Беларусы Масквы адзначылі ўгодкі Аршанскай бітвы разам з Уладзімірам Арловым

12 верасня з ініцыятывы Маскоўскай Грамады Беларускай Культуры ў Цэнтральнай бібліятэцы Расійскай сталіцы адбылася сустрэча з вядомым беларускім пісьменнікам Уладзімірам Арловым.

Імпрэза мела дзве часткі: гістарычную і літаратурную. Нагодай для сустрэчы сталі 495-ыя ўгодкі Аршанскай перамогі. На вечарыне гутарка таксама ішла яшчэ пра дзве значныя гістарычныя падзеі: 1000-годдзе Літвы і 440-годдзе Люблінскай уніі. Па словах Уладзіміра Арлова, сустрэча выклікала цікаваць не толькі ў прадстаўнікоў беларускай дыяспары ў Маскве:"Трэба сказаць, што сустрэча выклікала нечакана вялікую, пэўна і для саміх арганізатараў, цікавасць. Там былі не толькі беларусы, але і прадстаўнікі ўкраінскай дыяспары, можа быць і іншых дыяспар, мяркуючы па пытаннях пра стасункі ліцвінаў і габрэяў у сярэднявеччы  альбо беларускіх татараў і беларускіх габрэяў". Падчас сустрэчы адбылася прэзентацыя новай кнігі Уладзіміра Арлова – зборніка вершаў “Усё па-ранейшаму, толькі імёны змяніліся”, якая нядаўна пабачыла свет ў прыватным сталічным выдавецтве “Логвінаў”. Паводле "Радыё Рацыя"