Вуліца Дудаева ў Рызе можа стаць вуліцай Янкі Купалы

Цягам двух тыдняў Дэпартамент гарадскога развіцця Рыжскай думы (РД) атрымаў тры заявы з прапановамі аб перайменаванні вуліцы Джахара Дудаева.Сярод прапановаў: узнаўленне ранейшай назвы вуліцы — Касманаўтыкас гатве, перайменаванне ў вуліцу Ахмада Кадырава ці вуліцу Янкі Купалы.

Адзін з ініцыятараў збору подпісаў па перайменаванні вуліцы Ігар Ватолін паведаміў, што пад зваротам да РД плануецца сабраць некалькі тысяч подпісаў.

Лідэр фракцыі Jaunais laiks у РД Эдгар Яўнупс назваў спробы перайменаваць вуліцу Дудаева "рэваншызмам новых гарадскіх уладаў".

Лідэр "Грамадзянскага саюза" Гіртс Валдзіс Крыстоўскіс таксама абяцае, што яго партыя выступіць за захаванне сённяшняй назвы вуліцы, бо Дудаеў змагаўся за свабоду свайго народу. Пры гэтым кіраўнік Камісіі па наданні назваў пры Рыжскай думе Віта Віртмане упэўнена, што для новага рашэння думы няма ніякіх падстаў.

Вуліца Джахара Дудаева з’явілася ў Рызе ў 1996 г. Вуліцы ў гонар былога прэзідэнта Чачні ёсць таксама ў Босніі, Эстоніі, Польшчы, Турцыі і ва Украіне. У Вільні ў гонар генерала назвалі плошчу.

"Наша Ніва" са спасылкай на delfi.lv