Беларускі фрыстайліст Аляксей Грышын заваяваў залаты медаль Алімпіяды-2010

30-гадовы беларускі фрыстайліст Аляксей Грышын заняў першае месца ў фінале алімпійскіх спаборніцтваў ванкуверскай Алімпіяды. Гэта першы залаты медаль беларускіх спартсменаў за час выступлення на зімовых Алімпійскіх гульнях самастойнай камандай.

Па суме двух скачкоў Грышын набраў 248,41 бала. "Серабро" атрымаў амерыканец Джэрэт Петэрсан (247,21), "бронзу" — кітаец Лю Чжунцын (242,53). Цімафей Слівец заняў дзевятае месца (225,58), Дзмітрый Дашчынскі — 11-е (215,68) сярод 12 удзельнікаў. Пасля першай спробы Грышын быў другім (120,58), Слівец — шостым (115,84), Дашчынскі — 12-м (86,95). У другім скачку Дашчынскі паказаў другі вынік (128,73), Грышын — чацвёрты (127,83), Слівец — 12-ы (109,74). На Алімпіядзе-2002 у Солт-Лейк-Сіці Грышын заваяваў бронзавы медаль, а праз чатыры гады ў Турыне быў чацвёртым. Дашчынскі з'яўляецца бронзавым прызёрам АГ-1998 і сярэбраным — АГ-2006. У адпаведнасці з указам прэзідэнта № 636 ад 27 кастрычніка 2006 года "Аб некаторых захадах па падрыхтоўцы беларускіх спартсменаў да Алімпійскіх гульняў 2008 і 2010 гадоў" Аляксей Грышын атрымае за "золата" 100 тыс. долараў ЗША. За час выступлення на зімовых Алімпійскіх гульнях самастойнай камандай беларускія спартсмены яшчэ ніводнага разу не заваёўвалі больш двух медалёў. У 1994 годзе ў Лілехамеры было два "срэбра", у 1998-м у Нагана — дзве "бронзы", у 2002-м у Солт-Лейк-Сіці — адна "бронза", у 2006-м у Турыне — адно "срэбра". У Ванкуверы на рахунку прадстаўнікоў Беларусі тры медалі — залаты, сярэбраны (Сяргей Новікаў, біятлон) і бронзавы (Дар'я Домрачава, біятлон). Пасля перамогі Грышына ў агульным медальным заліку Беларусь паднялася з 23-га на 15-е месца, якое дзеліць са Славакіяй. Лідзіруюць ЗША (8, 12, 12), Германія (8, 11, 8) і Канада (8, 6, 2).
Дзмітрый Уласаў, "БелаПАН"

Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение