Іржы Марван: “Беларуская мова для чэха – сапраўды інтымнае перажыванне”

Госць “Свабоды” – вядомы чэшскі мовазнаўца, доктар навук, прафесар, былы пасол Чэхіі ў Грэцыі Іржы Марван. У полі навуковага зацікаўлення вучонага ёсць і беларуская мова.

Іржы Марван

Іржы Марван

Госць “Свабоды” – вядомы чэшскі мовазнаўца, доктар навук, прафесар, былы пасол Чэхіі ў Грэцыі Іржы Марван. У полі навуковага зацікаўлення вучонага ёсць і беларуская мова. Менавіта Марвану належаць словы пра інтымныя сувязі беларускай і чэшскай моваў, менавіта Марван – адзін з тых чэхаў, хто ў сваіх працах будзіць цікавасць да Беларусі і беларускай мовы.

Бушлякоў: Спадару Марван, калі ў вашае жыццё, напоўненае самымі рознымі мовамі, уварвалася беларуская? Марван: Перадусім мяне цікавілі ўсе славянскія мовы – бяз вынятку. І я ўбачыў, што некаторым з гэтых моваў патрэбна асаблівая абарона. Усе мовы, якім пагражае небяспека, я называю не малымі, а, хутчэй, каштоўнымі (па-ангельску precious). Калі мы ўсвядомім, што нешта з’яўляецца каштоўным, як проці жалеза золата каштоўнае, так тое нас пачынае зачароўваць. І натуральна, што беларуская мова апынулася ў полі майго зроку.

У той момант я таксама здаў сабе справу з таго, што мая цікавасць да беларускай – гэта пэўны палітычны жэст. У пару савецкага панавання (не толькі ў Беларусі, але і ў Чэхаславаччыне) гэта быў палітычны сігнал. Гэта, вядома, не той выпадак, калі вы ідзяце з транспарантамі па вуліцы і чакаеце, што зараз наляціць паліцыя і надае вам па галаве або надзене на вас наручнікі і завязе ў пастарунак, але запэўніваю вас, што я заўсёды быў пад пагрозаю таго, што нешта небяспечнае можа здарыцца... Я з любоўю гавару, што менавіта тая прастора, дзе Беларусь, дзе Украіна, – гэта вельмі важная частка Еўропы. І тыя людзі, якія гэтую прастору ігнаруюць, не з’яўляюцца сапраўднымі еўрапейцамі. Натуральна, што чэхі маюць вялікую перавагу (думаю, што і перад палякамі), бо з’яўляюцца часткаю Захаду (Прага ляжыць значна далей на захад, чым, скажам, Стакгольм або Вена) і пры гэтым могуць быць адначасна мостам і для славянаў. Расейцы і, напэўна, палякі ў такім мосце не зацікаўленыя, але астатнія славяне, безумоўна, такую цікавасць маюць і бачаць Прагу як вельмі важны мост паміж сабою і рэштай Еўропы. І таксама адначасна ўсведамляюць, што з’яўляюцца часткаю Еўропы, раз Прага гаворыць, што адносіцца да Еўропы. Бушлякоў: Калі канкрэтна быў той першы кантакт з беларускаю моваю? Якія былі першыя ўражанні? Марван: Тут так, як з першым каханнем – мы нярэдка не ведаем таго моманту. Нехта ведае і можа быць шчасны, што ведае, калі быў той момант, я б сказаў, жыццёвага перажывання, які застанецца ў ім да канца жыцця... Безумоўна, першы кантакт з беларускаю быў падчас майго ўніверсітэцкага навучання. Я меў тое шчасце, што трапіў, на дзіва, на заняткі з украіністыкі – гэта само па сабе было вялікім поспехам. Гэта лёгка не дасягалася. І адразу ж для мяне вынікла беларуская мова як, дазвольце мне так сказаць, каштоўны брат украінскай мовы. Я мушу прызнацца, што ўжо ў сярэдняй школе таксама цікавіўся літоўскай моваю, так што беларуская была такім натуральным дадаткам у той еўрапейскай моўнай складанцы. Не ставала аднаго складніка, і я яго асвоіў.

Вядома, тыя мае кантакты з Беларуссю – гэта было ліставанне. Я проста атрымаў беларускі адрас і напісаў чалавеку, якога датуль не ведаў. Я ліставаўся таксама з людзьмі з іншых савецкіх рэспублік, але тое ліставанне не цягнулася доўга. А тут нечакана натрапіў на імя, што стала для ўсіх беларусаў добра вядомым і, напэўна, таксама дарагім – гэта быў Генадзь Бураўкін. Да сённяшняга дня я памятаю ягоныя лісты, і павінен сказаць, што гэта быў мой першы настаўнік беларускай мовы. Я таксама стараўся пісаць яму па-беларуску, але ў той час мне не быў даступны слоўнік і розныя іншыя магчымасці, якія ёсць сёння... Але думаю, што з пары таго ліставання я ў сітуацыі, падобнай, як з дзясяткам іншых моваў: калі б на тое меў нагоду, на працягу тыдня, напэўна, авалодаў бы беларускай моваю, каб гаварыць у цэлым свабодна. Спадзяюся, што такая нагода некалі выпадзе. Бушлякоў: У сваім тэксце вы пішаце пра інтымныя беларуска-чэшскія моўныя дачыненні. У чым гэтая інтымнасць, як вы гэтую блізкасць бачыце? Марван: Мне вельмі падабаецца, што гаворыце пра інтымнасць, таму што гэта не дужа пашыраны сярод лінгвістаў тэрмін – як правіла, гавораць пра падабенства. Я вяду гаворку пра інтымнасць, бо ў кожнага чалавека родная мова – гэта тое, што ён пражывае, гэта жыццёвае асяроддзе – такое самае, як, напрыклад, лес, калі мы ў ім жывем, з тым адрозненнем, што гэтае жыццёвае асяроддзе нас суправаджае яшчэ да нараджэння, а таксама часта далёка ад радзімы. Гэта тое асяроддзе, ад якога мы ніколі ня можам адрачыся. Ёсць, натуральна, выняткі, але іх не назавеш вельмі прывабнымі. Вось жа, натуральна, тое першае інтымнае перажыванне – гэта калі мы ўсведамляем, што іншая мова мае столькі супольнага з нашаю моваю. І беларуская мова мяне якраз здзівіла тым, што мае мноства рысаў, якіх у іншых мовах (у польскай, напрыклад, ці ўкраінскай) я не знайшоў. Гэта сапраўды цікавыя словы і нават граматычныя формы. На жаль, некаторыя факты занадта лінгвістычныя, але паспрабую праілюстраваць. Чэшская мова мае формы ступеняў параўнання прыметнікаў novýnovějšínejnovější – такія самыя, як і беларуская, а яшчэ асаблівыя формы ступеняў параўнання прыслоўяў – nověji і nejnověji, аналагічныя якім ёсць і ў беларускай – навей і найнавей. А гэтых прыслоўных формаў няма, напрыклад, ані ва ўкраінскай, ані ў славацкай мовах – там ужываюцца іншыя моўныя сродкі, не прыслоўі. Чаму гэта так? Не ведаю, але тут славацкая бліжэйшая да ўкраінскай ці да харвацкай, чым да чэшскай. І наадварот, чэшская мае гэтыя агульныя з беларускай формы. Такіх выпадкаў шмат. Часам чалавек заспеты знянацку: колькі б мог такога знайсці, калі б пільна пашукаў...

Я цяпер пішу кнігу “Čeština imaginarní” – гэтая назва якраз намякае на тую інтымнасць: мы ўяўляем мову не так, як нам яе апісваюць граматыкі, а так, як можам яе пражыць, зважаючы таксама і на тое, што нашая мова мае шмат супольнага з іншымі мовамі. Калі я рыхтаваў беларускую частку гэтай кнігі, так выявіў недзе 250 словаў, якія гучаць амаль па-чэшску, выглядаюць амаль па-чэшску, але нясуць, перадаюць нешта зусім іншае. Гэта той выпадак, калі мы бачым іншае, чым чакаем. Гэта ўжо выходзіць з рамак рацыянальнай перадачы інфармацыі – гэта адносіцца да катэгорыі мастацтва. Мова паўстае як культурная, а не адукацыйная з’ява. Калі б мова была ўсяго толькі адукацыйнай з’яваю, нам было б даволі адной мовы на цэлы свет. Усе мы, што мыслім па-мастацку, па-культурніцку, ведаем, што чым больш ёсць моваў, тым прыгажэйшы свет. Яшчэ з гімназіі, з лаціны ведаем, што рознае ёсць прыгожае – varia sunt pulchra. Як выйдзем на луг, бачым там дзясяткі фарбаў. Калі б была адна фарба, і нават вельмі-вельмі прыгожая, калі б мы ішлі па лузе і ўвесь час бачылі толькі яе, так нас бы гэта перастала ўражваць. Як дзіцяці даць кавалак шакаладу, так яно будзе радае, але калі таму самаму дзіцяці сказаць: “А цяпер ты мусіш з’есці кілю шакаладу”, – то, напэўна, ужо не будзе столькі радасці. Таму нам трэба рознага.

Я сустракаўся з студэнтамі, родная мова якіх англійская, але яны хацелі вывучыць іншую мову, матывуючы гэта тым, што па-англійску гаворыць мноства людзей, а таму гэта ўжо не так цікава. Тыя студэнты хацелі мець інтымную, прыватную мову... Беларуская для чэха – гэта сапраўды тое інтымнае перажыванне, што нехта іншы мае сваю мову, але гэтая мова чэху такая блізкая. Бушлякоў: Але бальшыня чэхаў пра гэта не здагадваецца. Вы не маеце адчування, што з такім глыбокім разуменнем блізкасці беларускай і чэшскай моваў вы сярод чэхаў адзінокі, што гэтае разуменне ў Чэшскай Рэспубліцы фактычна адсутнічае? Марван: Вядома, што чэхі маюць з сваёй славянскасцю вялікія праблемы, я б так сказаў. У мяне ёсць адзін спосаб, як чэхаў пераканаць у іхным славянстве: я ім кажу, што чэшская мова – адзіная славянская, якою гавораць неславяне. Ад гэтых словаў мае суразмоўцы палохаюцца і адразу ж пачынаюць пратэставаць: “Мы ж таксама славяне!”

Натуральна, гэтая праблема вынікае з камуністычнай мінуўшчыны, калі славяне адносіліся да лагеру сацыялізму. Адпаведна выглядала, што цікавіцца ўсім славянскім – гэта значыць супрацоўнічаць з камунізмам. А я гэта абарочваю і кажу, што якраз антыпатыя да ўсяго славянскага сярод чэхаў – гэта найбольшае культурнае злачынства камунізму, таму што без камунізму тут была б поўная прыхільнасць да ўсіх славянскіх моваў і народаў, і, магчыма, перадусім да меншых з іх. Калі мы паглядзім, дзе ў свеце ёсць цікавасць да (неахвотна так фармулюю) так званых постсавецкіх моваў, так выявім, што ў Празе тых, што вывучаюць гэтыя мовы, болей, чым дзе-колечы ў Нямеччыне, у Оксфардзе, Сарбоне, што гэтая цікавасць, хутчэй, тут, чымся там. То бо можам сказаць, што гэтымі мовамі цікавіцца малы пласт, інтэлектуальная эліта народу, але калі 10-мільённы народ здольны стварыць такую эліту, якой французы, або немцы, або ангельцы стварыць не могуць, так, зважаючы на гэта, выкажу думку, што чэшскі народ паказаў: ён нашмат бліжэйшы да беларусаў, чым астатнія еўрапейскія народы. Тых, хто цікавіцца акурат гэтымі мовамі, у тым ліку беларускай, я лічу за паслоў чэшскага народу да тых народаў.

Іржы Марван (Jiří Marvan) нарадзіўся ў Празе ў 1936 годзе. Доктар навук, прафесар. У пражскім Карлавым універсітэце вывучаў славістыку і ўкраіністыку, затым балтыстыку. У 1963 годзе выехаў з Чэхаславаччыны: працаваў ва ўніверсітэтах у Швецыі, ЗША і Аўстраліі. У аўстралійскім Мельбурне сфармаваў першую ў паўднёвай паўкулі катэдру славістыкі. Па вяртанні на бацькаўшчыну працаваў як дыпламат, у прыватнасці быў паслом Чэхіі ў Грэцыі. З 1999 года выкладае ў Карлавым універсітэце і ўніверсітэце ў Вусьці-над-Лабэм.

Юрась Бушлякоў, "Радыё Свабода"


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение