Фільм, зняты Мікалаем Ваўранюком і Томашам Янулісам з беластоцкай рэдакцыі тэлеканалу “Белсат”, атрымаў узнагароду ў катэгорыі фільм-рэпартаж “за паказванне, наколькі важным, хоць і небяспечным ёсць вядзенне прыватнага бізнесу ў Беларусі”.
“Толькі не пра палітыку, бо гэта небяспечна” – такія словы можна часта пачуць у Беларусі. Парадаксальна, што за апошнія 15 гадоў у турмы трапілі значна больш бізнесоўцаў, чымся палітычных актывістаў.
Як уладальнік шапіку на гарадзенскім рынку Валерый Леванеўскі добра ведае цяжкасці, з якімі сутыкаюцца прадпрымальнікі. Ён балюча адчуваў кожнае закручванне гаек, кожны новы падатак, чарговыя фармальныя патрабаванні.
Пратэстуючы супраць дзеянняў уладаў, якія ўскладнялі гандаль, ён зрабіўся вядомым у Беларусі лідэрам прадпрымальнікаў. На ягоны заклік тысячы гандляроў зачынялі свае шапікі, а рынкі беларускіх гарадоў зрабіліся цэнтрам акцыяў пратэсту. Гэта прывяло яго проста за краты.
“У журы фестывалю працавалі не толькі асобы, звязаныя з тэлебачаннем ці кіно, але і людзі бізнесу, – гаворыць аўтар фільму Мікалай Ваўранюк. – Я мяркую, што ў прызнанні ўзнагароды майму фільму сыграла ролю салідарнасць польскіх бізнесоўцаў з беларускімі прадпрымальнікамі”.
Узнагарода за фільм "Пад прыцэлам улады" – ужо другая на фестывалі BAZAR, атрыманая тэлеканалам "Белсат". Летась у Познані адзначылі эканамічную праграму "Сальда".
Прэс-служба тэлеканалу “Белсат”