"Беларусы Расіі" перададуць Беларусі лічбавыя копіі карцін з былой сядзібы Юліана Нямцэвіча

У гэтым годзе федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія "Беларусы Расіі" (Масква) плануе перадаць Беларусі лічбавыя копіі палотнаў з былой сядзібы вядомага паэта, гiсторыка і ўдзельніка нацыянальна-вызвольнага паўстання 1794 года супраць рускага царызму Юльяна Нямцэвіча ў вёсцы Скокі Брэсцкага раёна.

Пра гэта паведаміў БелаПАН старшыня грамадскага аб'яднання Валерый Казакоў. Па яго словах, у 1915 годзе, калі фронт Першай сусветнай вайны набліжаўся да Скокаў, з сядзібы быў вывезены увесь збор мастацкіх каштоўнасцяў Нямцэвічаў, у тым ліку пяць партрэтаў алеем, сярод якіх - выявы польскіх каралёў Стэфана Баторыя і Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Як адзначыў Казакоў, партрэты знаходзяцца ў фондах Калужскага абласнога мастацкага музея. Па яго словах, дасягнута дамоўленасць з міністрам культуры Калужскай вобласці Аляксандрам Ціпаковым аб вырабе лічбавых копій жывапісных твораў на палатне з наступнай перадачай Рэспубліцы Беларусь. Варта адзначыць, што ў двухпавярховым каменным будынку былой сядзібы Нямцэвічаў у Скоках зараз вядуцца рэстаўрацыйныя працы з перспектывай размяшчэння ў адноўленым помніку архітэктуры барока канца XVIII стагоддзя літаратурна-мастацкага музея. Сядзібу акружае паркавы ансамбль - помнік садова-паркавага мастацтва пейзажнага стылю канца XVIII - пачатку XIX стагоддзяў. Напярэдадні падпісання Брэсцкага мірнага дагавора, заключанага РСФСР з Германіяй, Аўстра-Венгрыяй, Балгарыяй і Турцыяй 3 сакавіка 1918 года, у сядзібе Нямцэвічаў вяліся перамовы дэлегацый Савецкай Расіі і Чацвярнога саюза.

Марат Гаравы, “БелаПАН”