У Коўне ўшанавалі стваральніка бел-чырвона-белага сцяга

У Літве з нагоды 92-х угодкаў БНР пачаліся імпрэзы, прысвечаныя Дню Волі. Апрача традыцыйных мерапрыемстваў, звязаных з памяццю аб віленскіх старонках у гісторыі БНР, сёлета актывісты правялі імпрэзы ў Коўне, дзе ўзгадалі ковенскіх дзеячоў БНР, Вацлава Ластоўскага і Клаўдзіюша Дуж-Душэўскага, дыпламата, аўтара эскіза бел-чырвона-белага сцяга.

Мемарыяльная дошка на доме ў Глыбокім, дзе нарадзіўся Клаўдзій Дуж-Душэўскі, 24 сакавіка 2008 года

У Літве з нагоды 92-х угодкаў БНР пачаліся імпрэзы, прысвечаныя Дню Волі. Апрача традыцыйных мерапрыемстваў, звязаных з памяццю аб віленскіх старонках у гісторыі БНР, сёлета актывісты правялі імпрэзы ў Коўне, дзе ўзгадалі ковенскіх дзеячоў БНР, Вацлава Ластоўскага і Клаўдзіюша Дуж-Душэўскага, дыпламата, аўтара эскіза бел-чырвона-белага сцяга.
Сёлета імпрэзы з нагоды Дня Волі пачаліся напярэдані 25 сакавіка ў Коўне, якое да другой сусветнай вайны было сталіцай незалежнай Літвы. 24 сакавіка ва ўніверсітэце імя Вітаўта Вялікага прайшла дыскусія "Чаму беларусы не святкуюць 25 сакавіка?" з удзелам прадстаўнікоў Еўрапейскага гуманітарнага і Гарадзенскага ўніверсітэтаў. Моладзевыя актывісты, студэнты сёлета нагадалі пра ковенскія старонкі гісторыі БНР і яе дзеячоў. У Літве склаўся сваеасаблівы культ віленскай гісторыі, віленскіх дзеячоў, заўважае новаабраны старшыня Таварыства беларускай мовы Віленскага краю Юрась Юркевіч, ён заклікае вяртаць памяць пра Коўна і яго дзеячоў, такіх як, Вацлаў Ластоўскі і выбітны дыпламат БНР Клаўдзіюш Дуж-Душэўскі (1891–1959):"Не трэба на гэта забывацца, бо ёсць адна важная рэч наконт гісторыі БНР, як і наогул нашай гісторыі палітыкі: у нас шмат было дзеячоў у белых кашулях у Беларускай Народнай Рэспубліцы, якія шмат гаварылі, мелі шмат выступаў, але не так шмат чаго рабілі. І вось як раз Дуж-Душэўскі — гэта чалавек, які шмат чаго дасягнуў. У яго ёсць канкрэтныя дыпламатычныя поспехі, за якія яго можна шанаваць. Ён сапраўды меў прызнанне, як я чытаў з успамінаў міністра замежных спраў, напрыклад, якія захоўваюца у Нацыянальным архіве Эстоніі, што Дуж-Душэўскі пакідаў аб сабе настолькі прыстойнае ўражанне, што знікалі ўсе сумневы наконт Беларускай Народнай Рэспублікі".Юрась Юркевіч адзначыў, што менавіта дзякуючы Дуж-Душэўскаму незалежнасць БНР была прызнаная Эстоніяй і Фінляндыяй, і ў Таліне была адкрытая амбасада БНР, гэтаксама Эстонія падтрымлівала грашыма асобны атрад БНР на чале з Булак-Булаховічам. Разам з беларусамі Літвы напярэдадні свята магілу Дуж-Душэўскага ў Коўне наведалі актывісты "Беларускай Нацыянальнай памяці" з Польшчы. Дзякуючы ім на створанай БНП інтэрактыўнай мапе "Беларускія кропкі ў Еўропе" з'явяцца дакладныя каардынаты беларускіх памятных месцаў у Коўне, у тым ліку фактычна забытая магіла выбітнага дыпламата і стваральніка бел-чырвона-белага сцяга. Анатоль Міхнавец, кіраўнік "БНП": "Гэта постаць гістарычная, чалавек, які актуалізаваў бел-чырвона-белы сцяг у 1918-м годзе, і, на жаль, забытая. Адшукалі (нам сказалі, дзе яна знаходзіцца) магілу, запалілі там свечкі, прачыталі малітву. Памяць пра нашых герояў, пра змагароў павінна жыць, тады будзе жыць нашая гісторыя, будзе жыць нашая краіна, нашая нацыя, тады мы і будзем мець нарэшце нармальную дзяржаву. І будзем гаспадарамі на сваёй зямлі".У Вільні у гэты ж самы дзень, 24 сакавіка, актывісты віленскіх беларускіх арганізацый ушанавалі памяць братоў Луцкевічаў, Антона і Івана, пахаваных на Літарацкай горцы на могілках Росы. Святочныя імпрэзы ў Літве з нагоды Дня Волі будуць працягвацца да канца тыдня.

Таццяна Поклад, "Радыё Свабода"


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение