Моўныя пытаньні на старонках беларускіх выданьняў у Нямеччыне – 6

Родная мова – вялікае багацьце, якое народ павінен цаніць і шанаваць. Гэта мова злучае людзей у адзін народ. Як дарагая родная мова, кожны адчувае наймацней тады, калі апынецца на чужыне.

Толькі ворагі беларушчыны альбо зусім цёмныя людзі могуць казаць, што беларуска мова – гэта мешаніна маскоўскай і польскай моваў. Шмат вучоных людзей розных нацыянальнасьцяў вывучылі беларускую мову. Усе яны аднагалосна кажуць, што беларуская мова зусім самабытная, такая ж асобная славянская мова, як напр. польская ці маскоўская – напісаў Вацлаў Ластоўскі.

Даўней нашая мова была аднэй з самых культурных усходнеславянскіх моваў, ёю гаварылі князі нашыя, князі і вяльможы Вялікага Княства Беларускага (Літоўскага), ды каралі польскія. Беларуская  мова   была  мовай  дыплёматычнай   на  ўсходзе  Эўропы. У беларускай мове ў Вялікім Княстве Беларускім (Літоўскім) пісаліся ўсе законы, вяліся усе ўрады і суды, адбываліся соймы і інш. Ад тых часоў захавалася багата дакумэнтаў, кніг, граматаў і ўсе яны пісаліся чысьцюсенькай нашай беларускай мовай”. (В. Ластоўскі, Што трэба ведаць кожнаму беларусу?, у: „Незалежная Беларусь”, № 3, ліпень 1960, Лягенфэльд, с. 2)

Пазьней наступілі для Беларусі змрочныя часіны.

Калі нашая бацькаўшчына падпала пад Расею (Маскоўшчыну), дык нават зусім было забаронена што-небудзь пісаць і друкаваць пабеларуску. Толькі ў 1905 годзе, у час расейскай рэвалюцыі, беларусы дамагліся права друкаваць кнігі ў сваёй мове. За кароткі час ад 1905 г. беларускія пісьменьнікі напісалі багата прыгожых і цікавых кніжак, стварылі новую беларускую літаратуру.” (Тамсама)

Беларуская мова, як і кожная іншая мова, мае свае дыялекты й гаворкі, напрыкад: віцебскія, смаленскія, палескія, цэнтральныя менска-слуцкія, і г.д.

Чаму некаторыя беларусы цураюцца свае мовы? – задумоўваецца В. Ластоўскі ды адказвае: – Адны зь іх адраклісіа ад роднае мовы дзеля свае асабістае карысьці, бо пайшлі ў найміты да чужынцаў і працуюць зусім сьведама на шкоду беларускаму народу, каб яго выгубіць. Другія не гавораць празь цемнату сваю, бо паверылі ворагам беларушчыны, што беларуская мова брыдкая й простая. „Абавязак кожнага сьведамага беларуса з першымі – ворагамі – змагацца, а другіх – цёмных – усьведамляць, выясьняючы ім праўду і навучаючы гісторыі нашай ды шырачы беларускае друкаванае слова. (...)  Калі-б мы нашую родную мову закінулі, забыліся, а прынялі чужую, тады па нас і сьлед загінуў-бы на зямлі.” (Тамсама)

Ужо Францішак Багушэвіч пісаў: Не пакідайце-ж мовы нашай беларускай, каб ня ўмерлі!

Пішучы пра мінуўшчыну Беларусі, рэдактары эміграцыйных беларускіх выданьняў у Нямеччыне часта зьвярталі ўвагу на блытаніну назоваў беларускага народу.

У артыкуле пад загалоўкам Не блытаць назову, зьмешчаным у часопісе „Вехі” (№ 25, ліпень 1972, Віндсбэрг), адзначаецца, што беларусаў у мінулым называлі крывічамі, дрыгавічамі, палешукамі і г. д., залежна ад таго, дзе хто жыў і як называлася тая частка краіны. З часам гэтыя назовы перасталі ўжывацца дзеля абазначэньня ўсяе нацыі й цэлае краіны.

У значэньні нацыі беларусаў называлі рускімі, літоўцамі й беларусамі. Гэтая блытаніна прычыніла беларускаму народу найбольш шкоды, таму што ўсё тое, што было зроблена ў пэрыяд ВКЛ зараз прыпісваецца летувісам, якія ў той гістарычны час не называліся ліцьвінамі, але жмудзінамі. У сваю чаргу дасягненьні з пэрыяду Русі стараюцца залічыць да сваіх дасягненьняў расейцы. У даўнія часы Беларусь і Украіна называлісіа Русьсю. Была Русь Кіеўская, была Чырвоная, была й Беларусь, а сёньняшняя Расея ў той пэрыяд называлася Масковіяй і ня мела нічога супольнага з Русьсю, бо 200 гадоў знаходзілася пад татарамі, а цяпер мае прэтэнзіі да цэлай Русі, г. зн. да Беларусі й Украіны. Калісь гаварылі, „не ў армію забралі, але – у маскалі забралі, г. зн. у маскоўскае войска.” (Тамсама)

Менавіта, пад уплывам расейскай мовы пайшла блытаніна з назовамі Беларусі й беларускага народу. Гэта яны сталі жмудзінаў называць літоўцамі, хаця самі жмудзіны называюць сябе летувісамі, бо назовы Літва й літоўцы (значыць – Беларусь і беларусы) паўсталі тады, калі беларуская мова была пануючай у ВКЛ.

Пра гэтую блытаніну назоваў трэба часта прыгадваць, а гэта з той мэтай, каб чужыя народы не прыпісвалі сабе спадчыны беларускай культуры і гісторыі.” (Тамсама)

Ніна Баршчэўская, "Польскае радыё для Замежжа"


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение