Геніюш вярнулася ў Вімпэрк

Сляды лёсу Ларысы і Яна Геніюшаў зноў знойдзеныя ў чэшскім мястэчку Вімпэрк. Да юбілею паэткі ў адной з вежаў замку тут адкрылася выстава.

Сляды лёсу Ларысы і Яна Геніюшаў зноў знойдзеныя ў чэшскім мястэчку Вімпэрк. Да юбілею паэткі ў адной з вежаў замку тут адкрылася выстава.

Чэшскі сенатар Томаш Ірса ў сваім выступе з нагоды вернісажу выказаў перакананне, што чэхаславацкая дзяржава, выдаючы Геніюшаў у СССР, зрабіла памылку. Пераезд Геніюшаў з Прагі ў Вімпэрк пад канец 1947 года не быў уласна іх рашэннем. Ад 1945 года савецкія ўлады дабіваліся выдання Геніюшаў, ставячы ім у віну “антысавецкую нацыяналістычную дзейнасць” падчас вайны. Калі паэтка не паддалася на ўгаворы аб пераездзе, пачаліся спробы яе фізичнага выкрадання. Геніюш у адчаі піша ліст з просьбай аб абароне на імя прэзидэнта Эдварда Бэнэша, а таксама амерыканскага пасла ў Празе Лорэнса Стэйнгарта. Заступніцтва гэтых асобаў падаравала ім яшчэ некалькі гадоў на волі. У 1947 годзе ўся сям’я атрымала грамадзянства Чэхаславаччыны, а доктара Геніюша перавялі далей з Прагі ў той самы Вімпэрк.

Дом на вул. д-ра Бэнэша, 161 у Вімпэрку, дзе жылі Ларыса і Янка Геніюшы

Мястэчка было на самай мяжы з Нямеччынай, і, як здагадвалася Ларыса Антонаўна, чэхі думалі, што доктар, аднойчы паехаўшы на выклік, мог лёгка заблудзіць і апынуцца па той бок мяжы... На выклікі разам з мужам, як правіла, выпраўлялася і яго жонка. Паводле ўспамінаў Геніюш выглядае, што часта яна замяняла мужу медсястру. Сын Юрка застаўся ў Празе ў сям’і знаёмых – мусіў закончыць гімназію. Доктар Геніюш, аднак, ні пра якую эміграцыю на захад чуць не хацеў – ён цешыўся з свайго новага грамадзянства і аддана выконваў сваю працу. Па Геніюшаў прыйшлі ў іх вімпэрскую кватэру позна ўвечары 5 сакавіка 1948 года. Мінула усяго некалькі дзён пасля прыходу да ўлады ў Чэхаславаччыне камуністаў (так званы лютаўскі пераварот 48-га). Гэтым разам тэлеграма з Масквы спрацавала хутка. Мужа і жонку пасадзілі пад арышт у адной з вежаў Вімпэрскага замку. У мемуарах Геніюш успамінае: “ У бруднай, зялёнай ад плесені камеры на памосце, пакрытым мятай саломай, сядзелі дзьве маладыя немкі за пераход граніцы, якая была побач. Я села і толькі цяпер усведаміла сабе ўсю трагедыю адзінокага свайго дзіцяці ў гэтым горадзе і ў гэтым народзе, болей ужо ні аб чым думаць не магла…” 13-гадовы Юрка Геніюш з гэтай хвіліны фактычна быў разлучаны з бацькамі. Іх неўзабаве этапіруюць у Пісэк, потым у Прагу, адтуль выдадуць Саветам. У Чэхію Геніюшы ўжо ніколі не вернуцца, грамадзянства іх пазбавяць праз некалькі месяцаў пасля яго атрымання… Усе гэтыя факты ў сучасным Вімпэрку былі прызабытыя. Калі пра іх даведаўся кашталян замку Антанін Дворжак, ён вырашыў, што сляды трагічнай гісторыі Геніюшаў будуць адноўленыя. Першай крыніцай для яго былі мемуары “Споведзь”, а таксама мясцовая хроніка ды апытанне старэйшых жыхароў. Версія – дзе ж была тая камера з саломай і зялёнай цвіллю – правяралася некалькі разоў. Урэшце, па ўзважанні ўсіх дэталяў, кашталян лакалізаваў ў якасці месца зняволення вось гэтае памяшканне.

Ужо пад арыштам Янка Геніюш у 1948 годзе адзначыў і свой дзень нараджэння (8 сакавіка). У Вімпэрку адбыліся першыя допыты. Сярод экспанатаў выставы ўпершыню былі прадстаўленыя грамадскасці пратаколы допытаў, знойдзеныя ў Нацыянальным архіве Чэхіі. Гэта вынік карпатлівай даследчыцкай працы беларусісткі Францішкі Сокалавай, якая была аўтаркай канцэпцыі выставы. У вежы замку прагучаў і новаперакладзены ёю на чэшскую мову верш Геніюш той паваеннай пары “Чужыя хвоі”. Сваё слова сказалі і беларускія літаратары Андрэй Хадановіч, Барыс Пятровіч. А Антон Рудак, які стаў пераможцам конкурсу Пэн клубу, прысвечанага юбілею Геніюш, прызнаўся, што і нарадзіўся ён у адзін дзень з паэткай, толькі на 80 гадоў пазней.

Намеснік старасты Вімпэрку Богуміл Пэтрашэк парадаваў беларусаў такой высновай: “Дагэтуль не так шмат людзей міжнароднага маштабу жыло ў нашым малым Вімпэрку. Цяпер мы ведаем, што тут была Ларыса Геніюш...”

Фрагмент выставы

На адкрыцці выставы выступае сенатар Томаш Ірса

Кашталян замку А.Дворжак (другі справа) праводзіць экскурсію для беларусаў

У замкавых сутарэннях

Альгерд Бахарэвіч, Максім Жбанкоў, Барыс Пятровіч

Алена Ціхановіч, "Радыё Свабода"


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение