Андрэй Катлярчук: Найвялікшы міф нашай гісторыі - “ВКЛ - беларуская дзяржава”

Першы чалавек, які напісаў пра беларуска-шведскія гістарычныя стасункі, і адзін з першых айчынных гісторыкаў, які выйшаў на міжнародную арэну.

Андрэй Катлярчук (Andrej Kotljarchuk) нарадзіўся ў 1968 г. у беларускай сям’і вайскоўца ў Новачаркаску (Расія). Гадаваўся ў Чачні і на беларускім Палессе. Скончыў аспірантуру Расійскай Акадэміі навук. З 2000 г. жыве і працуе ў Швецыі. 
Доктар гістарычных навук (дысертацыю абараніў у Стакгольмскім універсітэце, 2006). Выкладчык інстытута гісторыі, гендэрных даследаванняў і культуралогіі універсітэта Паўднёвага Стакгольма — Содэрторна (Sodertorn University).
Аўтар кніг "Праздничная культура в городах России и Белоруссии ХVII века" (СПб, 1999), “Швэды ў гiсторыi й культуры беларусаў” (Мінск, 2002, 2007), In the shadows of Poland and Russia: the Grand Duchy of Lithuania and Sweden in the European crisis of the mid-17th century (Содэрторн, 2006), Making The Baltic Union - The 1655 Federation Of Kedainiai Between Sweden And The Grand Duchy Of Lithuania (2008) і шматлікіх артыкулаў на беларускай, ангельскай, расійскай, шведскай, украінскай і інш. мовах.
Лаўрэат Прэміі імя Ф.Багушэвіча беларускага ПЭН-цэнтру за “лепшую гістарычную кнігу” (2002) і Прэміі Паўночна-Амерыканскай асацыяцыі беларускіх даследаванняў (North American Association for Belarusian Studies) імя Зоры Кіпель за публікацыі па беларусістыцы (2007).
-----------------------------------------------------------------------------------------------------------------

Першы чалавек, які напісаў пра беларуска-шведскія гістарычныя стасункі, і адзін з першых айчынных гісторыкаў, які выйшаў на міжнародную арэну.

Беларус Андрэй Катлярчук ужо амаль 10 год жыве ў Швецыі, дзе вучыць студэнтаў шведскай гісторыі і даследуе еўрапейскае мінулае Вялікага княства Літоўскага. У гутарцы з карэспандэнтам TUT.BY навуковец распавёў пра найвялікшыя міфы беларускай гісторыі і слабасці нашай гістарыяграфіі, надзвычайныя знаходкі ў замежных архівах і тое, што чакае беларускую нацыю ў бліжэйшай перспектыве.

“У Швецыі ідэальныя ўмовы для навукоўцаў”

- Я прыехаў сюды ў 2000 годзе, бо атрымаў гадавы грант ад Шведскага інстытута на напісанне кнігі пра беларуска-шведскія гістарычныя ўзаемадачыненні. Была задача стварыць папулярную гісторыю ад вікінгаў да сучаснасці, і, лічу, я з ёй паспяхова справіўся. “Шведы ў гісторыі і культуры беларусаў” - агляд гістарычных стасункаў, цікавы як аматарам, гэтак і навукоўцам, якія думаюць, што Беларусь і Швецыю нічога не звязвае.

- Што падштурхнула застацца ў Швецыі?- Скончыўшы кнігу, над якой я працаваў у найстаражытным універсітэце Скандынавіі - Упсальскім, атрымаў запрашэнне ад універсітэта Паўднёвага Стакгольма - Содэрторна (Sodertorn University). У Швецыі створаны добрыя ўмовы для навукоўцаў і іх праца прыстойна аплачваецца. Апроч гэтага, я пачаў займацца скандынавістыкай. Таму рашэнне застацца ў “Трэ крунур” было лёгкім і натуральным.
На жаль, і ў Расіі, і ў Беларусі ўмовы для гуманітарнай працы складаныя. І прычына не толькі ды не столькі ў заробку. Навуковыя кантакты, магчымасць ездзіць на стажыроўкі і канферэнцыі ў розныя краіны, абменьвацца з калегамі і прымаць іх, сачыць за найноўшай літаратурай, міжнароднымі часопісамі. Кнігі з бібліятэкі тут мне прыносяць у кабінет, і я магу карыстацца імі паўгода. Каб працаваць у архівах, не трэба аніякіх паперак. Калі ты навуковец, атрымліваеш на рукі арыгіналы, а не мікрафільмы. Гэтак, толькі за апошнія тры гады я папрацаваў у архівах Амстэрдама, Капенгагена, Хельсінкі, Масквы, Херсона, Кіева, Санкт-Пецярбурга…
Кожны праект прадугледжвае грошы на паездку, пражыванне, выдаткі. Шкада, але мае беларускія калегі б’юцца за выжыванне, часта працуючы на голым энтузіязме. Гэта выклікае павагу, але прадуктыўнасці не спрыяе.
- Вядома, што ў Швецыі эмігрантам вельмі няпроста асвойтацца. Колькі часу вам спатрэбілася на вывучэнне шведскай мовы? - Для таго каб пачувацца больш-менш упэўнена і пачаць выкладаць студэнтам, мне спатрэбілася пяць год жыцця і цяжкай працы з мовай. Пры тым, што, прыехаўшы ў Швецыю, я ўжо чытаў па-шведску.
Калі ты хочаш працаваць у еўрапейскіх універсітэтах, веданне нацыянальнай мовы - абавязковае. Гэтак, у Содэрторне недзе 10% выкладаецца па-ангельску, 90% - па-шведску. Скажам, у гэтым семестры ў мяне тры курсы па-шведску, два па-ангельску. Першакурснікам я чытаю гісторыю Еўропы 18-19 стагоддзяў, замежнікам - гісторыю Швецыі і Скандынавіі.
А вось прэзентаваць вынікі даследаванняў, публікавацца можна і з веданнем адной ангельскай, якая нароўні са шведскай з’яўляецца тут мовай навукі. Пісаць дысертацыі і абараняць нават рэкамендуецца па-ангельску. У такім разе з замежжа прыязджае абсалютна нейтральны апанент, які нікога тут не ведае. Ён робіць высновы выключна па дысертацыі, і калі яна кепская, то наўпрост гэта кажа. У Швецыі 17-га стагоддзя сістэма была яшчэ лепш. Рэкамендавалася абараняцца менавіта за мяжой, каб цябе найперш прызналі там. На жаль, у постсавецкіх краінах многае па-ранейшаму вырашаюць кланы, сувязі, “моцныя кандыдаты”...

“Гісторык мусіць працвярэжваць, а не калоць наркотык”

- Сваю доктарскую вы абаранілі ў Стакгольмскім універсітэце. Чаму яна была прысвечана? - Няўдалай Кейданскай уніі 1655 года паміж Вялікім княствам Літоўскім і Швецыяй. Гэтая першая сучасная праца, прысвечаная менавіта аналізу ўніі як палітычнаму праекту, а не падзеям вакол, і маёй задачай было задаць свае пытанні шведскім крыніцам (бо менавіта ў Швецыі захаваўся комплекс крыніцаў, чарнавыя і канчатковы тэксты ўніі), паказаць, якія мэты пераследавалі шведы і літвіны ў гэтай уніі. Дарэчы, тэма аб’яднання цяпер надзвычай актуальная, бо мы зноў жывём у час уніі. Частка колішняга ВКЛ - Літва, частка Латвіі, Усходняя Польшча - ужо ў Еўразвязе, а значыць, у адной эканамічнай, прававой і культурнай прасторы са Швецыяй. У гэтым святле вельмі цікава паглядзець, як нашы продкі шукалі трэцюю альтэрнатыву паміж Усходам і Захадам, а менавіта Поўнач.
- Якое было стаўленне да вас шведскіх калегаў? Усё ж прыехаў з “постсавецкай прасторы” і яшчэ шведам гісторыю Швецыі выкладае...- Абсалютна нармальнае. Канечне, як навуковец я ўсё больш займаюся гісторыяй Швецыі. Гістарыяграфія ўсё ж не фізіка, а нацыянальная навука, і 90% гісторыкаў працуюць менавіта над нацыянальным кантэкстам. Аднак я выкарыстоўваю свой патэнцыял - веданне ўсходнееўрапейскіх моваў і архіваў - і ў маім фокусе - Усходняя Еўропа, а дакладней - рэгіён паміж Польшчай і Расіяй: Літва, Беларусь, Украіна. Карацей, заняў сваю нішу.
Напрыклад, цяпер я пішу кнігу пра шведскую калонію ў Херсонскай вобласці, якая існуе з канца 18 стагоддзя і дзе старыя дагэтуль размаўляюць па-шведску. Гэта класічны прыклад, дзе для раскрыцця тэмы неабходна веданне крыніцаў і раскладаў з двух бакоў - украінскага і шведскага. Інакш інтэгральнай карціны не атрымаецца. На жаль, у часткі беларускіх, шведскіх і іншых гісторыкаў нярэдка прысутнічае аднабаковы погляд.
Канечне, аднаго даследчыка па нашым рэгіёне ў Швецыі не хапае. Аднак у Беларусі наогул няма скандынавістыкі, бо ў СССР ёй займаліся згодна плану зверху толькі ў Ленінградзе, Маскве і Тбілісі. Шкада, бо тут цяпер ёсць цудоўныя магчымасці для замежных студэнтаў і маладых навукоўцаў. Беларусь і Швецыя - даволі вялікія краіны (амаль па 10 млн насельнікаў кожная), амаль суседзі, а паміж імі па-ранейшаму вялікая разора, дагэтуль няма карціны супольнага мінулага.
- Андрэй, а вы сябе якім гісторыкам лічыце - беларускім ці шведскім?- Не люблю гэтую дэфініцыю і заўжды кажу: я проста гісторык. На Захадзе разумееш, што галоўнае ў гістарычным даследаванні не матэрыял (ён можа быць і беларускі, і ўкраінскі, і шведскі), а якія тэарэтычныя пытанні да яго ставіш. Гэтак, цяпер, пішучы пра шведскіх каланістаў ва Украіне, я даследую змены іх калектыўнай ідэнтычнасці пад уплывам палітыкі вялікіх дзяржаваў, што без згоды прыходзілі да сялянаў - Расійскай імперыі, Украінскай Савецкай рэспублікі, Швецыі, Трэцяга Рэйху, СССР. Рыхтую кнігу, якую планую выдаць ў 2011 годзе спачатку па-ангельску, потым па-ўкраінску.
Шмат хто з беларускіх гісторыкаў лічыць, што іхняя роля - выхоўваць патрыятызм нацыі. Але гэтым мусяць займаюцца настаўнікі, краязнаўцы, журналісты. Навукоўцы ж пішуць пра балючыя тэмы, якія могуць не падабацца народу, не заўсёды зразумелыя. Калі пісаць, што беларусы - самая дэмакратычная нацыя ў Еўропе, якая стварыла першы статут, пабудавала самую талерантную краіну, як тады растлумачыць шматгадовую падтрымку беларускім народам цяперашняга палітычнага рэжыму, неталерантнасць значнай часткі беларусаў, высокі ўзровень крыміналу ў краіне?
Гісторык мусіць працвярэжваць, а не калоць наркотык пад назвай: “Мы самыя лепшыя”.

“Кацярына Другая звар’яцела, убачыўшы ў Беларусі Вавілон”

- Ад айчынных гісторыкаў - да гісторыі. Якія, з вашага гледзішча, найвялікшыя міфы ў гісторыі Беларусі?- Найперш, канечне, той, што Вялікае княства Літоўскае - беларуская дзяржава.
ВКЛ было сярэднявечнай краінай, у якой галоўную ролю адыгрывала палітыка, дынастыя (якая была ўсё ж балцкай) і цэрквы, але зусім не этнічны прынцып. Што да мовы, то адукаваныя людзі размаўлялі па-рознаму. Да прыкладу, вялікі гетман ВКЛ Януш Радзівіл ужываў старабеларускую, польскую, лацінскую і літоўскую. На ўсіх гэтых мовах ён пісаў, гадаваўся па чарзе ў Беларусі і на Жмудзі, належаў да арыстакратыі дзяржавы, фундаваў у тым ліку літоўскі кальвінісцкі друк... Таму, упэўнены, ён быў бы вельмі здзіўлены, калі б мы запыталіся ў яго: “Ты хто - беларус ці літовец?”
Беларусы як сучасная нацыя пачынае фармавацца ў 19 стагоддзі, і нейкі прамежкавы вынік атрымаўся толькі са з’яўленнем СССР. То бок, тыя, хто ніколі не жыў у БССР, не лічаць сябе беларусамі. Гэтак, вы не знойдзеце цяпер мясцовых беларусаў на этнічна беларускіх Смаленшчыне і Браншчыне, усе беларусы там - выхадцы з БССР. Затое ў Беласточчыне яны ёсць, бо няхай усяго два гады, але гэтыя землі былі ў Савецкай Беларусі.
У адрозненне ад цяперашняй шведскай дзяржавы, якая ёсць спадкаеміцай Шведскага каралеўства 15-17 стагоддзяў, сучасныя Беларусь і Літва захавалі толькі асобныя рэлікты ВКЛ (напрыклад, архітэктуру), а не наўпроставую сувязь. Пасля знікнення княства яго народы апынуліся ў Расійскай імперыі і жылі там з улікам СССР 200 гадоў. Як вынік, і незалежныя краіны паўсталі на зусім іншых грунтах, перадусім сучаснага нацыяналізму і этнапалітыкі.
Побач з міфам пра ВКЛ любяць казаць пра “беларускі горад Вільню”. Маўляў, на пачатку 20 стагоддзя літоўцаў у Вільні было каля 3%. Дык і беларусамі сябе лічылі са 154 тысяч жыхароў усяго 4,5%. Каля 40% было габрэяў, 20% расійцаў, калі не памыляюся, астатнія пісаліся палякамі. Апошнія размаўлялі на польскім дыялекце "крэсаў", і мы не маем права сцвярджаць, што яны не палякі, бо гэта іхні выбар. Беларусы ўвесь час пішуць пра “Нашу ніву” і іншыя беларускія выданні, але ў гэты ж час у Вільні друкаваліся і літоўскія газеты ды часопісы, а побач з беларускай гімназіяй была і літоўская, не кажучы ўжо пра польскія.
Так, Вільня заўсёды была горадам са значнай доляй усходне-славянскага насельніцтва, але мяне цікавіць не тое, чый гэта горад - беларускі, літоўскі, габрэйскі “Паўночны Ерусалім” або польскі, а чаму беларускія бюргеры, якія мелі ў ім уладу ў 15-17 стагоддзях, не захавалі свае уплывы ў 18-19-м? Куды зніклі гэтыя пласты?
- У чым вам як даследніку ВКЛ найперш бачыцца ўнікальнасць княства? - Гэта быў фенаменальны для Еўропы эксперымент, калі людзі розных рэлігій, веравызнанняў, этнічнага паходжання - сапраўдны калейдаскоп нацый - здолелі пабудаваць дзяржаву, якая доўгі час існавала без значных канфліктаў. У асноўным законе дзяржавы Статуце 1588 г., што дзейнічаў да 19 стагоддзя, замацоўвалася свабода веравызнання, роўнасць усіх хрысціянскіх канфесіяў.
Гэтак, раздзел 3, артыкул 3 (“Аб захаванні ў супакоі ўсіх падданых нашых, абывацеляў таго панства, з боку рознага разумення і ўжывання хрысціянскага набажэнства”) замацоўваў поўную роўнасць і абарону ўсіх хрысціянскіх веравызнанняў. Сенатары ўзгадвалі сумны досвед рэлігійных войнаў у Заходняй Еўропе (напрыклад, ноч Святога Барталамея ў Францыі) і гарантавалі абарону для ўсіх дысідэнтаў у ВКЛ, бо: "У нашай краіне ёсць вялікая розніца ў разуменні хрысціянства, таму мы не жадаем мець аніякіх канфліктаў і войнаў, якія бачым у іншых краінах. Таму мы вырашылі заўсёды захоўваць мір у краіне і чалавечай крыві ў нашых цэрквах не праліваць".
Калі ва ўсёй Еўропе панаваў антысемітызм, рэлігійны і этнічны ціск, у ВКЛ габрэі і татары мелі не толькі правы і гарантыі, але і магчымасць зрабіць палітычную кар’еру. Тое, што ў Расійскай імперыі яны атрымалі толькі пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі. Кожны габрэй, які дабравольна прымаў хрысціянства, згодна Статуту аўтаматычна атрымліваў шляхецтва. Цікава, што ў пачатку 18 стагоддзя, паводле даследавання Змітра Яцкевіча “Малы гербоўнік Халопеніцкай шляхты”, каля 11% шляхты заходняй часткі Аршанскага павета мелі габрэйскія карані. Ані ў Расіі, ані ў Польшчы падобнае немагчыма было тады ўявіць.
Калі Кацярына Другая паехала ва Усходнюю Беларусь пасля падзелаў Рэчы Паспалітай, яна проста звар’яцела, бо ў гарадах яе сустракалі прадстаўнікі ўсіх этнічных групаў - беларусы, палякі, габрэі, татары, якія жылі разам у згодзе... Сапраўдны Вавілон і цяжказразумелая карціна для тагачаснай расійскай эліты.
- А ці было ў ВКЛ нешта такое, да чаго сучасная Беларусь яшчэ не дарасла?
Андрэй Катлярчук. Фота:
Фота: "Наша ніва"/nn.by
- Вялікае княства было заснавана на складанай сістэме згоды і кансенсусу, чаго не хапае сучасным беларусам. У Беларусі той, хто крытыкуе ўладу, адразу залічваецца ў шэраг “ворагаў”. У той жа Швецыі падобнае немагчыма, бо крытык, прадстаўляе ён апазіцыю ці не, усё роўна працуе на дзяржаву. Заміж таго, каб ссылаць Паўла Севярынца на “хімію”, я б параіў уладзе даць яму офіс у цэнтры Мінска і даручыў бы працаваць з моладдзю. Ён жа не наркотыкі заклікае ўжываць, а хоча выхоўваць патрыятызм, працаваць на будучыню краіны.
Заўсёдны падзел на “нашых” і “нянашых”, “чэсных” і “нячэсных” падаецца мне абсалютна дурным. І Лукашэнка беларус, і Мілінкевіч беларус, і мітынговец, які крычыць “Беларусь у Еўропу” - беларус, і спецназавец, які б’е яго па карку, - таксама беларус... Гэта трэба зразумець і зрабіць тое, што палякі зрабілі ў 1988-89 годзе, сеўшы за круглы стол і дамовіўшыся аб далейшым супольным жыцці. Менавіта так рабілі нашы продкі ў ВКЛ і рэлікты гэтага свету захоўваліся ў заходнебеларускіх мястэчках да 1939 года.
І ў гэтым няма нічога немагчымага. Усе мы бачым, як беларускія ўлады цяпер вяртаюцца да тых самых ідэяў, за якія яны яшчэ 5-6 гадоў таму ганьбілі апазіцыю. Што крамольнага, скажам, у супрацы з Еўразвязам? Каб гандляваць, ездзіць, абменьвацца ідэямі на карысць адно аднаго. Так жыве ўвесь свет!
- Вы багата працавалі ў архівах еўрапейскіх краінаў. Якія знаходкі ўразілі найбольш?
- Найперш - Шведскі дзяржаўны архіў. Нядаўна тут адшукалі неапрацаваны Смаленскі архіў пачатку 17 стагоддзя - велізарная колькасць старабеларускіх тэкстаў кірыліцай і лацінкай. Ёсць 150-старонкавы дыпламатычны дзённік шляхціца з ВКЛ аб перамовах з маскавітамі, напісаны беларускай лацінкай. Швецыя ў гэтым плане ўвогуле кландайк, бо з’яўлялася суседам ВКЛ з агульнай мяжой у Латвіі. Паколькі на яе тэрыторыі не было войнаў амаль ад самых вікінгаў, усё захавалася. Тут ёсць унікальны поўны асобнік Статута 1588 года з каментарамі беларускага праўніка на палях. Адшукаў я і невядомы рукапісны слоўнік Сімеона Полацкага, які ягоны сучаснік швед Юханес Спарэнфелдт, што ведаў 14 моў, прывёз з Масквы.
Шмат усходнеславянскіх тэкстаў у Капенгагене. У Хельсінкі захоўваецца пратэстанцкі рукапіс 17 ст. на старабеларускай мове. У Галандыі процьма дысертацый студэнтаў з ВКЛ па медыцыне, паліталогіі. Сярод іх сустрэў нават 300-старонкавы прыгодніцкі раман 18 ст. шляхціца з ВКЛ па-галандску з такімі цікавымі гравюрамі, як “Кабета з каўтуном” ды “Паляванне на мядзведзя ў Белавежскай пушчы”.

“Літоўцы працуюць, а чым займаецца беларускі Інстытут гісторыі?”

- Ёсць меркаванне, што беларуская гістарыяграфія значна слабейшая за літоўскую, і таму менавіта літоўцы выйгралі ў нас бітву за спадчыну ВКЛ, лічацца ў свеце яе пераемнікамі...

Андрэй Катлярчук з народным паэтам Беларусі Рыгорам Барадуліным.
Андрэй Катлярчук з народным паэтам Беларусі Рыгорам Барадуліным.

- Па-першае, гэтую бітву нельга выйграць, бо спадчына ў нас агульная. Па-другое, Літва хоць і невялікая краіна, але працуюць яны вельмі прадуктыўна. Пасля Другой сусветнай вайны ў літоўцаў была вялікая эміграцыя, і яны зрабілі шмат публікацый за мяжой. І сёння літоўскія гісторыкі рэгулярна выступаюць на міжнародных канферэнцыях, перакладаюць свае кнігі на ангельскую мову...Натуральна, яны ўплывалі на заходняе грамадства, але не ўпэўнены, што яны пераканалі навукоўцаў сваімі міфамі. Свой народ - так. Кожны літовец упэўнены ў тым, што ВКЛ было літоўскай дзяржавай, у якой трошкі беларусаў жыло на мяжы. Аднак дастаткова ўзгадаць, што віленскі кашталянін Канстанцін Астрожскі быў праваслаўным і ў гонар перамогі пад Оршай пабудаваў у цэнтры места дзве каменныя царквы, каб зразумець, што гэта няпраўда. Аднак і беларусы пераканалі народную большасць, што ВКЛ - беларуская дзяржава. Менавіта такой інфармацыяй праграмуюць дзяцей у беларускіх школах. І доказы, якія пры гэтым прыводзяцца, таксама не зусім праўдзівыя. Узяць хаця бы моўнае пытанне. Старабеларуская, канечне, была афіцыйнай мовай княства згодна Статуту 1588 г., аднак дакладна вядома, што і літоўская эпізадычна выкарыстоўвалася ў справаводстве, а вялікія князі час ад часу пісалі прывілеі па-літоўску. Калі ж у Жамойці перакладчык не паспяваў перакладаць на старабеларускую, то пісаў балцкай мовай.

І літоўская, і беларуская гістарычныя школы працуюць у звужаных колах, і гэта шлях у нікуды. Працы літоўскіх гісторыкаў геаграфічна амаль не выходзяць за межы сучаснай Літвы, а значыць, яны вывучаюць не гісторыю ВКЛ, а толькі яго паўночнай часткі, прыцягваючы некалькі прыкладаў з беларускай тэрыторыі. Адваротную сітуацыю бачым у сучасных беларускіх крыніцах. Цалкам на Вялікае княства глядзяць толькі палякі, але ў іх свая перспектыва.
Відавочна, што для агульнай справы патрэбен кансенсус. Неабходны канферэнцыі беларускіх, літоўскіх, польскіх і ўкраінскіх гісторыкаў. Нешта падобнае пачыналася на зачыне 1990-х, аднак заглухла.
- Але я што меў на ўвазе. Будучы ў Нью-Ёрку, я купляю самы папулярны ў Штатах энцыклапедычны даведнік The World Almanac і ў раздзеле пра краіны чытаю, што ў сярэднявеччы тэрыторыя Беларусі падпарадкоўвалася палякам і літоўцам...- У падобных даведніках нямала памылковых поглядаў і іх трэба папраўляць, аднак гэтым ніхто не займаецца. Чаму беларускія гісторыкі дасюль не выдалі ніводнай “Гісторыі Беларусі” па-ангельску? Гадоў восемь таму я набыў ў Браціславе A concise history of Slovakia, выдадзеную Інстытутам гісторыі Славацкай Акадэміі навук. Чым займаецца Інстытут гісторыі АН Беларусі? Чаму не паставіць у план і не зрабіць калектыўную The History of Belarus са сваімі поглядамі, распаўсюдзіць яе па сусветных установах? Хто за вас будзе гэта рабіць? У літоўцаў такая гісторыя ёсць, і не адна. Пакуль адзіную ангельскамоўную кнігу па гісторыі Беларусі напісаў грамадзянін ЗША Янка Запруднік.
Колькі беларускіх гісторыкаў сёння друкуецца за мяжой? Можа, пяць. І гэта на 10 мільёнаў насельніцтва. А колькі ў краіне кандыдатаў і дактароў гістарычных навук? Думаю каля 1000 чалавек. Цікава, як яны атрымалі навуковыя ступені, калі кандыдацкі іспыт уключае выдатнае валоданне замежнай мовай?

“Найлепшы шлях для Беларусі - будаваць ідэнтычнасць на мове”

- Ці падзяляеце вы думку, што працэс фармавання беларускай нацыі яшчэ не скончыўся?- Так, ёсць вялікае пытанне, што мы маем на ўвазе пад беларускай нацыяй. З аднаго боку, назіраем у дзеянні сучасны нацыяналізм. Малое дзіця ў Беларусі можа стаць сёння чалавекам беларускай, рускай, польскай, габрэйскай культуры. Пры гэтым ён застаецца грамадзянінам Беларусі і ва ўсім свеце, і ўсё часцей на радзіме, уважаецца за беларуса. З часам прадстаўнікі нацменшасцяў асімілююцца часткова. Усе яны стануць беларусамі, толькі некаторыя з іх будуць валодаць яшчэ і мовай этнічнай меншасці. Аднак на якой падставе пабудуюць гэтую нацыянальную ідэнтычнасць, пакуль няясна. Хто стане героем Беларусі - Сувораў ці Касцюшка? Якая мова будзе асноўнай - расійская ці беларуская? Будучыня Беларусі з Расіяй ці Еўразвязам?

Ірландцы, якіх нам ставяць у прыклад, стварылі дзяржаву на падставе адзінай рэлігіі і мовы каланізатара. Аднак у Беларусі сітуацыя іншая. Па-першае, у нас няма адзінай рэлігіі. Па-другое, на пачатку ірландскага адраджэння ірландская мова была, па сутнасці, страчана, а ў нас беларуская, наадварот, стала яго асновай. Таму, натуральна, найлепшы шлях для Беларусі - будаваць ідэнтычнасць на мове. Можна яшчэ і на гісторыі. Аднак калі мы пакладзем у падмурак расійскую мову і беларускую гісторыю, атрымаецца поўная блытаніна...
- А калі беларуская мова з цягам часу ўсё ж згіне?
- Не думаю, што згіне. Нядаўна я быў на канферэнцыі ў Днепрапятроўску. Там людзі размаўляюць на стандартнай расійскай мове, аднак на гістфаку студэнты паміж сабой - толькі па-ўкраінску. Усе прадметы па-ўкраінску, камп’ютарныя праграмы таксама. Большасць школаў - украінскія... Гэтаксама можна аднавіць і беларускую мову. Нават і праз 50 гадоў. Пагатоў цяпер значна больш людзей, чым у савецкі час, свядома яе ўжываюць, а чытаюць і разумеюць дык увогуле ўсе.
У Беларусі я карыстаюся беларускай мовай і мяне здзіўляе, як на маіх вачах расійскамоўныя людзі на яе пераходзяць. Аднойчы разам з групай шведаў, беларускіх літаратараў і студэнтаў скандынаўскага цэнтра ЕГУ пабываў у лунінецкай гімназіі № 1. Мы пачалі выступаць - большасць па-беларуску, перакладаюць шведаў таксама на беларускую. Праз 15 хвілін дырэктар і ўся школьная адміністрацыя таксама загаварылі па-беларуску. Атрымалася, што мы прыйшлі ў расійскую школу, а выйшлі з беларускай. Тады я зразумеў, што дастаткова спакойнай дзяржаўная палітыкі - ня трэба бальшавіцкіх метадаў і пяцігодак! - і ўсё само сабой уладкуецца.
Сёння ж гэтыя натуральныя працэсы тармозяцца ў дзяржаве штучным чынам. Мае сваякі жывуць у Тураве, дык людзі там б’юцца, каб аддаць дзяцей ў адзіную расійскамоўную школу, бо ведаюць, што універсітэт, праца далей у жыцці - усё будзе па-расійску. Пры гэтым дзве беларускія школы ўвесь час пад пагрозай “рэфармавання”. Зрабіце вы хоць палову беларускамоўных універсітэтаў. Няхай Аляксандр Рыгоравіч хоць раз на месяц выступае па-беларуску. Стаўленне народу зменіцца імгненна.
Пры гэтым неабходна вярнуць шырокія правы мовам нацменшасцяў. Абавязкова побач з расійскім універсітэтам у Магілеве стварыць у Мінску або Гродне польскі, украінскія, літоўскія і латышскія групы. Гэта стане моцным штуршком для інтэнсіфікацыі найперш эканамічных кантактаў, бізнэсу... А так сёння тыповы адукаваны беларус валодае адно расійскай мовай, а значыць, і працаваць ён можа выключна з Расіяй. А ёсць жа Польшча, Літва, Латвія, Украіна. Трэба напоўніцу карыстаць з геапалітычнага становішча!
- Андрэй, і ўсё ж, колькі, на вашу думку, патрэбна часу, каб беларусы спраўдзіліся як нацыя?
- Згодна з сусветным досведам, дэмакратычную палітычную сістэму можна адбудаваць за 5-7 гадоў. Эканамічны рывок, як прадэманстраваў Кітай, рэальна ажыццявіць гадоў за 20. Нацыянальнае пытанне - найбольш складанае. Лічыцца, што змена аднаго пакалення вымагае 25 гадоў, а гістарычныя працэсы адбываюцца пры змене двух. Гэта можна прасачыць на прыкладзе літоўцаў. Цягам 20 гадоў (да 1940 года) яны мелі незалежнасць. Наступнае пакаленне гадавалася ўжо ў СССР, дзе літоўцам больш, чым астатнім рэспублікам, дазволілі захаваць нацыянальнае. Вынікам, у сучаснай Літве няма пытанняў, хто такі літовец. Мова, дзяржава, гісторыя - у іх усё літоўскае. Хто такі беларус? Адказу пакуль няма.

Стакгольм - Мінск.

Матэрыял падрыхтаваны ў межах журналісцкага даследавання, арганізаванага Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтрам ім. Ё. Рау пры падтрымцы офіса АБСЕ у Мінску.

Кастусь Лашкевіч, ТUT.BY


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение