Пачаўся "польскі семестр" Беларускага гуманітарнага ліцэя

Вучні Беларускага гуманітарнага ліцэя разам з надыходам канікулаў пачалі летнюю сесію ў Польшчы. Некалькі дзесяткаў вучняў прыехалі ў Варшаву па запрашэнні Клуба каталіцкай інтэлігэнцыі.

Аб гэтым паведаміў дырэктар ліцэя Уладзімір Колас.

-  Мы выкарыстоўвае гэта, безумоўна, і дзеля таго, каб пабыць усім разам у нармальных умовах, і выкарыстаць тое, што мы можам вучыцца ў нармальных класах, у нармальных лабараторыях, і такім чынам выканаць пэўны аб'ём школьнай праграмы, які патрабуе абсталявання адпаведнага і адпаведных памяшканняў. Акрамя таго, гэта цэментуе наш калектыў, гэта для іх вельмі важна, каб і далей вытрымліваць навучальны год у Беларусі, дзе ўмовы не настолькі камфортныя.

Як паведаміў Уладзімір Колас, першыя два тыдні  ліпеня ліцэісты правядуць ў Варшаве.  Чарговыя  два - у Гданьску. Не выключана, што вучні коласаўскага ліцэя змогуць і ў гэтым годзе правесці нейкі час ў Народным універсітэце імя Яна Ліпскага ў Тэрэмісках. Дырэктар ліцэя паведаміў таксама, што з органамі Гданьскага самакіравання ўжо падпісана дамова аб тым, што вучні ліцэя змогуць правесці восеньскую сесію ў верасні, карыстаючыся памяшканнямі Гданьскай школы экалагічнай інжынерыі.

Валянціна Лаеўская, "Радыё Рацыя"