Прымежная супраца універсітэтаў

Праграма транспамежнага супрацоўніцтва аб’яднала ўніверсітэты Польшчы і Беларусі. У Беластоку цягам двух дзён сустракаюцца прадстаўнікі трох універсітэтаў -  Універсітэта ў Беластоку, Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і Берасцейскага дзяржаўнага унівірсітэта імя А.С. Пушкіна.

Асноўнай тэмай сустрэчы з’яўляецца абмеркаванне магчымасці ўдзелу трох універсітэтаў у рэалізацыі праектаў у рамках Праграмы  Трансгранічнага Супрацоўніцтва Польшча-Беларусь-Украіна 2007-2013.

Першы прарэктар Гарадзенскага ўніверсітэта Іван Бурлыка адзначыў, што сумесны старт у Праграме транспамежнага супрацоўніцтва – выдатная магчымасць для беларускіх універсітэтаў.

- Усё роўна мы імкнемся інтэгравацца ў еўрапейскую супольнасць, і гэтыя трансгранічныя праекты паслужаць таму, каб найперш лепш пазнаць адзін аднаго, валодаць больш канкрэтнай інфармацыяй адзін аб адным, развіваць супрацоўніцтва ў галіне культуры, навукі, бізнэсу і эканамкі.

Прарэктар Універсітэта ў Беластоку па супрацы з замежжам Беата Годлеўска-Жылкевіч адзначыла, што падрабязных дамоўленасцяў пакуль няма, але адчуваецца жаданне супрацоўніцтва ў розных галінах. Гарадзенцы прапаноўваюць супрацоўніцтва ў галінах эканомікі, гісторыі і права, а берасцейцы, ў сваю чаргу гавораць аб сумесных праектах з факультэтам беларускай філалогіі Універсітэта ў Беластоку.

 

Зміцер Косцін, "Радыё Рацыя"