Амерыканскія школьнікі танчаць пад "Старога Ольсу"

У Паўднёва-Заходнім каледжы (штат Канзас, ЗША) адбыўся летні музычны фэст для амерыканскіх школьнікаў. 9 чэрвеня, у рамках фэсту, магістранткі Алена Рыдзеўская, Валерыя Міхалевіч і выкладчыца Паўднёва-Заходняга каледжу Надзея Сычугова (Цэнтар Беларускіх Даследванняў) зладзілі прэзентацыю беларускай музычнай культуры.

Амерыканскія падлеткі даведаліся пра багацце беларускіх музычных жанраў самых розных перыядаў і пачулі музычныя прыклады ад аўтэнтычнай манеры выканання да класічнай. Акрамя гэтага, яны паспрабавалі праспяваць па нотах духоўны гімн Беларусі "Магутны Божа" і "Купалінку", а пасля ўсе разам станчылі пад беларускую сярэднявечную музыку гурта "Стары Ольса". Сапраўды, для музыкі не існуе межаў.

Надзея Сычугова, "Наша Ніва"