Беларусы ва ўсім свеце салідарныя з Польшчай

"Шчыра спачуваем усяму польскаму народу ў сувязі з цяжкім горам. Мы смуткуем разам з вамі, дарагія сябры!” Гэтак рэагуюць беларусы, што жывуць у Польшчы, а таксама ва ўсім свеце, на трагедыю.

"Шчыра спачуваем усяму польскаму народу ў сувязі з цяжкім горам. Мы смуткуем разам з вамі, дарагія сябры!” Гэтак рэагуюць беларусы, што жывуць у Польшчы, а таксама ва ўсім свеце, на трагедыю.

Івонка Сурвілла, старшыня Рады БНР: Думкамі мы сёння з усімі нашымі польскімі прыяцелямі. З вялікім болем даведалася пра страшэнную трагедыю, якая напаткала сёння польскі народ. Ад імя Рады БНР хачу выказаць глыбокае спачуванне польскаму народу. Думкамі мы сёння з усімі нашымі польскімі прыяцелямі, якія столькі зрабілі апошнімі гадамі, каб памагчы Беларусі ўва ўсіх галінах жыцця.

Размова са старшынём Беларуска-амерыканскага задзіночання (БАЗА) Вячкам Станкевічам была нядоўгая з прычыны таго, што з моманту трагедыі, што напаткала польскі народ, яшчэ мінула занадта мала часу, каб гаварыць пра палітыку або рабіць прагнозы развіцця польска-беларускіх адносінаў. Не ёсць пэўным, кажа сп. Станкевіч, што нейкія змены ўвогуле могуць адбыцца. Спадар Станкевіч далучаецца ў жалобе да Польшчы.

Вячка Станкевіч, старшыня Беларуска-амерыканскага задзіночання: У параўнанні з тым, што робіцца ў Варшаве, дзе мора кветак і людзей, тут такога няма. Амерыканскія мэдыі штодня падаюць новую інфармацыю. Гэта была падзея нумар адзін. Цяпер увага прысвячаецца таму, ці будуць змены ў дачыненнях польска-расійскіх. Хоць не прадбачваецца такога. Галоўнаю навіною гэта будзе яшчэ некалькі дзён.

Прэзідэнт Лех Качыньскі асабіста ўручыў Кавалерскі крыж Ордэна Адраджэння Польшчы прадстаўнікам беларускай меншасці ў Польшчы гісторыку Алегу Латышонку і старшыні Беларускага саюзу ў Польшчы Яўгену Вапу.

Алег Латышонак, гісторык: Гэтую высокую ўзнагароду ўручаў асабіста прэзідэнт Лех Качыньскі. Быў цікавы момант, бо я маю вельмі высокі рост, а прэзідэнт Качыньскі быў невысокі, дык журналісты нават паўскаквалі з месцаў, каб паглядзець, што з гэтага атрымаецца. Але ўсё было вельмі добра. Лех Качыньскі за ўвесь час урачыстасці першы раз усміхнуўся і сказаў: “Які вялікі вы выраслі”. Вельмі па-чалавечы. Потым Лех Качыньскі падышоў да нас, мы паразмаўлялі. У мяне ёсць здымак з прэзідэнтам.

Кандыдат філалагічных навук Алесь Жлутка - лаўрэат узнагароды імя Льва Сапегі атрымаў дакумент за подпісам прэзідэнта Леха Качыньскага 4 красавіка мінулага года ў Варшаўскім універсітэце. Ягоная стажыроўка ў Польшчы працягваецца, зараз ён знаходзіцца ў Познані, дзе са смуткам даведаўся пра трагедыю.

Алесь Жлутка, філёляг: Купіў кветкі, паклаў каля крыжа на памяць ахвяраў Катыні, тут у Познані. Тут вельмі шмат знічоў гарыць зараз. Хто б мог падумаць, што такое здарыцца! Збіраюся прыехаць у Варшаву на пахаванне.

Для Алеся Жлуткі, як і для шмат каго з беларускіх патрыётаў, смерць прэзідэнта Леха Качыньскага – вялікая страта.

Узнагарода імя Льва Сапегі за галоўную мэту ставіць уганароўванне асобаў развіццё грамадскай супольнасці ў Беларусі, а таксама за будаванне незалежнай і дэмакратычнай Беларусі, накіраванай у бок Еўропы.

Сёлетні лаўрэат Уладзімір Ляхоўскі, атрымліваючы ўзнагароду, літаральна некалькі дзён таму паціснуў руку шэфу Канцылярыі прэзідэта Уладыславу Стасяку.

Уладзімір Ляхоўскі, гісторык: Гэта шок. Калі я даведаўся пра катастрофу, я яшчэ спадзяваўся, што Уладыслаў Стасяк не паляцеў у тым самалёце, што, можа быць, яго затрымаў гэты ўдзел у цырымоніі ўзнагароды імя Льва Сапегі. А потым убачыў яго фотаздымак сярод загінулых. Я ўсклаў кветкі да польскай амбасады ў Мінску, шкада, што тут няшмат людзей. Лічу, што Беларусь таксама павінна абвесціць траўр.

Разам з усім польскім народам беларусы, якія жывуць у Кракаве, Вроцлаве, Гданьску, Беластоку смуткуюць і на знак сваёй салідарнасці, на знак спачування моляцца, запальваюць знічы, нясуць кветкі да важных месцаў ушаванання памяці, якія ёсць у кожным горадзе.

Ініцыятыва кракаўскіх беларусаў “Беларуская альтэрнатыва”, якая правяла ўжо не адзін беларускі канцэрт на старым рынку гэтага старажытнага горада, прыпыніла на час смутку і жалобы ў Польшчы сваю дзейнасьць. Пра гэта расказаў Віктар Іваноў.

Віктар Іваноў: Шмат дзе ў польскіх гарадах сярод жалобных знічоў і свечак побач з польскім сцягам відаць і бел-чырвона-белыя сцягі. Беларусы, якія жывуць у Польшчы, выказваюць сваю салідарнасць, падзяку ды смуткуюць разам з усёй Польшчай.

Г.Ж., "Польскае радыё для замежжа"


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение