Моўныя пытаньні на старонках беларускіх выданьняў у Нямеччыне – 7

Ніна БаршчэўскаяЗдаўна вядуцца спрэчкі пра гісторыю назову Беларусь. Таксама беларускія вучоныя ў замежжы цікавіліся гэтым пытаньнем.

Гісторыяй тэрміну Беларусь заняўся на старонках „Беларускай Праўды”, якая выдавалася з Віндсбэрзе, Віктар Астроўскі. (Назоў Беларусь, у: „Беларуская Праўда”, № 14, люты 1973, Віндсбэрг, с. 3-6; № 23, сакавік 1975, Віндсбэрг, с. 9) У артыкуле аўтар сьцьвярджае: „Гістарычныя дакуманты паказваюць, што назоў Белая Русь паявіўся ў пэрыядзе паяўленьня назоваў Літва і Русь. Гэта быў пэрыяд паўставаньня арганізаваных людскіх згуртаваньняў у сэнсе дзяржаўным.” (Тамсама, № 14, с. 3)

В. Астроўскі заўважыў, што пытаньнем паходжаньня назову Белая Русь цікавіліся ангельскія вучоныя ўжо 200 гадоў таму. Гісторык і картограф Тамаш Кітчын стараўся выясьніць гэтае пытаньне ў сваёй працы Мадэрная частка агульнай гісторыі, (т. 35), выдадзенай у Лёндане ў 1762 годзе. Кітчын адзначыў, што выкарыстоўваньне эпітэтаў тыпу белы, чорны ляжыць у звычаях усходніх славянаў. „Яны называюць каралеўскія грунты і грунты знаці, непадлягаючыя ападаткаваньню – белымі грунтамі, ды наадварот, яны называюць сялян і людзей ніжэйшага стану – чорнымі людзьмі, бо чорны колер у іх не адзначаецца пашанай.” (Тамсама с. 4)

Вялікай папулярнасьцю карыстаецца тэорыя, што назоў Белая Русь зьвязаны з колішняй татарскай няволяй, калі толькі абшары Полацкага й Пінска-Тураўскага Княстваў ніколі не былі паняволеныя татарамі. Прыкладам можа быць праца вядомага польскага гісторыка Сымона Старавольскага Polonia, выдадзеная ў Кёльне ў 1632 годзе, у якой аўтар Маскоўшчыну называе Чорнай Русяй, а бальшыню беларускіх земляў, уключна з Смаленшчынай, Севершчынай і Чарнігаўшчынай залічвае да Белай Русі.

Сягаючы яшчэ далей у мінуўшчыну, мы бачым, што тэрмін Белая Русь у значэньні свабоды ўжо спатыкаўся ў 1135 годзе ў Раскольніцкім і Растоўскім рукапісах.

Тэрмін Белая Русь даволі часта выступае ў заходнеэўрапэйскіх крыніцах 14-га стагодзьдзя ў вершаваных творах прысьвечаных паходам крыжакоў. Белая Русь гэтых крыніцаў – гэта Пскоўшчына і Ноўгарадчына. У ананімнай хроніцы польскага аўтара Янкі з Чарнкова пад 1382 годам Полацак названы горадам Белай Русі.” (Тамсама с. 5)

Тэрмін Белая Русь у сэнсе ‘свабодная Русь’ мае сваю аналёгію ў сёньняшніх суадносінах Захаду з Усходам. Захад часта называецца Вольным Сьветам.

У гісторыі бывала, што частка беларускай тэрыторыі называлася Чорнай Русяй, альбо напераменку – то Чорнай, то Белай Русяй называлася Маскоўшчына. Гэта залежала ад пункту погляду аўтара. Дзеля прыкладу: „на картах С. Мюнстэра, у лацінскім перакадзе Пталамея з 1540 году Белая Русь знаходзіцца паміж Дняпром, Дзясной і Псолай тады, калі гэтая самая тэрыторыя азначаная як Чорная Русь на карце: Дакаднае апісаньне цэлай Мадзяршчыны, Трансільваніі, часткі Польшчы, Падоліі... і т. д., нарысаванай ведамым Гастальлі ў 1546 г. і якая знаходзіцца ў ватыканскай калекцыі картаў. (...)

Яшчэ пару прыкадаў з галіны картаграфіі: на карце Івана Ляцкага, выкананай Антонам Ведам у 1542 г. ёсьць лацінскае паясьненьне наступнага зьместу: Маскоўшчына, як і ўся Белая Русь, не абмяжоўваецца эўрапэйскай часткай Сармаціі, але больш прасьціраецца ў Азіі. Тут тэрмін Белая Русь не ідэнтыфікуецца з тэрмінам Маскоўшчына.” (Тамсама с. 5)

Віктар Астроўскі заўважыў, што рознымі картаграфічнымі данымі трэба карыстацца вельмі асьцярожна, таму што часта яны дайшлі да нашых дзён у стане пераробленым, пры гэтым нярэдка малакампэтэнтнымі людзьмі.

У 1507 г. была апублікаваная карта польскага картографа Б. Вапоўскага, на якой аўтар ужо азначыў маскоўскую тэрыторыю: Маскоўшчына або Белая Русь. Ад гэтага часу заходнія картографы і пачалі ідэнтыфікаваць Маскоўшчыну з Белай Русяй у геаграфічным сэнсе. Справа гэтая пачала выясьняцца з паяўленьнем картаў Боўплана у 1651 г., Ф. Віта ў 1680 і Гомана ў 1706 г. (...) Паступова, з разьвіцьцём навуковай картаграфіі, назоў Белая Русь замацоўваецца выключна ў адносінах да сяньняшняга этнаграфічнага абшару Беларусі, а зьнікае з картаў, азначаючых тэрыторыю, якая была пад мангола-татарскім панаваньнем.” (Тамсама с. 6)

У выніку аналізу аўтар прыйшоў да высновы, што назоў Беларусь этымалягічнага паходжаньньня замацаваўся адносна беларускай тэрыторыі ў выніку гістарычных падзеяў і перахаваўся, дзякуючы адвечнаму існаваньню беларускай этнічнай масы.

Да тэмы назову Беларусі В. Астроўскі вярнуўся ў 23 нумары „Беларускай Праўды”. (Тамсама, № 23, с. 9) Напісаў ён пра тыя памылкі дасьледнікаў, што вынікаюць зь існаваньня розных назоваў дзеля азначэньня беларускай тэрыторыі, як, напрыклад, Вялікага Княства Літоўскага, якое ў скароце называлася Літвой, але ж назоў гэта не адносіўся да тэрыторыі сёньняшняй Летувы, толькі ўключаў беларускія землі.

Ніна Баршчэўская, "Польскае радыё для замежжа"