Беларускі палітычны аглядальнік у гасцях у студэнтаў Варшаўскага універсітэту

Студэнты і выкладчыкі Кафедры беларусістыкі Варшаўскага універсітэту змаглі ў аўторак сустрэцца з вядомым беларускім палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фядутам.

Былы кіраўнік упраўлення грамадска-палітычнай інфармацыі Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі, які хутка парваў супрацоўніцтва з уладамі, распавядаў пра сваю літаратурную дзейнасць, але слухачоў больш цікавіла палітычная сітуацыя на дадзены момант у Беларусі, а менавіта: саступкі беларускіх уладаў – вызваленне палітычных вязняў, вяртанне ў шапікі незалежных выданняў, дазвол працаваць у Мінску карэспандэнтам Еўрапейскага радыё для Беларусі...

На думку Аляксандара Фядуты, усё гэта не выклікае вялікіх пераменаў, паколькі няма кардынальных рашэньняў.

А. Фядута: Справа ў тым, што ніякіх саступак з боку беларускіх уладаў няма. Выпусцілі 12 чалавек на свабоду - дзякуй за тое, што гэта было зроблена, але гэта не саступка. Улада не робіць ніякіх інстытуцыянальных пераменаў, не мяняе заканадаўства, умоваў існавання сродкаў масавай інфармацыі. У суботу стала вядома, што даюць акрэдытацыю Еўрапейскаму радыё для Беларусі. Вось так: улада хоча - зробіць, хоча - адыме. Так немагчыма. Трэба мяняць заканадаўства. А на гэта Лукашэнка не хоча ісці. Я быў адным з найбольш паслядоўных прыхільнікаў таго, каб дыялог паміж Еўрапейскім Звязам і беларускімі ўладамі пачаўся. Я лічу гэта адзіным магчымым крокам у напрамку да зменаў у Беларусі. Але сёння Лукашэнка лічыць, што ён пераможца, што да яго ЕЗ прыйшоў кланяцца, прасіць. Чаму? Крызіс. У нас 10 млн пакупнікоў, у нас маёмасць, якую можам прадаць інвестарам - прымайце нашы ўмовы. Мы нічога не будзем мяняць у палітычным сэнсе - давайце ўсё, што нам трэба, у эканоміцы.

Міністры замежных спраў 27 краінаў Еўразвязу прынялі рашэнне пра працяг яшчэ на год мараторыю на санкцыі, накладзеныя на беларускіх высокапастаўленых чыноўнікаў. Санкцыі не адмененыя, але надалей і сам А. Лукашэнка, і ягоныя чыноўнікі могуць ездзіць у Еўропу. Гэта адзінае рашэнне, якое мог прыняць Еўрапейскі Звяз, які пакуль што не знайшоў эфектыўных магчымасцяў націску на беларускія ўлады, але хоча захаваць дыялог з Беларуссю – мяркуе А. Фядута. Еўразвяз павінен таксама разгледзець пытанне змяншэння цаны візаў для беларусаў, але перад прэзідэнцкімі выбарамі такое рашэнне было б успрынята як перамога Лукашэнкі.

А. Фядута: Гэта тое рашэнне, якое не задавальняе Лукашэнку, але гэта адзінае мажлівае рашэнне дзеля таго, каб дыялог мог працягвацца. Што тычыцца справы з візамі - 60 еўра для беларусаў - гэта вельмі дорага. Калі казаць пра тое, што беларусы павінны ведаць, што такое Еўропа, дык упусціце іх у Еўропу. Але калі зараз зрабіць танныя візы, да прэзідэнцкіх выбараў, Лукашэнка скажа - гэта мая перамога. Таму перамовы трэба весці, але ўсе павінны ведаць - гэта будзе ў тым выпадку, калі выбары будуць сапраўдныя, празрыстыя, нават калі абяруць Лукашэнку. Справа ня ў тым, што Лукашэнка дрэнны або добры. Павінны існаваць пэўныя стандарты дэмакратыі.

Госцю Варшаўскага універсітэту было зададзена таксама пытанне, ці ён бачыць пазітыўныя бакі кіравання краінай Аляксандра Лукашэнкі. На што Фядута адказаў, што, па-першае, гэта палітык нумар адзін у Беларусі, мацнейшых няма. Па-другое, дзякуючы яму Беларусь атрымлівала ад Расеі велізарныя, шалёныя грошы. Іншая справа, як нерацыянальна гэты сродкі выкарыстоўваліся. І, па-трэцяе, што самае важнае, - адзначыў А. Фядута, - дзякуючы палітыцы Лукашэнкі моладзь пачала станавіцца сапраўды свядомай, чаго не было раней. Гэта парадокс улады прэзідэнта Беларусі.

А. Фядута цікавіцца не толькі палітыкай. Ён распавёў таксама пра сваю дзейнасць у галіне, якую любіць больш за палітыку - гэта літаратура. Разам з жонкай ён выдае кніжкі. Нядаўна выйшла двухтомнае выданне - анталогія беларускай паэзіі 20 ст. і анталогія перакладаў на беларускую мову паэтаў свету 20 стагоддзя. Але гэта ўжо тэма для асобнай гутаркі.

Н.Г. "Польскае радыё для замежжа"