У пошуках беларускіх слядоў

Вітаўт і Зора Кіпелі ў пошуках беларускіх слядоў аб'ехалі ўсе 50 штатаў Амерыкі. Аляска была апошнім штатам, які мы зьведалі ў чарадзе падарожжаў па Злучаных Штатах...

 

Вітаўт і Зора Кіпелі ў пошуках беларускіх слядоў аб'ехалі ўсе 50 штатаў Амерыкі.

Аляска была апошнім штатам, які мы зьведалі ў чарадзе падарожжаў па Злучаных Штатах, пачынаючы ад 1966 г. Пабывалі ва ўсіх штатах. Падарожжы плянаваліся мэтадычна, штат за штатам.

Пачынаючы ад Калядаў, даўгімі зімовымі вечарамі мы сядзелі зь дзецьмі за картамі, даведнікамі, кнігамі, расьпісваючы дэталі, вельмі дакладна, карпатліва, наступнага летняга падарожжа.

Відавочна, у кожную вандроўку зьведвалася некалькі штатаў, а трывалі яны ад 3‑х да 6‑ці тыдняў. Падарожнічалі пераважна ў машыне, летам, хоць у Гаваях, Каліфорніі мы бывалі і ў зімнія месяцы. У Гаваі, Каліфорнію, штаты Вашынгтон і Аляску мы даляталі самалётам, а там наймалі машыну. Мэтаю нашых падарожжаў было, ясна, зьведаньне Амэрыкі: ляндшафтаў, гарадоў, гістарычных мясьцінаў, нацыянальных паркаў, а таксама, дзе магчыма, прыгледзецца, ці няма беларускіх сьлядоў. Мушу таксама прызнацца, што мела на ўвазе й пэдагагічны фактар — доўгія гадзіны я праводзіла зь дзецьмі, гутарыла зь імі, разважала. Нешта мы рабілі разам!

Прыляцелі мы ў Аляску, у горад Сітка, з Сіэтлу (штат Вашынгтон) 12 жніўня 1975 г. У Сітку можна было толькі даляцець або даплысьці караблём, бо дарогаў шасэйных да яе не было: горад знаходзіцца на адным з астравоў архіпэлягу Аляксандра. Быў пахмурны, дажджлівы дзень. Аэрадром вельмі просты: з аднаго боку дарога й аэравакзал, з другога — дзьве досыць кароткія ўзьлётныя дарожкі, а за імі блізка лес.

Ніякае агароджы: вылез з самалёту ды ідзі куды хочаш. Навокал пустэльня.

Дзьве таксоўкі перад намі нехта ўзяў, і мы стаялі разгубленыя. Праўда, можна было ісьці у горад пешшу, будынкі гарадзкія былі відаць недалёка, але зьявіўся “таксіст‑аматар”, і за пару даляраў нас павёз у гатэль.

Першае, што нам трапіла на вочы ў гатэлі пасьля вельмі кароткае рэгістрацыі (проста расьпісацца ў кнізе), — інструкцыі на відных месцах як карыстацца печкамі (напаўэлектрычнымі, напаўгазавымі), бо начамі тут вельмі халодна, ды каб ня зьмерзнуць. Гэтаксама клерк, які нас вітаў у гатэлі, спытаў: “Вы прыляцелі зь ніжніх 48?” — выраз, які ў часе побыту ў Алясцы мы чулі вельмі часта. Тэрыторыю ЗША паміж Мэксыкай і Канадай на Алясцы называюць “lower 48”, маючы на ўвазе геаграфічнае разьмяшчэньне.

13 жніўня. Дзень сьвятлейшы. З акна гатэлю відаць лясістыя горы, невысокія, але вельмі панурыя. Зьведалі месца, дзе адбылася купля‑продаж Аляскі Расеяй Амэрыцы. Сітка заснаваная ў 1804 г. расейскім падарожнікам Аляксандрам Баранавым. Тут шмат мэмарыяльных дошак, напамінаў пра Баранава. Тут ёсьць каледж, спэцыяльныя марскія вучэльні. Адной з галоўных прычынаў нашага падарожжа ў Сітку было зьведаць стары праваслаўны прыход (катэдру) Сьв. Міхала. Вітаўт хацеў паглядзець сьпісы прыхаджанаў, мо, хто быў зь Беларусі. Але, на жаль, незадоўга перад тым царква Сьв. Міхала згарэла. Праўда, сьпісы мы пабачылі ў былым будынку праваслаўнае сэмінарыі, але дакладна там нічога ня было: адкуль паходзілі вернікі — вестак не давалася. На праваслаўных могілках таксама вестак аб земляках не знайшлі, хоць у друкаваных кнігах пра кампанію Аляксандра Баранава выхадцы зь Беларусі (“Северно‑Западного края”) зазначаюцца.

14 жніўня. Зь Сіткі невялічкім самалётам паляцелі ў горад Джуна — сталіцу Аляскі. Горад большы, але таксама гарысты. Адчуваецца сталічнасьць: больш адміністрацыйных будынкаў, у праліве вялікія караблі, шмат студэнтаў. У першы ж дзень зьведалі мясцовы тэатар пад адкрытым небам. Пастаноўка “Жыцьцё першапраходцаў золаташукальнікаў”. Выдатная ігра актораў.

На заканчэньне пастаноўкі — артысты разам з публікай вячэраюць. Мэню — смажаны салман зь мясцовае рэчкі.

Гэтая цырымонія цягнулася да гадзіны 11‑й. Незабыўнае ўражаньне, асабліва гутаркі з акторамі.

***

15 жніўня. Зьведалі мясцовы музэй, Гістарычнае таварыства Аляскі. У гэтым таварыстве ёсьць архіў М. З. Вінакурава (некалі — бібліятэкар у бібліятэцы Кангрэсу ў Вашынгтоне). Вінакураў быў знаёмы зь Язэпам Варонкам, і ў ягоным архіве ёсьць некалькі беларускіх лістовак. Наведаньне мясцовае праваслаўнае царквы дало нам сюрпрыз: настаяцель царквы — сьвятар, сэрб па нацыянальнасьці, быў некалі ў Нямеччыне, быў знаёмы з уладыкам Васілём і меў камплект часопісу “Голас Царквы”. Наагул быў добра асьвядомлены аб беларускім жыцьці.

16 жніўня. Вельмі рана, сонца толькі сьвятлела за гарызонтам, селі на караблік, каб ехаць у горад Скагўэй, а адтуль цягніком, пазьней машынай праз Канаду зноў у Аляску. Падарожжа на караблі — “лянівае”. Людзі ляжаць на “лонг‑шэзах”, дзеці пайшлі гуляць у пінг‑понг, а мы зь Вітаўтам назіралі за пустэльнымі берагамі і кожны аддаваўся сваім думкам. Ехалі гадзіны 4—5. Прычалілі ў Скагўэй — адна‑дзьве вуліцы й вялікая прыстань. Кінулася ў вочы, што ў гарадку шмат рабочых. На нашае запытаньне “Што тут робіцца?” адказ быў такі: гэты горад як бы галоўная кватэра будовы новае магістралі. На будоўлі занятыя некалькі тысячаў чалавек, а сюды работнікі прыяжджаюць як на адпачынак. Ніякіх “зьведваньняў” не рабілі, калі не лічыць рэстарану, дзе паелі цудоўныя боршч і катлеты.

17 жніўня. На спэцыяльным горапад’ёмным цягніку паехалі ў Канаду. Горы тут высокія, хоць парослыя лесам, але вельмі крутыя. Гэты цягнік, паўсталы зь веткі першапраходцаў, ідзе толькі раз у дзень да канечнае станцыі ў Канадзе ў горадзе Ўайтхорз (Whitehorse), і раз у дзень з Канады ў Амэрыку. Вагончыкі малыя, драўляныя, сьценкі ўсярэдзіне. Калі цягнік падымаецца ў горы, можна заўважыць у кожным вагоне нейкую мэханічную прыладу, як бы тормаз: на выпадак, калі б што сталася з галоўным цягачом, вагоны не “паляцяць” з гары. Пад’ём быў сапраўды круты, мо градусаў 30—40. Амаль паралельна трасе цягніка ішла будова новае аўтамабільнае дарогі. Як нас інфармавалі, апрача гэтага цягніка дарог тут няма. Геолягі, лесапрацаўнікі ідуць празь лес па компасах. Прыпушчаю, што гэта яшчэ адзін з рэгіёнаў сьвету амаль ня зьведаны, адкрыцьці мінэральных пакладаў, сыравіны могуць быць наперадзе.

Цікава: пераяжджаем з краіны ў краіну, а праверкі ніякай. Праваднік толькі прайшоў і сказаў: мы ўжо ў Канадзе.

18 жніўня. Горад Ўайтхорз — прыемны, чысты, наводдаль узвышша — горы. Тыповы горад амэрыканскага захаду. Нават у некаторых мясьцінах ёсьць адмысловыя месцы для навязваньня коней. Гэты горад — цэнтар тэрыторыі Юкон (Канада), а гадоў па‑над сто перад тым быў цэнтрам золаташукальнікаў. Ад канца XIX стагодзьдзя сюды ехалі тысячы першапраходцаў, творачы тое, што завецца “Кландайк — залатая ліхарадка”, якая, як сама тэрыторыя, гэтак і быт, апісаныя ўдзельнікам падзей Джэкам Лонданам. Дарэчы, у гэтым горадзе захаваўся і знаходзіцца ў выдатным стане дом, дзе жыў і пісаў Лондан і які мы наведалі.

Трэба сказаць, што памятных мясьцінаў, прысьвечаных гэтаму пісьменьніку як на тэрыторыі Юкон, гэтак і на Алясцы шмат, і турыстам аб тым напамінаецца.

Мы вельмі шкадавалі, што ў нас ня было беларускіх перакладаў Джэка Лондана, каб перадаць у бібліятэку, дзе зьбіраюцца пераклады ягоных твораў. У горадзе Ўайтхорз мы нанялі машыну й на наступны дзень яшчэ перад узыходам сонца паехалі на тэрыторыю Юкон, а празь яе да Аляскі.

19 жніўня. Мы ў дарозе. Трэба праехаць колькі сотняў міляў, каб уехаць у Аляску. Наш наступны й адзіны гарадок на шляху да Аляскі — Доўсан, амаль сярэдзіна тэрыторыі Юкон. Дарога да яго сапраўды пустэльная й дзікаватая. Гарысты рэльеф, вялізарныя лясы, ніякіх пасяленьняў. Толькі праз паўсотню‑другую міляў нешта падобнае на заправачную станцыю. Усьведамляем, што амэрыканскія машыны крэпкія, бакі на 25—30 галёнаў бэнзіну. Бальшыня дарогі — цэмэнтава‑асфальтная, але ёсьць перагоны й брукаваныя. Асабліва на крутых уздымах у горах, там брук паліты нейкай “смалой” ці мазутам, дык дарога цьвёрдая й роўная. На ўзбочынах паўнютка палявых кветак, і мы некалькі разоў спыняліся, каб нарваць сьвяжэйшых, але доўга быць вонкі машыны не маглі: заядалі вялізарныя камары.

Ехаць трэба асьцярожна, бо дарогу перабягаюць то ласі, то казулі, то якія іншыя зьвярыны.

Кіруе амаль заўсёды Вітаўт, я яго падмяняю толькі, каб даць адпачыць. У Доўсан мы прыехалі каля гадзіны 2—3‑й папаўдні. Тыпова каўбойска‑шахцёрскае мястэчка. Адна шырокая вуліца. Тое, што стварае цэнтар гораду, — вялікая крама, побач піўная, матэль, шэрыф. Людзей няшмат. Пераважна мужчыны ў шырокіх капелюшах, у ботах з бліскучымі высокімі абцасамі, скураных камізэльках. Рэвальвэраў з партупеямі я ня бачыла, але думаю, што яны ёсьць! Мы запаркавалі машыну, прайшліся ды выйшлі на ўскрай гораду, каб паглядзець на запусьцелы кар’ер, дзе некалі ішла прамыўка золата. Усё, як было й сто гадоў таму: той самы ручай, тыя самыя, толькі што паржавелыя, патэльні, тыя самыя, амаль разваленыя будынкі, але… няма людзей. Новыя людзі, відаць, пайшлі далей у горы?

У горадзе мы вырашылі не заставацца, а ехаць далей, яшчэ сёньня даехаць да Аляскі, праехаць яшчэ якую сотню міляў. Як і папярэдні адцінак дарогі, гэтая частка была вельмі дзікая. Зрабілі такое назіраньне: едучы гадзіны, сустрэлі мы толькі 8 машынаў, а ззаду мы ня бачылі ніводнае!

Да мяжы Канада—Амэрыка мы пад’ехалі а гадзіне 5‑й. Сонца было ўжо нізкавата. Пры пераезьдзе мяжы з аднаго й з другога боку было толькі адное пытаньне: “Вы з амэрыканскім пашпартам?” Вось і ўсё. На нашае пытаньне амэрыканскаму памежніку “Дзе нам можна будзе заначаваць?”, той адказаў:

“Можа, празь міляў 50 ці 100 нешта знойдзеце. Калі ж маеце намёт — то начуйце, дзе хочаце”.

Намётаў у нас не было, і мы паехалі далей. Праехаўшы міляў 60—65, мы пад’ехалі да мясцовасьці, якая на мапе абазначаная Chicken (“Курыца”). Там стаялі тры хаты, літаральна, і ўсе яны былі нежылыя. А было ўжо цемнавата. У “Курыцах” заставацца было немагчыма, і мы паехалі далей. Едучы вельмі памалу, а гадзіне 8—8:30 мы даехалі да мясцовасьці “Ток”, дзе спакойна ўздыхнулі: тут была і заправачная станцыя, і дзясятак дамкоў‑гатэляў для турыстаў, і крама.

20 жніўня. У дарозе да мясцовасьці Дэльта Джонктан. Цікавая навізна: па дарозе на ўзгорках відаць праваслаўныя крыжы. Як мы даведаліся пазьней, гэта месцапахаваньні экскімосаў, якія прынялі праваслаўную веру ад расейскіх місіянэраў. У Дэльта Джонктан трапілі па шасэ, званае “Аляска Хайвэй”, якое было збудаванае ў пачатку 1940‑х гадоў і злучае Брытанскую Калюмбію з Аляскай. Гэтая дарога вельмі, вельмі важная. Будаўніцтва Аляскінскае нафтавае магістралі — нафтаправоду —  у самым разгары. Рух грузавікоў бесьперастанны. Амаль таксама як на Нью‑Джэрзі‑Турнпайк.

21 жніўня. Прыехалі ўчора вечарам у горад Фэйрбанкс. Гэта вялікі мадэрны горад. Затрымаліся ў цэнтры. Тут усё страшэнна дорага. За ноч “Холідэй Ін” кошт пакою 150 даляраў. Такія цэны мы не прадбачылі, ну, але неяк выкруцімся. Першае, што мы наведалі, гэта бібліятэку. У каталёгу знайшлі тэму “Беларуская літаратура”, дзе былі кнігі Веры Рыч. Бібліятэкарка сказала, што ў мясцовым каледжы ёсьць больш кніг пра Беларусь, і яны маюць з каледжам праграму кнігаабмену.

У часе нашага там побыту ў горадзе праходзіў “Славянскі фэстываль”, і ў праграме была “Лявоніха”, але менавіта ў той дзень “Лявоніхі” не было. Праграмы мяняюцца ад дня да дня. Дарэчы, у фэстывалі бралі ўдзел мясцовыя групы з балетных школаў, каледжу й г. д. Прабылі ў горадзе два дні, паглядзелі мясцовыя выдатнасьці.

23 жніўня. Начуем у Фэйрбанксе. Але цэлы дзень прызначылі для палёту ў Пойнт‑Бароў — самы паўночны пункт кантынэнту. Адлёт самалёт (спэцыяльны аэрадром спэцыяльнае авіакампаніі) а гадзіне 6‑й раніцы. Палёт каля 3—3:30 гадзінаў. У самалёце 12—15 пасажыраў. Дзень выдаўся хмарны, але сонца час за часам праглядала. Праляталі мы сапраўды над горнай Аляскай. Глядзім на гэтую скалістую горна‑хрыбэтную масу й думаем: вось пакуль туды чалавек не дайшоў, але праз гадоў 50 і там будуць гатэлі. Як толькі прызямліліся, нам раздалі (часова) дабротныя паркі, бо былі вельмі моцныя вятры. Пойнт‑Бараў — невялічкая экскімоская вёсачка: адна крама, адна сталоўка, дзясятак дамкоў. Цікава, з чаго яны жылі раней, бо цяпер там багата пакгаўзаў з нафтавымі прыладамі — непадалёк канцавая база аляскінскага нафтаправоду. Гэта ўсё, напэўна, забясьпечвае працу мясцоваму жыхарству.

Падышлі да “берагоў” Ледавітага акіяну, купілі дзясятак сувэніраў, пераважна вырабы з аленевай скуры, ды паслухалі апавяданьні аб мясцовым жыцьці‑быцьці.

Назад у Фэйрбанкс вярнуліся а гадзіне 9‑й вечарам. На тым маленькім самалёце пазнаёміліся зь іншым турыстам — галоўным судзьдзём з штату Мэйн.

У сваёй судовай практыцы ён меў дачыненьні зь беларусамі‑амэрыканцамі. Малы сьвет!

Пры выхадзе з самалёту нам выдалі “граматы”, што мы былі за палярнай паралельлю: на “грамаце” было напісана “Перасеклі 70‑ю паўночную паралель”.

24 жніўня. Рушылі на поўдзень, “уніз” на горад Анкерадж. Дарога тут ішла паміж гарамі, але безь вялікіх пад’ёмаў, умерана, роўна. Дарога як бы дапасоўвалася да ляндшафту, амінаючы вялікія мясьціны. Затрымаліся каля парку, што наўкола гары МакКінлей, найвышэйшая кропка Паўночнай Амэрыкі, па‑над 6 тысяч мэтраў, назьбіралі чарніцаў. Дарэчы, у матэлі, дзе мы спыніліся, можна было самім гатаваць ежу, і мы два разы насмажылі грыбоў, якіх там наўкола поўна.

25—27 жніўня. Зьведалі горад Анкерадж. Былі ва ўнівэрсытэце, тэатры, кіно. У галоўнай бібліятэцы ёсьць “беларусіка” — кнігі Івана Любачкі, Антона Адамовіча, Веры Рыч, Уладзімера Сядуры. Юрка зьведаў скаўцкую арганізацыю, падараваў ім скаўцкія адзнакі з Нью‑Джэрзі. Важнай часткаю гораду — мэмарыяльны парк — памятка па вялікім землятрусе на Алясцы ў 1964 г. Значная частка гораду была разбураная разам з прыгарадамі. І ў адным з такіх прыгарадаў быў адчынены памятны парк: нічога не адбудоўвалася, усё пазарасло дрэвамі, хмызьняком.

28 жніўня. Зьлёталі ў горад Код’як на адным з астравоў поўдня Аляскі. Гэта горад марскі й рыбны. Прадпрыемствы па апрацоўцы рыбы — на кожным кроку. У рэстаранах дзясятак рыбных страваў. Зайшлі ў мясцовую праваслаўную царкву. Прыхаджане — выключна экскімосы, англамоўныя. Вітаўт распытваў, ці няма прыхаджанаў зь Беларусі або беларускага паходжаньня. Царкоўны стараста адпавёў, што цяпер беларусаў‑амэрыканцаў няма, але на мясцовых могілках яны могуць быць! Адведалі мы й могілкі. Судзячы па прозьвішчах на "скі" (а такіх там парадачна), выxадцы зь Беларусі маглі быць і ў гэтым горадзе.

29 жніўня. З гораду Анкерадж мы паляцелі ў Брытанскую Калюмбію, а там далей на поўдзень, як кажуць на Алясцы, у ніжнія 48.

Зора Кіпель, 1975 г.

Тэкст выдрукаваны ў новым нумары перыёдыка "Запісы БІНІМ" (№32, 2009)

“Наша Ніва”


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение