Вечарына памяці Чэслава Немэна адбылася ў Беластоку

Песні Чэслава Немэна прагучалі  ў Беластоцкай універсітэцкай бібліятэцы імя Ежы Гедройца. Вечарыну, прысвечаную славутаму музыку беларускага паходжання, зладзілі Генеральнае консульства Рэспублікі Беларусь у Беластоку, універсітэт у Беластоку і Гродзенскі універсітэт ім. Янкі Купалы.

Песні Чэслава Немэна прагучалі  ў Беластоцкай універсітэцкай бібліятэцы імя Ежы Гедройца. Вечарыну, прысвечаную славутаму музыку беларускага паходжання, зладзілі Генеральнае консульства Рэспублікі Беларусь у Беластоку, універсітэт у Беластоку і Гродзенскі універсітэт ім. Янкі Купалы.

Вядучым імпрэзы выступіў вядомы музычны журналіст Зміцер Падбярэзскі:- Як ні дзіўна, у мяне няма ніводнага кампакт-дыска Чэслава Немэна, у мяне практычна ўсе яго вінілы ёсць. Я збіраў, я захапляўся, таму што для мяне гэта было адкрыццё, асабліва адкрыццё 70-га года, калі ён так знянацку змяніў кірунак, выйшаў на такую музыку, якая мяне проста па галаве, як кажуць, “сцебанула”. Калі я пачуў “Bema pamięci żałobny rapsod”, гэта для мяне было проста ўзрушэнне. Інтэрнэта тады не было. Я перапісваўся з некалькімі палякамі, мы мяняліся дыскамі, тым, што ў Савецкім Саюзе выходзіла. Яны мне дасылалі і джаз польскі, і Немэна ў тым ліку. Але быў першы канал польскага радыё, які прымаўся ў Мінску цудоўна. І вось у мяне ўвесь час гучала праграма польскага радыё, і Немэн у тым ліку. Гэта супер было. Аранжыроўку кампазіцый, якія прагучалі ў Беластоку, зрабіў заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Уладзімір Ткачэнка, былы ўдзельнік ансамбля “Песняры”, і ўжо 20 гадоў як артыст і аранжыроўшчык Дзяржаўнага канцэртнага аркестра:- Я імкнуўся ў дадзеным выпадку аранжыроўкі не чапаць. Яны ў прынцыпе гучаць амаль таксама. Мне здаецца, што яны не састарэлі. Я хацеў, каб захаваўся дух музыкі Чэслава Немэна. Ёсць меркаванне, што на творчасць Уладзіміра Мулявіна ўплываў Чэслаў Немэн. Ці вы пагаджаецеся з гэтым?

- У Чэслава Немэна быў настолькі рэдкі голас – драматычны тэнар. І падобны голас быў у Мулявіна. Трэцяга чалавека з такім голасам я назваць не магу. Ці чуў Чэслаў Немэн “Песняроў”, я сказаць не магу, але тое, што Мулявін слухаў Чэслава Немэна, то гэта сто працэнтаў, і, думаю, з цікавасцю глядзеў, як ён карыстаецца такім рэдкім голасам.

Творы Чэслава Немэна прагучалі ў выкананні эстраднага аркестра „Капрыз” Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта ім. Янкі Купалы і музыканта і кампазітара Пятра Ялфімава:

- У 2004-м годзе я прымаў удзел як канкурсант у міжнародным фестывалі “Славянскі базар” у Віцебску. І з творам “Dziwny jest ten świat” заваяваў Гран-пры. Я разглядаю творчасць Немэна як цэласны твор, як поўную гармонію думак, музыкі, вершаў, яго хваляванняў, таго, што акружае нас. Тое, што мы існуем, трэба ў гэта верыць, і напаўняць гэты свет той любоўю, якая абавязкова вернецца. Без гэтага немагчыма. Калі мы перастанем памятаць аб тым, што мы найперш людзі, усё завершыцца. Я думаю, што гэта была менавіта ідэя творчасці Чэслава Немэна.

Пасля завяршэння канцэрта, удзельнікі і госці імпрэзы мелі магчымасць паглядець дакументальныя фільмы беларускага і польскага рэжысёраў Веры Савінай і Яўгеніуша Шпакоўскага, прысвечаныя Чэславу Немэну.

 

Яна Запольская, "Радыё Рацыя"


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение