У Бельску спаборнічаюць па беларускай мове

Васіль Быкаў – дэмаскатар вайны і сталінскіх злачынстваў” – пад такім лозунгам прайшоў цэнтральны этап 16-га выпуску алімпіяды беларускай мовы. У Бельскім беларускім ліцэі за званне лаўрэата змагаліся ліцэісты з самога Бельска, Гайнаўкі ды Беластока. Удзельнік: – Практыкаванні па граматыцы былі крыху цяжкаватымі, пераклад тэксту з польскай на беларускую – тут кожны, калі падумаў, зразумеў яго, дык і пераклаў. Агульна можна сказаць, што і не такая цяжкая была тая граматычная частка. Для пісьмовай працы былі чатыры тэмы – я, напрыклад, пісаў пра сталіншчыну ў „Аблаве” Васіля Быкава. Удзельніца: – Граматыка, на жаль, была намнога цяжэйшай, чым у папярэднім этапе алімпіяды. Тэкст для перакладу не быў такі страшны, як раней ім пужалі. Ну, і тэмы – калі хто рыхтаваўся, чытаў Быкава, дык не было яму цяжка. Удзельніца: – Не было нічога ані самага цяжкага, ані самага лёгкага. Калі чалавек рыхтаваўся, дык усё было простае... Журналіст: – Калі размова ідзе пра тэму Быкава, табе падабаецца гэты аўтар..? Удзельніца: – Мне ён не падабаецца, я не люблю перыяду вайны, калектывізацыі, сталінскіх рэпрэсіяў... Журналіст: Чаму людзі удзельничаюць у алімпіядзе беларускай мовы?Ян Карчэўскі (настаўнік беларускай мовы, Гайнаўка): – Яны вывучаюць беларускую мову ды, з аднаго боку, некаторыя хочуць паглыбляць свае веды, далей пазнаваць беларускую літаратуру, а з другога – калі становяцца ўжо фіналістамі або лаўрэатамі, дык гэта іх звальняе з матуральнага экзамена па беларускай мове. Акрамя гэтага, званне фіналіста або лаўрэата дазваляе ім, па-за афіцыйнай працэдурай, стаць студэнтамі многіх накірункаў шмат якіх прэстыжных вучэльняў у нашай краіне. Некаторыя таксама прыступаюць да алімпіяды ад чыстай цікавасці – яны некалі прачыталі нешта з беларускай літаратуры, корпаюцца ў гэтым далей, самастойна чытаюць летапісы... Журналіст: Чаму наогул удзельничаеце ў гэтай алімпіядзе? Варта гэта рабіць? Удзельнік: Думаю, што варта. Усе, хто тут прысутны – са школ з дадатковым навучаннем беларускай мовы. Усіх іх чакае матуральны экзамен па гэтай мове, а калі ты фіналіст, дык у цябе адразу 200% балаў. Мы таксама верым у тое, што запіс у дакументах пра наш удзел у алімпіядзе будзе нам карысны, калі мы ўжо разыдземся па вучэльнях, кожны на свой факультэт... Удзельніца: Я цікаўлюся беларускай мовай ды ў мяне гэта ўжо традыцыя – я прымала ўдзел і ў пачатковай школе, і ў гімназіі, дык вырашыла паспрабаваць сваіх сіл таксама ў ліцэі. Журналіст: Чаму нямнога удзельнікаў алімпіяды трапляе пазней на саму беларускую філалогію? Удзельніца: Існуе цяпер такі міф, што на беларускую філалогію паступаюць тыя, хто не змог патрапіць на ніякі іншы факультэт. Што можна рабіць пасля беларускай філалогіі? Можна стаць настаўнікам беларускай мовы і не надта болей... Аляксандр Баршчэўскі (старшыня арганізацыйнага камітэта алімпіяды): – Параўнаўча, добра выглядаюць вучні з Беластока, якія вучацца ў беларускім класе ў адным з беластоцкіх польскіх ліцэяў. Адчуваецца, што бацькі гэтых вучняў культывуюць беларускую мову ў хаце. Гэтага, мне здаецца, нельга сказаць ні пра вучняў з Бельска, ні з Гайнаўкі... Я думаю, што алімпіяда і атмасфера звязанай з ёй сустрэчы нейкім чынам уплываюць і на свядомасць яе ўдзельнікаў. У цэнтральным этапе алімпіяды беларускай мовы прынялі ўдзел 33 ліцэісты. Вынікі спаборніцтва ды лаўрэатаў арганізатары алімпіяды абвесцяць на наступным тыдні.

Міхась Сцепанюк, "Радыё Рацыя"


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение