Беларускія мастакі ўдзельнічаюць у Шапэнаўскім пленэры

Пад  Седлецамі ў фальварку Масціброды пачаўся міжнародны мастацкі пленэр, прысвечаны 200-годдзю славутага польскага кампазітара Фрэдэрыка Шапэна.

У яго працы бяруць удзел і пяць беларускіх мастакоў – Аляксей Марачкін, Алесь Пушкін, Аксана Гайдукевіч, Леанід Родзька і Эдвард Галустаў.

Алесь Пушкін паведаміў, што ўжо пачаў пісаць тамтэйшыя краявіды, якія натхнялі славутага кампазітара. - Мы прыехалі ў Масціброды, гэта пяць кіламетраў ад Седліц. Тут ёсць фальварак. Тэма пленэра - "Шапэн - фарбамі заіграны", і прысвечаны ён 200-годдзю Шапэна. Вельмі важная дата. Нон-стоп слухаем музыку Шапэна. Я ўжо пішу тут з натуры цудоўны краявід - з маленькай рачулкай, з цёплым снегам, з пробліскамі ўжо сіняга пяшчотнага неба. Пленэр будзе доўжыцца сем дзён. У суботу 27 лютага ў фальварку Масціброды адбудзецца выніковая выстава. Пачатак імпрэзы а 19-й гадзіне.

Радыё Рацыя