Беларуская Каляда ў Любліне

Цяпер адным з самых актыўных беларускіх асяродкаў па-за межамі Бацькаўшчыны з’яўляецца Люблін (Польшча). У гэтым горадзе ва ўсходняй Польшчы знаходзяцца чатыры вялікія універсітэты, у якіх вучыцца значная колькасць выхадцаў з Беларусі.

Цяпер адным з самых актыўных беларускіх асяродкаў па-за межамі Бацькаўшчыны з’яўляецца Люблін (Польшча). У гэтым горадзе ва ўсходняй Польшчы знаходзяцца чатыры вялікія універсітэты, у якіх вучыцца значная колькасць выхадцаў з Беларусі

Дзякуючы дзейнасці беларускіх студэнтаў Люблін стаў адным з цэнтраў беларускага культурнага жыцця ў Польшчы.

Традыцыйная перадкалядная вечарына для беларусаў, якія воляй лёсу апынуліся за межамі айчыны, была арганізавана ў нядзелю 13 снежня. Спатканне ўжо другі год запар адбылося ў Музеі люблінскай вёскі, у будынку старой карчмы. Цяпло дрэва, з якога збудаваны будынак, нагадвала ўдзельнікам пра характэрныя для Беларусі старасвецкія драўляныя хаткі, якія можна пабачыць у кожнай нашай вёсачцы і мястэчку.

Перад спатканнем адбылася св. Імша, якую цэлебраваў кс. Павел Ствол ў старым аўтэнтычным касцёле, які цяпер з’яўляецца адным з экспанатаў Музея люблінскай вёскі. Казанне прамовіў кс. Андрэй Рылка, які, расказваючы пра звычай калядных падарункаў, нагадаў слухачам пра найбольшы і найлепшы падарунак у гісторыі чалавецтва – падарунак, атрыманы ад Бога, якім з’яўляецца ўцелаўленне Божага Сына і адкупленне ўсяго свету, прынесенае Хрыстом. Хоць у старым касцёле было даволі холадна, але прысутныя з вялікай увагай слухалі словы святара. Цяпло іх сэрцаў, напоўненых хрысціянскай любоўю, сагравала і дадавала радасці.

Пасля св. Імшы ўсе прысутныя паламаліся аплаткам, белым хлебам, сімвалам супакою і адзінства, жадаючы адно аднаму таго, што падавалася найбольш патрэбным у тую хвіліну. Была добрая нагода, каб пазнаёміцца, бліжэй спазнаць сваіх землякоў. "Мы з’яўляемся адной непадзельнай маленькай супольнасцю, - сказаў студэнт 4-га курса эканомікі Жэня Ціхановіч. – Я прыходжу амаль на кожнае беларускае спатканне вось ўжо на працягу чатырох гадоў і кожны раз для мяне гэта нейкая асаблівая і незабывальная падзея".

Пра папулярнасць беларускіх спатканняў у Любліне сведчаць таксама беларускія студэнты, якія вучацца ў іншых гарадах Польшчы і спецыяльна прыехалі ў Люблін, каб узяць удзел у мясцовай беларускай вечарыне.

Падчас імпрэзы гучалі вершы Францішка Багушэвіча, выступіў фальклорны калектыў "Мятліца", у склад якога ўваходзяць студэнты з Беларусі, якія навучаюца ў Люблінскім каталіцкім універсітэце. Гурт выканаў традыцыйныя народныя калядкі, чым выклікаў водгукі захаплення сярод прысутных і доўгія апладысменты.

Студэнты падрыхтавалі таксама невялічкае інсцэніраванае гумарыстычнае прадстаўленне, у якім групе сучаснай моладзі дасведчаны дзядуля расказаў пра тое, як раней святкаваліся Каляды. Прадстаўленне мела на мэце таксама падрыхтаваць гледачоў да адпаведнага перажывання свята Божага Нараджэння, заахвоціць да выйсця з апатыі і нячуласці, напоўніць радасцю будучага асабістага спаткання з нованароджаным Езусам.

Пасля вечарыны кожны адыходзіў у настроі чакання сапраўднага цуду на Каляды.

Віктар Шукеловіч, Люблін,"Наша Ніва"

Фота Андрэя Лянкевіча, www.budzma.org


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение