У Адэлаідзе (Аўстралія) адышоў у лепшы свет беларускі святар Міхась Бурнос

Міхась Бурнос7 верасня 2009 г. адышоў у лепшы свет адзін з найбольш актыўных беларусаў Адэлаіды (Аўстралія) святар Міхась Бурнос. М. Бурнос нарадзіўся 12 кастрычніка 1924 г. у в. Лясок Наваградскага павета. Вучыўся ў Наваградскай настаўніцкай семінарыі, быў сябрам Саюза беларускай моладзі.

У паваеннай Нямеччыне апынуўся ў лагеры для перамешчаных асобаў у Мітэнвальдзе, затым у Беларускім лагеры АВС у Ватэнштэце. Вучыўся ў Беларускай гімназіі імя Максіма Багдановіча ў Ватэнштэце. У 1949 г. выехаў паводле кантракту ў Аўстралію. Ад 1952 г. жыў у Адэлаідзе (Паўднёвая Аўстралія), належаў да парафіі Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы Святых апосталаў Пятра і Паўла. Кіраваў царкоўным хорам, стварыў музычную групу "Зорка", пазней кіраваў дзіцячым танцавальным гуртом "Лявоніха", быў настаўнікам прыцаркоўнай школы.

Міхась Бурнос разам з жонкай Вольгай браў актыўны ўдзел у працы Беларускага аб’яднання ў Паўднёвай Аўстраліі, Федэральнай рады беларускіх арганізацый у Аўстраліі. Ён стаў адным з заснавальнікаў аўстралійскага чарнобыльскага фонду.

4 студзеня 1987 г. Міхась Бурнос атрымаў святарскія свячэнні і далей цягам 12 гадоў быў настаяцелям парафіі БАПЦ у Адэлаідзе.

Айцец Бурнос стаў адным з заснавальнікаў і першым старшынём Беларускага гістарычнага згуртавання ў Аўстраліі, намаганнямі якога сталі збірацца архівы аўстралійскіх беларусаў, запісвацца ўспаміны. Ён шмат зрабіў для беларусаў Адэлаіды і Аўстраліі наогул, быў сумленным і шчырым беларусам.

Памёр у шпіталі Адэлаіды на 85-м годзе жыцця, на пяць гадоў перажыўшы сваю жонку.

"Наша Ніва"


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение