"Бандэрштат" ля беларускай мяжы

Гэты фестываль альтэрнатыўнай музыкі адбываўся 7–8 жніўня ў вёсцы Ракіні за 12 км ад Луцку на тэрыторыі Музея гісторыі сельскай гаспадаркі.

Гэты фестываль альтэрнатыўнай музыкі адбываўся 7–8 жніўня ў вёсцы Ракіні за 12 км ад Луцку на тэрыторыі Музея гісторыі сельскай гаспадаркі.

Сімвалам мерапрыемства быў нацыянальны герой Украіны Сцяпан Бандэра. Дух Украінскай паўстанцкай арміі (УПА) прасочваўся ў паказальных выступах баявога гапака, рэканструкцыі бою паўстанцаў з войскамі НКВД і агульным аздабленні.

Падчас сустрэчаў з ветэранамі УПА й палітыкамі зазначалася, што дзейсная ўкраінская ўлада не збіраецца шанаваць нацыянальных герояў. На майках сябраў арганізацыі “Нацыянальны Альянс” на пяці мовах, сярод якіх і беларуская, быў надпіс “Прабачце, што мой прэзідэнт ідыёт. Я за яго не галасаваў!”.

Ветэраны УПА

Ветэраны УПА заклікалі моладзь працаваць на карысць мясцовых выбараў, якія хутка адбудуцца ва Украіне, каб хоць на мясцовым узроўні абраць дэпутатаў, якія будуць рупіцца аб нацыянальных інтарэсах. Дарэчы, у арганізацыі фэсту дапамагала мясцовая ўлада.

Рукапашныя змаганні, сілавыя гульні, пейнтбол, палёты на дэльтаплане, кірмашы — усё гэта было неад’емнаю часткаю фестывалю.

У першы дзень свята, нягледзячы на рокавы фармат мерапрыемства, на сцэне з’явіўся беларускі рэпер Vinsent, які быў адным з хэдлайнераў канцэрту. Якраз на час яго выступу сціхлі грымоты і дождж, што паліваў слухачоў увесь вечар.

Беларусы на фэсце

Канцэрт ля беларускай мяжы наведалі паўтара дзесяткі беларусаў: над натоўпам луналі бел-чырвона-белыя сцягі. Вінсэнту выступ на замежнай сцэне прынёс сяброўскія кантакты — гурт з Луцку “Фіолет” прапанаваў яму запісаць разам украінска-беларускую песню.

На наступны “Бандэрштат” аргкамітэт мерапрыемства плануе запрасіць N.R.М.

Юльян Місюкевіч, "Наша Ніва"