Беларусь і Польшча падпісалі мемарандум аб супрацоўніцтве ў сферы электраэнергетыкі

Беларусь і Польшча падпісалі мемарандум аб супрацоўніцтве ў сферы электраэнергетыкі. Як паведаміла прэс-служба беларускага ўрада, падпісанне дакумента адбылося пасля сустрэчы прэм'ер-міністраў дзвюх дзяржаў 1 верасня ў Гданьску. З беларускага боку подпіс пад дакументам паставіў міністр энергетыкі Аляксандр Азярэц, з польскага — намеснік прэм'ер-міністра, міністр эканомікі Вальдэмар Паўляк.

Мемарандум мае рамачны характар, вызначае асноўныя кірункі супрацоўніцтва ў  электраэнергетычнай сферы, якія ў далейшым могуць быць развіты і замацаваны адпаведнымі пагадненнямі. Дакумент стварае ўмовы для рэалізацыі супрацоўніцтва ў сферы ўзаемавыгаднага гандлю электраэнергіяй, яе транзіту і паставак. Прадугледжваецца таксама абмен вопытам і ажыццяўленне двухбаковых кансультацый па пытаннях будаўніцтва электраэнергетычных аб'ектаў. Падчас рабочага візіту ў Польшчу прэм'ер-міністр Сяргей Сідорскі таксама сустрэўся з прадстаўнікамі польскіх дзелавых колаў, у прыватнасці з кіраўніцтвам кампаній "Электрабудова", "Фамур", "АКJ Інвестмент". Польскае АТ "Электрабудова" зацікаўлена інвеставаць у арганізацыю вытворчасці аўтаматычных сістэм кіравання для ГВА "Белэнерга". Паводле інфармацыі членаў беларускай дэлегацыі, прадукцыя ВА "Электрабудова" і ўкараняемыя на ім тэхналагічныя рашэнні могуць быць выкарыстаны пры мадэрнізацыі дзеючых і будаўніцтве новых генерыруючых магутнасцей у Беларусі, напрыклад, Зэльвенскай вугальнай электрастанцыі і будучай беларускай АЭС. АТ "Электрабудова" гатова разгледзець любы прымальны для беларускага боку варыянт супрацоўніцтва ў гэтай сферы: стварэнне новай вытворчасці, кааперацыю з беларускімі заводамі, стварэнне сумеснага прадпрыемства і іншыя. ГВА "Белэнерга", са свайго боку, пацвердзіла зацікаўленасць у практычнай прапрацоўцы пытанняў наладжвання супрацоўніцтва з польскім прадпрыемствам.

"БелаПАН"


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение