Памяць герояў Случчыны ўшанавалі беларусы ЗША

28 лістапада на беларускіх могілках у Іст-Брансвіку, штат Нью-Джэрсі, ля помніка палеглым змагарам за свабодную Беларусь адбылася паніхіда, а пасля ў беларускай царкве ў Гайленд-Парку прайшлі мерапрыемствы з нагоды Слуцкага паўстання.

Паніхіду адправілі япіскап Наваградскі і Паўночна-Амерыканскі Уладыка Святаслаў і пратаярэй а. Зінові.

Да помніка героям Слуцкага паўстання быў ускладзены вянок ды жывыя кветкі.

Мерапрыемствы з нагоды Слуцкага збройнага чыну працягнуліся у грамадскай залі царквы Святой Іконы Жыровіцкай Божай Маці ў Гайленд Парку.

Беларускі Музей у Нью-Ёрку адкрыў выставу "Мастацтва супраць дыктатуры". Быў зачытаны зварот ад старшыні Беларускай Народнай Рэспублікі Івонкі Сурвіллы. Пра беларускіх змагароў розных часоў распавялі старшыня Нью-Джэрсійскага аддзелу Беларуска-Амерыканскага Задзіночання Юрка Азарка і беларускі мастак Алесь Шатэрнік.

Таксама адбылася дэманстрацыя фільма "Слуцкі збройны чын" з цыкла "Невядомая Беларусь" тэлеканала "Белсат".

Мерапрыемствы да Слуцкага збройнага чына былі арганізаваны Нью-Джэрсійскім аддзелам БАЗА.

Паводле прэс-службы Беларускага Моладзевага руху Амерыкі