У жніўні 2011 года плануецца правесці тэлемост „Мадрыд — Мінск”

Падчас урачыстых мерапрыемстваў Сусветнага дня моладзі, які будзе адбывацца 16–21 жніўня 2011 года ў Мадрыдзе, плануецца правесці малітоўны тэлемост „Мадрыд — Мінск”.

Дзякуючы гэтаму тэлемасту вернікі Беларусі злучацца ў супольнай малітве са Святым Айцом і ўдзельнікамі ўрачыстасцяў, падобна таму, як гэта адбывалася ў 2008 г. у Івянцы. Чакаецца, што на сустрэчу ў Мадрыд прыедзе таксама дэлегацыя з Беларусі.

Сусветны дзень моладзі прадугледжвае ўрачыстую святую Імшу з удзелам каля 1000 біскупаў, якая будзе цэлебравацца на плошчы Плаза дэ Кібэлес. Запланавана таксама працэсія з удзелам моладзі па алеі Пасео дэ ла Кастэлана, якая перасякае цэнтр Мадрыда.

Чакаецца, што ў мерапрыемстве прымуць удзел больш за 3 тысячы святароў. Акрэдытацыю атрымаюць каля 4 тысяч журналістаў. У валанцёрскай працы будзе задзейнічана як мінімум 10 тысяч добраахвотнікаў.

Варта нагадаць, што летам 2008 года адбыўся тэлемост, які спалучыў Івянец і Сіднэй падчас Сусветнага дня моладзі, што праходзіў у Аўстраліі.

Паводле "Польскага радыё для замежжа"