Нацыянальная мова ў дасьледаваньнях беларускага асяродка ў Каўнасе - 5

Аўтары “Крывіча” вялікае значэньне прыдавалі сэмантыцы. Вельмі многа ўвагі адводзілася разгляду значэньня асобных словаў, напр. у ваколіцах Мёраў, Шаркаўшчыны ды на Віленшчыне ўжываецца слова навец.

Аўтары “Крывіча” вялікае значэньне прыдавалі сэмантыцы (Л. А., Аб значэньні слова “бонда”, “Крывіч”, № 3, 1923, с. 51-52; У. С., Што такое “дунай”, “Крывіч”, № 5, 1923, с. 52; К. І., Слова “друя”, “Крывіч”, № 5, 1923, с. 53; І. Л., Навец, наўскі, “Крывіч”, № 6, 1923, с. 50; А. С., Палчанін, палачанін, “Крывіч”, № 6, 1923, с. 50; Т. О., Выцябкі і поцябкі, “Крывіч”, № 6, 1923, с. 50; У. С., Ярасьць і юрнасьць, “Крывіч”, № 6, 1923, с. 50-51; І. Л., Аб слове “кабета”, “Крывіч”, № 7, 1924, с. 96; О. У., Навязі і кудмяні, “Крывіч”, № 11, 1926, с. 107-108; А. С., Аб слове мурава, “Крывіч”, № 11, 1926, с. 110-111; У. Л., Карэнь “корс”, “корх”, выводныя ад яго словы і паняцьці ў крыўскай мове, Крывіч”, № 11, 1926, с. 110; О. І. (крыптонім Вацлава Ластоўскага), Аб слове “гаспадар”, “Крывіч”, № 12, 1927, с. 110-111; Л. А., Аб кораню “віт”, “вет” і выводных словах і паняцьцях, “Крывіч”, № 12, 1927, с. 108-109; С. Т., Словачын “рымзаць” і выводныя ад яго словы і паняцьці, “Крывіч”, № 12, 1927, с. 109-110). Вельмі многа ўвагі адводзілася разгляду значэньня асобных словаў, напр. у ваколіцах Мёраў, Шаркаўшчыны ды на Віленшчыне ўжываецца слова навец. Наўцом называлі сьвежа памерлага нябошчыка, а таксама нябошчыка, які пасьля сьмерці ходзіць у сваім целе й сьсе кроў. У гэтых ваколіцах навец проціпастаўляўся мярсьню, даўно памерламу, які рассыпаўся й ня мае ўжо цела, а паказваецца толькі як дух (І. Л., Навец, наўскі, “Крывіч”, № 6, 1923, с. 50). Прыводзіліся ў “Крывічы” цэлыя рады вытворныцх словаў, напр. ад кораня віт, вет, які ва ўсіх славянскіх мовах выражае паняцьце аб: – мове, вымаўленьні, красамоўстве: вітаць ‘сустракаць словамі, жадаючы добрага жыцьця й здароўя’, вітальніца ‘пакой, сьвятліца, у якой прымаюць гасьцей’, вяшчаць ‘прапаведаваць, прарокаваць’, весьціць ‘паведамляць’, вяшчба ‘прароцтва’, вешчы ‘каму ўсё ведама і хто прадказвае будучыню‘, вяшчэль ‘адгадчык, прарок’, вешчыца – паводле Даля, ‘ведзьма, якая кладзе сваё цела на ступу, а сама вылятае сарокай праз комін’, вядун ‘знахар’, ветны ‘бывалы чалавек, які многа ведае’, ветлы ‘прыветлівы, які ведае абычаі, таварыскі этыкет’; – а таксама аб старшынстве, старасьці, вечнасьці; пераможнасьці: ветхі ‘стары, даўны, аджываючы’, ветах ‘стары месяц’, вечнасьць ‘даўнасьць, як можна мысьлю сягнуць’; віцязь ‘храбры, удалы ваяр, пераможца’( Л. А., Аб кораню “віт”, “вет” і выводных словах і паняцьцях, “Крывіч”, № 12, 1927, с. 108-109). Аўтары “Крывіча” заклікалі да большай сьцісласьці ў тэрміналёгіі, разглядаючы такія паняцьці, як: нацыя й народнасьць, касмапалітызм ды інтэрнацыяналізм (В. Ластоўскі, Больш сьцісласьці ў тэрміналёгіі, “Крывіч”, № 12, 1927, с. 69-78) На старонках “Крывіча” было таксама нямала артыкулаў, прысьвечаных фанэтычна-граматычным пытаньням беларускае мовы. Ян Станкевіч у 8 нумары часопіса заклікае ня блытаць словаў з суфіксамі -іня ды -іна. Аўтар публікацыі зьвяртае ўвагу на тое, што найменьні з суфіксам -іня (велічыня, глыбіня, шырыня) маюць абстрактнае значэньне, і толькі слова старшыня мае канкрэтнае значэньне, тады калі словы з суфіксам -іна азначаюць у асноўным канкрэтныя рэчы й асобы (дубіна, мякіна, дзяўчына). Факультатыўнае выкарыстаньне гэтых суфіксаў шкодзіць чысьціні беларускае мовы (Я. Станкевіч, Іменьні з сыфіксам -іня, “Крывіч”, № 8, 1924, с.102-103). У 12 нумары часопіса ў артыкуле, прысьвечаным рэфармаваньню кірылаўскае азбукі, Вацлаў Ластоўскі зьвяртае ўвагу, што ўжо даўно насьпела неабходнасьць рэвізіі ўжываньня ў беларускай пісьменнасьці кірылаўскай азбукі. Забесьпячэньне літаратурнай мове ўмоваў здаровага разьвіцьця ў значнай ступені залежыць ад добрага дапасаваньня пісьмовых знакаў да гукаў жывой мовы ды ўстанаўленьня, згоднага з фанэтыкай і гісторыяй, правапісу. Рэформа – на думку аўтара – павінна ісьці ў напрамку скарачэньня колькасьці літар. На працягу свайго разьвіцця мова заўсёды спрашчалася. На пачатак сваю ўвагу засяроджвае ён на ятаваных галосных. Уважае, што можна было б з посьпехам заступіць іх спалучэньнямі літар а, е, о, у зь літарй і, што пазволіла б адлюстраваць і дыфтонгі, якія існуюць у жывой мове, а пры пісаньні адным знакам – заціраюцца. Непатрэбнае было б і э. Таксама можна было б зрэзыгнаваць з літар й ды ў. Неабавязкова здольнасьць гукаў скарачацца ці расшырацца трэба перадаваць на пісьме. На думку В. Ластоўскага, зрэфармаваная беларуская мова павінна складацца з 6 літар для азначэньня галосных замест 12 (а, о, у, е, і, ы), з 19 зычных замест 23 (б, в, г, д, ж, з, к, л, м, н, п, р, с, т, ф, х, ц, ч, ш) і з мяккага знаку (ь).( В. Ластоўскі, У справе рэформы кірылаўскае азбукі, “Крывіч”, № 12, 1927, с. 60-66) Разглядаліся фанэтычныя пытаньні. Пра пашырэньне на тэрыторыі Крывіі (Беларусі) дыфтангічнага вымаўленьня пісалі А. Матач (Дыфтонгі уо (юю=іуо), ыэ (іе), “Крывіч”, № 8, 1924, с. 104-105; “Крывіч”, № 9, 1925, с. 103-105) і Я. Станкевіч (Аб “панэ” і г. п., “Крывіч”, № 9, 1925, с. 103). На думку А. Матача, калі дыфтонг уо перадаецца як о, дык мэтазгодна было б дыфтонг іе перадавць праз е таксама ў канчатках слоў і пісаць зьвярэ, ваўке, а не зьвяры, ваўкі. Дарэчы, у вымаўленьні займеньнікаў мае, твае свае гэта ўжо зроблена, дык чаму ж не пашырыць гэтага правіла й на назоўнікі? – пытае А. Матач і адказвае, што найлепш было б дзеля адлюстраваньня дыфтонгаў знайсьці асобныя літары. На старонках 10 нумара “Крывіча” Я. Станкевіч разглядаў апазыцыю пачатковых гукаў о-е ў славянскіх мовах і адзначае, што чаргаваньне о-е зьяўляецца асаблівасьцю праіндаэўрапейскае мовы (Пачатнае “о - е” ў славянскіх мовах, “Крывіч”, № 10, 1925, с. 82-85). Апрача гэтага ў “Крывічы” абмяркоўвалася напісаньне пачатковага б і в у словах, узятых з грэцкае мовы (Пхілос, Аб напісаньні пачатбага грэцкага б і в ў крыўскай мове, “Крывіч”, № 11, 1926, с.105-106) ды пачатковых спалучэньняў ур (А.Цл., Аб напісаньні пачатнага ўр у крыўскай мове, “Крывіч”, № 11, 1926, с. 109) і ул (С.К., Аб напісаньні “ўл” у крыўскай пісьменнасьці, Крывіч № 12, , с. 111). Аўтары зьвяртаюць увагу на немэтазгоднасьць напісаньня в у словах тыпу варвар (па-беларуску павінна быць барбар) ды пачатковых ур і ул (вораг, валадар). Я тут пералічыла толькі некаторыя тэмы, якія закараналіся на старонках “Крывіча”. Але ўжо з гэтых кароткіх інфармацыяў выразна відаць, якое значнае месца адводзілі рэдактары “Крывіча” пад пытаньні нацыянальнае мовы. Асабліва вялікая колькасьць артыкулаў была аўтарства Вацлава Ластоўскага. Гэты выдатны дзеяч беларускага народу, палітык і прэм’ер ураду Беларускай Народнай Рэспублікі, праяўляў вялікі клопат пра лёс беларускае мовы, стараўся паказаць яе залаты век і гэтым самым заяўляў, што беларуская мова здольная выконваць ролю мовы дзяржаўнай. Каб ацаніць ролю беларускага асяродка ў Каўнасе ды ўсе заслугі Вацлава Ластоўскага на мовазнаўчай ніве, несумненна, трэба заняцца ягонымі дзьвюма грунтоўнымі працамі: Гісторыяй беларускай (крыўскай) кнігі і Расійска-Крыўскім (Беларускім) слоўнікам. Ніна Баршчэўская

"Польскае радыё для замежжа"


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение