдскімі падзеямі. Я выбраў дзьве тэмы, якія мяне цікавілі - гэта ўдзел чэшскіх і мараўскіх ваяроў, а другая - гэта ўдзел беларусаў у гэтай бітве.  Гэта аднак не адлюстраванне, ці спроба гістарычнага пераасэнсавання, але погляд на ўдзел адных і другіх ваяроў праз прызму іроніі.

Сваім удзелам у праекце спадар Віталь пастараўся таксама пераадолець стэрэатып пра тое, што ў Грунвальдскай бітве змагаліся выключна ваяры Каралеўства Польскага і Літвы.

Віталь Воранаў : Там ёсць таксама такі іранічны фрагмент – там дзе падаецца тэкст у коміксах - што гаворка ідзе пра „літоўскую, то бок рускую, то бок беларускую харугву”. Вось у такой іранічнай форме. Я думаю, што ўсе, хто цікавіцца гісторыяй, гэтую метафару, гэты намёк зразумеюць.

Як тлумачыць Віталь Воранаў, комікс быў ужо выдадзены ў дыктоўным выданні фармату А4 з каляровымі старонкамі. Гэта вельмі прыгожа падрыхтаванае, тоўстае выданне. Тыраж комікса - 1 тысяча асобнікаў.

Віталь Воранаў : Першапачаткова планавалася, што гэта будзе дзьвюхмоўнае выданне - польска-англійскае, але канчаткова было вырашана надрукаваць альбом на польскай і літоўскай мовах. Тым часам  арганізатары плануюць, і я таксама буду над гэтым працаваць, каб выдаць поўную інтэрнэт-веэрсію на беларускай мове. Магчыма мы папрацуем таксама над перавыданнем гэтых коміксаў у розных газетных і часопісных варыянтах.

Як прадстаўленыя беларусы ў комікс-альбоме „Грунвальд”!?

Віталь Воранаў: Я паспрабаваў паглядзець на рыцараў пра прызму сённяшніх беларусаў, то бок людзей неадназначна адважных, не заўсёды храбрых і г.д. Я паказаў таксама адмоўныя рысы характэрныя сённяшнім беларусам. У выніку атрымаўся падвойны вобраз, значыць наш удзел у „Грунвальдзе” пра прызму сённяшніх рысаў, а не праз рысы таго часу.

Другі ўдзельнік праекту, мастак Уладзімер Блюднік, які размаляваў два сюжэты альбому, застаецца пад асаблівым уражаннем міжнароднага характару праекту, датычнага Грунвальдскай бітвы. Сама праца таксама патрабавала грунтоўнай падрыхтоўкі.

Уладзімер Блюднік: Напэўна трэба было падрыхтавацца, паколькі гэта ўсё ж была гістарычная тэматыка. Таму трэба было знайсці матэрыялы, што тычацца зброі, вопраткі і наогул таго часу. Было складана, але вельмі цікава. Гэта ж таксама гістарычная падзея, важная для нашых народаў.

Спадар Блюднік лічыць, што як тэма, так і спосаб прадстаўлення тэмы вельмі цікавы і карысны асабліва для маладых людзей, якія гісторыяй мала цікавяцца.

Уладзімер Блюднік: Для людзей, якія цікавяцца гэткай поп-формай напэўна гэта будзе цікава. Для іх гэта можа быць нешта новае, напрыклад, той жа ўдзел беларусаў у Грунвальдскай бітве.На гэта мы таксама разлічваем. Комікс - гэта таксама вельмі цікавая форма не толькі ў мастацкім аспекце, але таксама і ў дыдактычным плане. Таму я лічу, што гэткія рэчы варта было б паказаць таксама ў Беларусі, бо гэта іншы падыход да гісторыі, не такі су’рёзны, але з гумарам. Гэта таксама вельмі цікава.

Усіх, хто зацікавіўся згаданай тэмай ды хоча пабачыць вынік працы беларусаў у праекце Нацыянальнага цэнтру культуры ў Варшаве, ужо цяпер, не чакаючы пакуль у інтэрнэце з’явіцца беларуская версія коміксу, адсылаем на старонку цэнтру  grunwald600.pl.

Ганна Задрожна , “Польскае радыё для замежжа”