Лёсы беларускае мовы ў асьвятленьні эміграцыйнага часопіса „Веда” - 3

Аль-Кітаб мусіў быць напісаны на той прасторы, на якой жылі беларускія мусульмане, а гэтыя ў XV-XVІІ стагодзьдзях жылі сярод крывіцкага хрысьціянскага насельніцтва ў паветах: Віленска-Троцкім, Ашмянскім, крышку ў Валожынскім, у Наваградзкім, Слонімскім і Гарадзенскім, а таксама ў Клецку й Менску.

Значыць, прастора шырокая, на якой выдзяляецца не адзін крывіцкі дыялект. У вызначэньні месца напісаньня Аль-Кітабу дапамагаюць моўныя асаблівасьці:

• ненаціскное о заўсёды пераходіць у а, з выняткам апошняга адкрытага складу ў родным склоне (кажнаго, суднаго); • 1 асоба множнага ліку цяперашняга часу дзеясловаў выступае з канцавым (адпосьнікаемсе, убачымсе); • дзеясловы ў 2 асобе множнага ліку загаднага ладу маюць канчатак -іце (сьцеражыцеся, разйдзіцеся, глядзіце).

У аканьні мова Аль-Кітабу збліжаецца з паўднёва-заходнім беларускім дыялектам, а гаворачы больш дакладна – з паўночна-ўсходняй часткай паўднёва-заходнега дыялекту ды зь віленска-ашмянскімі гаворкамі. Усе названыя моўныя асаблівасьці Аль-Кітабу супадаюць зь віленска-ашмянскімі гаворкамі, а гэта сьведчыць пра тое, што Аль-Кітаб паўстаў на тэрыторыі віленска-ашмянскіх гаворак.

Межы віленска-ашмянскіх гаворак наступныя: калі ад утоку ракі Іслач у Бярэзіну правядзём на захад ля мястэчка Вішнева на Валожыншчыне лінію да моўнай мяжы зь летувісамі ля Воранава, дык адзначым паўднёвую мяжу гэтых гаворак. На поўначы й захадзе мяжа віленска-ашмянскіх гаворак зыходзіцца з моўнай крывіцка-летувіскай мяжой. На ўсходзе мяжа праходзіць ад ракі Бярэзіны на поўнач да летувіскае мяжы блізка Гадуцішак, так што ў сярэднім беларускім дыялекце застаюцца Валожына, Забярэзьзе, Гародзькі, Пруды, Залесьсе, Смаргоні, Данюшава, Жойдзішкі, Вішнева (Вялейскае, ля Сьвіра), Сьвір, Мядзель, Постаўе, а да віленска-ашмянскіх гаворак адыходзяць: Багданава, Крэва, Гальшаны, Солы. Значыцца, прастора займаная віленска-ашмянскімі гаворкамі складаецца з такіх паветаў, як: Віленска-Троцкі, Ашмянскі (бяз воласьці Смаргонскай), ды невялікіх частак паветаў Лідзкага й Сьвянцянскага (Я. Станкевіч, Мова рукапісу „Аль Кітаб” Крывіцкага Музэю Івана Луцкевіча ў Вільні, [у:] „Веда”, № 1 (6), Нью-Ёрк 1952, с. 29-30).

Аналізуючы мову Аль-Кітабу, Ян Станкевіч разгледзеў такія асаблівасьці, як: пераход е ў я; э на месцы этымалягічнага а пасьля к, х, т; о на месцы ненаціскнога этымалягічнага е; зьмена самагуку а (Я. Станкевіч, Мова рукапісу „Аль Кітаб”, [у:] „Веда”, № 2 (7), Нью-Ёрк 1952, с. 55-62); зьмена самагуку о; зьмена самагуку э; зьмена самагуку яць ([у:] „Веда”, №3 (8), 1952, с. 89-95); замена ераў ([у:] „Веда”  №5 (10), 1952, с. 146-152), еры перад j ([у:] „Веда” №8 (13), 1952, с. 236); еры ў прыназоўніках; мэтатэза ў групе *or, выступаньне галосных і, ы, у; націск ([у:] „Веда”, №11-12 (16-17), 1952, с. 354-369), прыстаўныя гукі ([у:] „Веда” №1-2 (18-19), 1953, с. 2-17), зычныя гукі (зьмякчэньне, зацьвярдзеньне асыміляцыя, распадабненьне, зьліцьцё, падваеньне, пераход в, л у ў) ([у:] „Веда”, №4-6 (21-23), 1953, с. 50-72).

У 2 нумары літаратурна-мастацкага часопіса „Веда” за люты 1952 году паявіўся артыкул Яна Станкевіча пад назовам Некаторыя праўніцкія тэрміны беларускія ([у:] „Веда”,  №2 (7), 1952, с. 45-49). Працяг тэмы знаходзім у наступных нумарах часапісу: Я. Станкевіч, Праўніцкія тэрміны  беларускія, ([у:] „Веда”, № 3 (8), сакавік 1952, с. 78-85; „Веда”, № 4 (9), красавік 1952, с. 118-121; „Веда”, № 5 (10), май 1952, с. 136-145; „Веда”, № 6 (11), чэрвень 1952, с. 186-190; „Веда”, № 7 (12), ліпень 1952, с. 220-223; „Веда”, № 8 (13), жнівень 1952, с. 228-235; „Веда”, №№ 9-10 (14-15), верасень – кастрычнік 1952, с. 292-308; „Веда”, № 11-12 (16-17), лістапад – сьнежань 1952, с. 370-379).

Асновай артыкулу паслужыла частка тэрмінаў Статуту Літоўскага 1588 году, якія аўтар параўнаў з праўніцкімі тэрмінамі, дасьледаванымі на падставе Аль-Кітабу. Гэткім парадкам побач сябе апынулася літаратурная беларуская мова Статуту ды народная беларуская мова Аль-Кітабу. Каб чытач меў шырэйшае ўяўленьне, Ян Станкевіч параўнаў гэтыя тэрміны з эквівалентамі ў сучаснай беларускай мове, карыстаючыся дзеля гэтага слоўнікамі: Насовіча, Краёвым слоўнікам Ігуменшчыны (Чэрвеншчыны) Шатэрніка ды Краёвым слоўнікам Віцебшчыны Касьпяровіча, а таксама сваімі запісамі. Разабрацца ў сумненьнях, выкліканых праўніцкай тэрміналёгіяй, дапамог аўтару публікацыі праф. права Леў Акіншэвіч. Разам з праўніцкай тэрміналёгіяй прыводзяцца таксама крыніцы паходжаньня дадзенага слова. Ян Станкевіч захоплены Статутам Літоўсокім, гэтай „вялікай памяткай беларускага права”. Частка разгледжаных тэрмінаў павінна ўжывацца і ў цяперашняй беларускай літаратурнай мове – напісаў 1 траўня 1948 году ў Рэгенсбурзе Я. Станкевіч ([у:] „Веда”,  №2 (7), 1952, с. 47). Якія гэта тэрміны, - слухайце праз тыдзень.

Ніна Баршчэўская, "Польскае радыё для замежжа"


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение