У Польшчы выдадзена кніга "Касцёл і ўлада на Гомельшчыне (20—30-я гады ХХ стагоддзя)"

У тыпаграфіі навуковых выданняў у Лодзі (Польшча) у сярэдзіне верасня выйшла кніга "Касцёл і ўлада на Гомельшчыне (20—30-я гады ХХ стагоддзя)".

Зборнік архіўных дакументаў аб адносінах каталіцкай царквы і ўлады быў падрыхтаваны выкладчыкамі-гісторыкамі Гомельскага  дзяржаўнага універсітэта імя Францыска Скарыны Віктарам Пічуковым і Андрэем Лебедзевым у сааўтарстве з ксяндзом-дэканам Гомельскага дэканата Славамірам Ляскоўскім. Выданне ўбачыла свет пры падтрымцы Інстытута нацыянальнай памяці і Інстытута Цэнтральна-Усходняй Еўропы. Дакументы для кнігі выяўлены ў шэрагу беларускіх архіваў.

Ва ўступным слове да зборніка гаворыцца, што выданне ўключае недаступныя да гэтай пары і таму невядомыя архіўныя матэрыялы, якія адлюстроўваюць палітыку савецкай улады ў дачыненні да каталіцкай царквы ў Беларускай ССР у 1920—1930-я гады. Большасць з 369 дакументаў, апублікаваных у кнізе, былі створаны ў дзяржаўных  арганізацыях, партыйных органах і Саюзам ваяўнічых бязбожнікаў, які ўваходзіў у дзяржаўныя структуры.  "Яны пацвярджаюць вядомы тэзіс пра тое, што барацьба з рэлігіяй і каталіцкай царквой, якая лічылася бастыёнам супраціўлення камуністычнаму рэжыму, была адным з найбольш важных заданняў савецкай улады. Мэта, якую яна ставіла перад сабой, — ліквідацыя гэтай Царквы, была дасягнута ў 1938 годзе. Тады ў Беларусі былі расстраляны і арыштаваны апошнія святары, закрыты ўсе дзейныя да гэтага часу касцёлы", — піша ў прадмове да выдання прафесар Каталіцкага універсітэта ў Любліне ксёндз Раман Дзванкоўскі.

Аўтары ўключылі ў зборнік дакументы 1955—1957 гадоў, што адносяцца да рэвізіі судовых працэсаў 1937—1938 гадоў, па выніках якіх вынесеныя смяротныя прысуды адразу прыводзіліся ў выкананне. Дакументы паказваюць, што прыгаворы, заснаваныя на абвінавачанні каталіцкіх святароў у кіраўніцтве дзейнасцю антысавецкіх польскіх арганізацый у Беларусі, не маюць якіх-небудзь рэальных падстаў. Дакументы зборніка таксама сведчаць пра тое, як вернікі абаранялі сваё рэлігійнае жыццё і былі асуджаны за гэта на працы ў лагерах, што пагражалі смерцю, ці на расстрэл.

"Перыяд 1920—1930-х цікавы не толькі сваёй малавывучанасцю, але і тым, што гэта быў, відаць, самы драматычны перыяд у гісторыі рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі. Ні да, ні пасля касцёл не зазнаваў такіх маштабных ганенняў", — лічаць складальнікі кнігі.

"БелаПАН"