Памерла апошняя прадстаўніца роду Луцкевічаў

21 кастрычніка ў горадзе Санкт-Пецярбургу на 99-м годзе жыцця памерла Марыя Чапялёва (з Шабуняў). Яе маці Эмілія была роднай сястрой слынных дзеячаў беларускага адраджэння Івана і Антона Луцкевічаў.

Яна нарадзілася 16 студзеня 1911 года ў горадзе Лібава (цяпер Ліепая, Латвія) у сям’і інжынера-чыгуначніка Алеся Шабуні і выпускніцы беластоцкага інстытута шляхетных дзяўчат Эміліі Луцкевіч. У 1916-м сям’я пераехала ў Мінск. Тут Марыя скончыла медынскі інстытут, пасля чаго разам з групай сяброў была арыштаваная і абвінавачаная ў антысавецкай прапагандзе. Асуджаная ў 1936-м на тры гады лагераў, яна ніколі ўжо не змагла вярнуцца ў Беларусь і нават цягам дваццаці гадоў не ведала пра лёс маці і сястры Яніны (бабулі славутага спевака Данчыка), якія падчас вайны выехалі за мяжу.Усё паслялагернае жыццё спадарыня Марыя працавала лекарам у Манчагорску Мурманскай вобласці. Распавядае дачка Маргарыта Пярова:“Мама была вельмі адданая сваёй працы. У хаце ў нас размаўлялі толькі пра лекі і хворых. Мама працавала і ўдзень, і ўвечары, і ноччу яе выклікалі”.Пасля выхаду на пенсію ў 1973 годзе яна пераехала да дачкі ў Санкт-Пецярбург і актыўна ўключылася ў жыццё беларускай грамады, а пазней і таварыства ахвяраў сталінізму “Мемарыял”. Спадарыня Пярова працягвае:“Не гледзячы на сталыя гады, на перажытае ў лагерах, яна была вельмі мабільная. Чатыры гады таму мы святкавалі беларускай грамадой яе 95-годздзе. Сабралася шмат людзей, прыязджаў Данчык. Так было прыгожа, так было цудоўна. Яна так добра выглядала, такая маладая. Побач з ёй людзі проста лепшымі станавіліся. Нейкае святло ад яе было. Што цёця Яня, што мама — гэта такая шляхетнасць, якой ужо няма”.Шматгадовае сяброўства з нашчадкамі Луцкевічаў звязвае Ірыну Ніжанкоўскую, унучатую пляменніцу першага рэдактара “Нашай Нівы” Аляксандра Ўласава і падчарку мовазнаўцы Браніслава Тарашкевіча. Развітанне з Марыяй Чапялёвай для яе — развітанне з цэлай эпохай першых беларускіх адраджэнцаў:“Яна была апошняй з таго старэйшага пакалення, каго я ведаю, звязаных з беларусамі. Наша сям’я больш веку сябравала зь сям’ёй Луцкевічаў. І гэта сяброўства наша працягваецца. Першы раз я пазнаёмілася з Марыяй Аляксандраўнай у Радашкавічах, куды яна прыехала са сваім стрыечным братам Лявонам Луцкевічам да маёй мамы. На жаль, пазней нашы спатканні былі больш сумныя. Некалькі разоў я з ёй сустракалася ў Вільні. Разам былі на пахаванні Зоські Верас, Юркі Луцкевіча. Пару гадоў таму я адведала гасцінны дом Марыі Аляксандраўны ў Пецярбурзе, і яна мяне ўразіла, што ў такім ужо веку сталым, каторая прайшла такое цяжкое жыццё, яна была вельмі аптымістычная, любіла пасмяяцца, пажартаваць, была такая вясёлая”.У Марыі Чапялёвай засталіся дачка Маргарыта і двое ўнукаў — Наталля і Павал.***Пра сястру сваёй бабулі ўспамінае Данчык:“Год таму назад у Пецярбург ездзіла мая сяброўка-ангелька, і я ёй параіў завітаць да маіх сваякоў, у чыёй сям'і галоўнай была *Манечка*, як мы заўсёды называлі малодшую ўлюбеную сястру маёй бабці. Пабываўшы ў гасцях, мая глыбока ўражаная новым знаёмствам сяброўка адразу напісала мне электронны ліст: "Я проста захопленая тваёй цёткай. Глядзела на яе і ўвесь час думала - гэта само Дабро. Ейныя вочы проста ззялі дабром!!"І сапраўды так было. Упершыню я пазнаёміўся з Манечкай, калі адбыўся ейны доўгачаканы прыезд у Нью Ёрк на пачатку 70-ых. Ніколі не забуду слёзы радасці маёй старэнькай прабабкі Эміліі, калі яна пасля столькіх дзесяцігоддзяў ізноў убачыла сваю дачку. Так і стаіць перад вачыма гэты драматычны момант іхніх першых абдымкаў у зацемненым калідоры нью-ёркскай кватэры маёй бабці.Мне было гадоў 12-13, і я тады захапіўся і палюбіў Манечку назаўсёды. Вельмі ганарыўся тым, што яна лекар – і да таго яшчэ такая прыгожая.Тады ёй было крыху больш, як мне сёння. Высокая, даўгія зграбныя ногі, на абцасах-шпілечках, у чырвонай сукенцы, з цыгарэткай у адной руцэ, кілішкам у другой... Танчыла, смяялася... Блакітныя вочы, усмешка і дабрыня....Сёння абарвалася тоненькая нітачка, якая яшчэ неяк звязвала з успамінамі, з далёкім мінулым... ня толькі маім асабістым, але й нашым нацыянальна-супольным...”