Беларускі дэсант у Канах

Сам Сяргей Лазніца — ураджэнец Баранавічаў, вучыўся ў Кіеве і Маскве, здымаў стужкі ў Расіі, а цяпер жыве ў Нямеччыне. Галоўную ролю ў ягоным фільме сыграў актор мінскага Тэатра юнага гледача Віктар Немец, а гукааператарам быў беларускі творца Уладзімір Галаўніцкі.
Лазніца — сябар рэжысёра Віктара Аслюка, на мінскай кватэры якога Лазніца мантаваў некаторыя свае дакументальныя стужкі.

Сяргей Лазніца на здымках фільму «Шчасце маё»Фота з сайту festival-cannes.com

Лазніца марыў экранізаваць быкаўскую аповесць "У тумане", але ніхто не хацеў даваць на яе грошы. Першая ігравая стужка Лазніцы "Шчасце маё" пастаўленая рэжысёрам па ўласным сцэнары.

Гэта метафізічна-змрочны ігравы фільм пра кіроўцу, які збіўся з дарогі ў расійскай правінцыі і, сутыкаючыся з тутэйшымі, заглыбляецца ў сэрца зла. Фільм пастаўлены ва Украіне, на украінскія і нямецкія грошы.

Шакаваная канская публіка ўспрыняла стужку як фільм жахаў, але Лазніца адштурхоўваўся ад рэальных гісторый, якія чуў, калі здымаў свае дакументальныя фільмы.

Інтрыгай Канскага фэсту было сутыкненне фільма Лазніцы з карцінаю Міхалкова "Стомленыя сонцам — 2". Калі б Лазніцу ўзнагародзілі, гэта выклікала б дзікі скандал. Як напісаў у інтэрнэт-дзённіку кінакрытык Сяргей Кудраўцаў, «фільм «Шчасце маё», які меў добрыя водгукі ў выданнях розных краінаў, пацярпеў ад нежадання бачыць Каны разбамбаванымі ў выніку пачатку самай вялікай з войнаў — міхалкоўскай».

Старшыня журы Цім Бёртан, ужо запрошаны Міхалковым у Маскву, тактоўна ўхіліўся ад палітычнага выбару, паліткарэктна ўзнагародзіўшы «Залатой галінай» тайскага рэжысёра Апічатпонга Вірасетакула за фільм «Дзядзька Бунмэ, які памятае свае былыя жыцці».

Француз Мацье Амальрык атрымаў прыз як найлепшы рэжысёр з карцінаю «Гастролі».

Жульет Бінош і Хаўер Бардэм былі ўзнагароджаныя як найлепшыя акторы — у фільмах Абаса К’ярастамі і Алехандра Гансалеса Іньярыту. Карціна пра беларускіх эмігрантаў у Бельгіі «Нелегал» Аліўе Масэ-Дэпаса, прадстаўленая ў двухтыднёвіку рэжысёраў, была адзначаная адмысловым прызам кампазітараў.

Андрэй Расінскі, "Наша Ніва"


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение