Беларускія калектывы возьмуць удзел у пазаконкурснай праграме тэатральнага фестывалю "Залатая маска" ў Маскве

Беларускія калектывы возьмуць удзел у пазаконкурснай праграме "Маска плюс" тэатральнага фестывалю "Залатая маска" ў Маскве. Як паведамляе прэс-служба Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД, пазаконкурсная праграма "Маска плюс" акрылась 11 сакавіка пастаноўкай Новага Рыжскага тэатра (Латвія). Сёлета ў гэтай праграме ўдзельнічаюць таксама калектывы з Арменіі, Украіны, Расіі і Беларусі. Беларускія калектывы — Тэатр сучаснай харэаграфіі D.O.Z.S.K.I. і Тэатр танца "Каракулі" — пакажуць праграму "Сучасны танец з Беларусі". Іх выступленне запланавана 22 сакавіка на пляцоўцы Цэнтра імя Меерхольда. Пазаконкурсная праграма "Маска плюс" праводзіцца ў межах "Залатой маскі" другім разам. Паводле задумы арганізатараў, яна "дапаўняе асноўную, конкурсную праграму фестывалю, дэманструе разнастайнасць і рознанакіраванасць сучаснага тэатра". Пры выбары ўдзельнікаў "Маскі плюс" арганізатары абапіраліся на меркаванне членаў экспертных саветаў "Залатой маскі" і рэкамендацыі тэатральных крытыкаў. Падтрымлівае праграму "Маска плюс" Міждзяржаўны фонд гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД. Паводле слоў выканаўчага дырэктара фонду Армена Смбацяна, "тэатр краін Садружнасці становіцца ўсё больш прыкметны і набывае ўсё большую папулярнасць у публікі, у тым ліку ў патрабавальнай маскоўскай". У 2009 годзе ў "Масцы плюс" бралі ўдзел восем тэатральных калектываў з Арменіі, Беларусі, Казахстана, Узбекістана і Украіны. Паводле падлікаў арганізатараў, 15 паказаў спектакляў наведалі больш за пяць тысяч гледачоў.
Таццяна Дарашчонак, "БелаПАН"

Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение