Bialorus.pl – каб палякі больш разумелі Беларусь

Людзей адной краіны цікавіць тое, што адбываецца ў краінах-суседках, але ў дачыненні да польска-беларускіх стасункаў не заўсёды гэтак было. Даволі доўга многія палякі мала што ведалі пра Беларусь. Цяпер сітуацыя значна змянілася.

Гэтаму паспрыялі розныя фактары, але ў тым ліку і інтэрнэт-рэсурс Bialorus.pl. Аб гэтым гутарым з кіраўніком Цэнтру грамадзянскай адукацыі „Польшча-Беларусь” Марцінам Рэмбачам.

Інтэрнет-рэсурс Bialorus.pl існуе ўжо каля дзесяці гадоў. Яго назва адразу раскрывае нам тэматыку, якой гэты рэсурс прысвячаецца. Як увогуле ўзнікла ідэя стварэння такога сайта?

Мы пачалі задумвацца над стварэннем гэтага сайту на пачатку 2001 года. Гэта быў час, які нельга параўноваць з сённяшнім, калі гаварыць пра зацікаўленасць польскіх СМІ беларускімі справамі. Можна сказаць, польскія газеты і польскія інтэрнэт-рэсурсы Беларуссю ўвогуле не цікавіліся. І гэта дакладна. Мы ведалі, што змяніць гэтую сітуацыю мы зможам увайшоўшы ў польскамоўную газетна-інфармацыйную прастору. Мы рабілі розныя рэчы, самі пісалі артыкулы ў польскія выданні, асабліва ў агульнапольскія. Але таксама мы разумелі, што важна даць польскім журналістам гэтую інфармацыю па-польску. Такой была наша місія, і гэтая місія ўдалася. Можна сказаць, што вельмі вялікая заслуга гэтага сайта, і нашай ранейшай дзейнасці ды мыслення ў тым, што сёння аб Беларусі ў Польшчы гаворыцца значна больш, чым тады. Але на той час, калі мы стваралі гэты сайт, у інтэрнеце было больш прасторы, былі меншыя патрабаванні да інтэрнет-рэсурсаў.

Значыць, прасцей было стартаваць з гэтай ідэяй?

Можна сказаць і так, але можна паглядзець на гэта з іншага боку. Сёння больш людзей, якія ўмеюць рабіць сайты. Аднак, трэба адзначыць і тое, што калі б мы не прыдбалі ў той час дамен Bialorus.pl і не змаглі яго ўтрымаць, дык сёння ён не належаў бы нам.Якой бачылася мэтавая група, на якую накіраваны гэты сайт? Ці гэтая мэтавая група адрозніваецца ад той, на якую сайт накіраваны зараз?

Так, адрозніваецца. Тут ёсць яшчэ і іншая справа – які сайт нам самім хацелася б рабіць. Напэўна, у той час, мы хацелі ствараць сайт для журналістаў, прысвечаны іх адукацыі па беларускіх пытаннях. Таксама, заўсёды шмат было кантактаў з людзьмі, якія займаюцца беларускім пытаннем у польскіх ВНУ. Узнікалі ўжо пытанні і аб эканамічных справах. Цяпер, калі з гэтым сайтам стартуем нанава, сітуацыя іншая. Мы дакладна ведаем, што хацелі б цяпер пісаць як найменш аб палітыцы, аб правах чалавека, бо аб гэтым польскія газеты даволі добра паведамляюць, калі нешта сапраўды важнае адбываецца ў Беларусі. Гэта наша адукацыя апошніх дзесяці гадоў прынесла такі эфект, можа, гэта нясціпла гучаць, але, напэўна, маю права так лічыць, што прынамсі пэўную ролю мы ў гэтым адыгралі. Аднак, гэтых тэмаў не ўдасца пазбегнуць, бо шмат што адбываецца ў нашых сяброў у Беларусі. Мы не можам замоўчваць тое, што адбываецца ў нашых сяброў, якія найчасцей, няма чаго скрываць, паходзяць з апазіцыйна-дэмакратычнага асяроддзя. Але найбольш нам хацелася б рабіць такі сайт, дзякуючы якому палякі лепш бы зразумелі Беларусь. Гаворка ідзе пра тое, каб людзі, якія цікавяцца культурай, турызмам, краязнаўствам ведалі, куды прыехаць адпачыць, якім чынам і г.д. Варта было б спрыяць развіццю бізнес-кантактаў, але гэта не вельмі ўдасца ажыццявіць цяпер. Але зацікавіць бізнесоўца мы можам. Праўда, каб зрабіць эксперцкі сайт, да чаго мы імкнемся, на гэта патрэбны грошы, якіх пакуль у нас няма. За апошнія тыдні, як мы ўзнавілі дзейнасць, я атрымаў шмат лістоў, дзе людзі пішуць, што іх цікавіць. Але трэба мець асобу, якая б магла над гэтымі пытаннямі папрацаваць ды даць адказы.

Гэтыя людзі, якія вам пішуць, з якіх яны рэгіёнаў?

З усёй Польшчы. Найбольш з Варшавы, потым Кракава, Беластока, Познані, Уроцлава. Гэтымі кропкамі, з якіх зафіксаваныя ўваходы на сайт, уся Польшча пакрытая даволі раўнамерна.

Чым можна патлумачыць вашу асабістую зацікаўленасць, і тых людзей, хто з вамі працуе, тым, каб такі рэсурс існаваў. Увогуле вы маеце нейкія беларускія карані?

Не, такіх каранёў у мяне няма. У Польшчы існуе такі стэрэатып, паводле якога, калі нехта займаецца беларускімі справамі, або дакладней польска-беларускімі, то ён альбо беларус, альбо ў яго беларускія карані. Гэта павінна быць абсалютна нармальна, што палякі цікавяцца беларусамі, так, як цікавяцца чэхамі (тыя, хто жыве бліжэй Чэхіі), ці нямецкай культурай, англійскай, амерыканскай. Гэта якраз праблема польскай культуры, што яна так слаба адкрыта на Беларусь. Таму місія нашага рэсурса вельмі важная. Я думаю, што палякаў трэба навучыць, з кім яны жывуць побач, якая насамрэч гэтая краіна Беларусь. Тады значна лягчэй будзе праводзіць у дачыненні да Беларусі і палітыку. Думаю, што ёсць некалькі такіх устаноў, міністэрстваў, якія павінны гэтаму паспрыяць дзяржаўнымі грашыма. Напэўна, гэта Міністэрства культуры, гэта нейкія аддзелы па эканамічным супрацоўніцтве. Думаю, што пазнаванне Беларусі – гэта ў інтарэсах Польшчы. Таму трэба шукаць такія дадатковыя сродкі.

Гутарыла Яна Запольская, "Радыё Рацыя"


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение