Беларуская калекцыя ў фінале міжнароднага конкурсу “Дызайн на Рэйне”

27-гадовая беларуская дызайнерка адзення Ганна Яцэвіч прадставіць сваю калекцыю ў фінальным шоў міжнароднага конкурсу “Design am Rhein” — “Дызайн на Рэйне”. Гэты ўсееўрапейскі конкурс традыцыйна праходзіць у сталіцы нямецкай моды Дзюсельдорфе.

27-гадовая беларуская дызайнерка адзення Ганна Яцэвіч прадставіць сваю калекцыю ў фінальным шоў міжнароднага конкурсу “Design am Rhein” — “Дызайн на Рэйне”. Гэты ўсееўрапейскі конкурс традыцыйна праходзіць у сталіцы нямецкай моды Дзюсельдорфе.

Read MoreРазам з дзевяццю іншымі фіналістамі конкурсу Ганна прадставіць свае ўласныя ідэі адносна іміджу сучаснай жанчыны ў сезоне “Восень-зіма 2010/11”. Дэвіз яе калекцыі: бывай, сум! Беларуская дызайнерка распрацавала варыянты жаночага офіснага адзення, якое, на яе думку, адпавядае стварэнню выключна творчай атмасферы ў кампаніі.

Трапіць у фінал конкурсу “Дызайн на Рэйне”, які адмыслоўцы называюць важнай прыступкай для міжнароднай fashion-кар’еры, не надта проста. За выхад у сёлетні фінал змагаліся 92 дызайнеры. Фіналістамі ж з іх сталі 10 маладых куцюр’е з шасці еўрапейскіх краін. А на самім фінальным шоў, 7 лютага, з іх ліку адбяруць пяцёх найлепшых. У артыкулах, прысвечаных “Дызайну на Рэйне”, крытыкі моды з Нямеччыны і Брытаніі аддаюць асаблівую ўвагу калекцыям дзвюх усходніх еўрапеек, якія атрымалі адукацыю ў дызайнеэрскіх вучэльнях Нямеччыны. Размова ідзе пра беларуску Ганну Яцэвіч і баснійку Андрэа Крысціч, якія, лічыцца, маюць найлепшыя шанцы.

На думку Ганны Яцэвіч, адзенне сучаснай жанчыны на працы ў офісе павінна быць накіравана выключна на стварэнне крэатыўнай атмасферы і гарантаваць эфектыўную працу, каб уладальнік фірмы быў задаволены. Дзеля дасягнення гэтай мэты Ганна Яцэвіч выкарыстоўвае ў дызайне два процілеглыя падыходы. Па-першае, гэта строгі мінімалісцкі крой, гэта абмежаваныя колеры — розныя варыянты чорнага тону плюс блакітныя, шэрыя, крэмавыя адценні. Тэарэтычна ўсё гэта павінна выглядаць вельмі афіцыйна. Аднак гэтага не адбываецца — дзякуючы другому дызайнерскаму прыёму, які звязаны з асаблівасцю новых тэкстыльных тэхналогій... Напрыклад, з лічбавым друкам на тканіне. З дапамогай такога друку можна атрымаць усе колеры вясёлкі. Офіснае адзенне Ганны Яцэвіч выглядае ў выніку вельмі цёплым і зусім не сумным. Як лічыць дызайнерка, рэчы, як і жыццё, не могуць быць заўсёднай перапрацоўкай рэтра. Яны павінны адлюстроўваць подых часу. Пагатоў людзям уласціва шукаць штосьці новае і свежае.

Адну з калекцый Ганны Яцэвіч можна ўбачыць тут.

Алена Струвэ, “Радыё Свабода”