У сваім Чыкага я памятаю пра сваё Глыбокае

Я з вялікім сумам у сэрцы прачытала артыкул "Загадкі страшнай знаходкі". Хацелася б і мне прыехаць у праваслаўную царкву ў Глыбокім і памаліцца за супакой душ знойдзеных там у скляпенні Божых людзей. Не ведаю, якога часу гэта ахвяры. Але добра памятаю, што рабілася за Сталінам.

Мне было ўсяго восем гадоў, як прыйшлі да нас саветы. Многа прыйшлося чуць ад маіх Мамы і Таты аб здзеках, учыненых тады і пазней супраць нашага беларускага народа. Людзі Божыя гінулі як мухі тады. А калі прыйшлі да нас немцы, усю віну складалі саветы на немцаў.

Маю сям’ю тады ледзь не павезлі ў Сібір толькі таму, што Мама сказала: "Што гэта за ўлада, што мы мусім даваць і даваць, а нам нічога не дастаецца ўзамен?" Саветчык тады ўзяў блакнот са свайго партфеля і запісаў нашу сям’ю на вываз у Сібір, зазначаючы, што наша сям’я — "ворагі Савецкага Саюза". Гэта было 21 чэрвеня пасля абеду, а назаўтра распачалася вайна. Саветчыка знайшлі ўтопленага ў рацэ Бярэзіне разам з яго партфелем назаўтра, 22 чэрвеня. І ў тым партфелі ў блакноце было і наша прозвішча. Так мы цудам уратаваліся ад смерці, якую нам рыхтавалі саветы, вывезшы ў Сібір.

Вера Рамук, Чыкага (ЗША)

"Наша Ніва"