“Белфільм” зарэгістраваны ў Літве

У Літве зарэгістравана новая грамадская арганізацыя – “Белфільм”. Гэта міжнародная асацыяцыя беларускіх кінематаграфістаў, тэлевізійных работнікаў і усіх творцаў, звязаных зь відэапрадукцыяй.

Арганізацыя, як плануюць яе пачынальнікі, аб'яднае і тых, хто працуе ў Беларусі, і прадстаўнікоў розных краін, беларусаў або людзей іншых нацыянальнасцяў, звязаных з беларускімі тэмамі у відэавытворчасці.

Заснавальнікі аб'яднання расказалі радыё “Свабода”, што ў асацыяцыі прапануецца шматгранная праграма для ўсіх творцаў, звязаных і з кіно, і з тэлебачаннем, незалежна ад таго, у якіх структурах яны працуюць — дзяржаўных або грамадскіх, і працаваць плануецца ўва ўсіх напрамках, звязаных з беларускімі тэмамі ў відэавытворчасці. Беларускі рэжысёр-кінадакумэнталіст Алег Дашкевіч, адзін са стваральнікаў і старшыня асацыяцыі “Белфільм”, кажа, што вельмі істотны менавіта міжнародны характар арганізацыі, якая будзе цалкам адкрытая для ўсіх зацікаўленых у яе дзейнасці:
“Мы зацікаўленыя, каб людзі, якія падтрымліваюць беларускую ідэю, беларускую творчасць, беларускамоўную творчасць, з усіх краін – чым болей, тым лепей, – маглі спрабаваць праз асацыяцыю рэалізаваць свае магчымасці і задумы. Гэта самае галоўнае. Няважна, адкуль гэты праект прыйдзе, ці з Эстоніі, ці з Аўстраліі, самае галоўнае — каб быў выразны беларускі акцэнт”. Адзін з сузаснавальнікаў асацыяцыі, літоўскі журналіст, які працуе і з беларускай незалежнай тэлепрадукцыяй і дакументалістыкай, старшыня управы Інфармацыйнай палаты народаў Літвы “Інфорум” Віталь Каракорскі кажа, што ў Літве ёсць пэўныя ўмовы для стварэння такой асацыяцыі:
“У нас тут ёсць пэўная база, мы ўжо маем дамову гэтай асацыяцыі з Інфармацыйнай палатай народаў Літвы, і мы будзем супрацоўнічаць. “Інфорум” мае вельмі добрую базу тэхнічную, і мы можам ствараць фільмы, – а гэта галоўнае”.“Белфільм” заснавальнікам бачыцца своеасаблівай лабараторнай структурай, дзе б нараджаліся і афармляліся новыя ідэі, кажа Алег Дашкевіч: “Мне здаецца, што цяпер час адпавядае новаму. Вось зараз мусіць з'явіцца нешта новае, таму што стагнацыя ў творчым асяродку цяпер канчаецца. І ў гэтым сэнсе трэба адпавядаць новаму часу. Мне здаецца, што цяпер у людзей шмат новых ідэяў, якія, магчыма, і будуць рэалізаваныя пад дахам нашай асацыяцыі”. Асацыяцыя пакуль не мае свайго сайту. Як паведаміў старшыня асацыяцыі Алег Дашкевіч, “арганізацыйная частка яшчэ распрацоўваецца” і “неўзабаве адбудзецца прэзентацыя “Белфільму”, якая спачатку пройдзе там, дзе асацыяцыя нарадзілася — у Вільні”.
Таццяна Поклад, "Радыё Свабода"

Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение