Ялфімаў заваяваў пяць залатых медалёў на спеўным чэмпіянаце ў ЗША

Беларуская каманда заваявала некалькі ўзнагарод на Сусветным чэмпіянаце выканальніцкіх відаў мастацтва ў Лос-Анджэлесе (ЗША). Пра гэта БелаПАН паведаміла кіраўнік каманды Маргарыта Корзун.Так, паводле яе слоў, вакаліст Пётр Ялфімаў атрымаў пяць залатых і адзін сярэбраны медаль у розных намінацыях. 15-гадовая вакалістка Дзіяна Громава з Гомеля ўзнагароджана двума залатымі і адным бронзавым медалём, ансамбль "Палеская зорачка" заваяваў тры залатыя медалі. "Выступленне нашай каманды можна назваць бліскучым", — сказала Корзун.Разам з тым, паводле яе слоў, галоўныя ўзнагароды — тытулы "Гранд-чэмпіён свету" — атрымалі вакалісткі з Філіпін (у старэйшай узроставай катэгорыі) і ЗША (у малодшай).Фінал Сусветнага чэмпіянату выканальніцкіх відаў мастацтва прайшоў у Лос-Анждэлесе 23 ліпеня. Пры гэтым у яго выйшлі тры з чатырох удзельнікаў беларускай каманды. Выступіць у фінальным шоу не ўдалося толькі баяністу Паўлу Неўмяржыцкаму.Чэмпіянат прайшоў у ЗША ў 14-ты раз. У ім удзельнічалі прадстаўнікі 52 краін. У рамках чэмпіянату спаборніцтвы праходзяць прыкладна ў 60 намінацыях у васьмі ўзроставых катэгорыях.Як паведаміла Корзун, беларуская каманда вернецца ў Мінск 2 жніўня. Да гэтага часу яна плануе правесці творчыя сустрэчы з беларускай, польскай, рускай дыяспарамі, а таксама шэраг сустрэч з агентамі, прадзюсерамі і прадстаўнікамі шоу-індустрыі з мэтай прасоўвання беларускіх выканаўцаў.

nn.by