"Воплі Відаплясава" праспявалі пад бел-чырвона-белым сцягам

Фестываль Be‑Free у Чарнігаве пацвердзіў сваё права на існаванне. Але за межамі Беларусі. Фэст Be‑Free прайшоў 22‑23 жніўня, у трэці раз.

У Гомелі ў суботу вакзалы былі запоўнены маладымі людзьмі з заплечнікамі і намётамі, спальнікамі і дыванкамі. Але свабодных білетаў да Чарнігава не было. Бліжэйшы аўтобус, на якім можна было патрапіць на фэст, адыходзіў толькі а 15 гадзіне. На ўсе папярэднія месцаў не было. Заставалася толькі ехаць таксоўкай альбо аўтаспынам.

Адны таксоўшчыкі прапаноўвалі ехаць наўпрост да Чарнігава, іншыя — толькі да мяжы. Але на мяжы стварыўся дзесьці кіламетровы корак, у якім прыйшлося прастаяць тры гадзіны.

За гэты час дзесяткі чалавек пераходзілі мяжу пешкі, спадзяючыся на ўкраінскай тэрыторыі знайсці транспарт. Але аўтаспын аказаўся неэфектыўным. Таму шмат людзей проста прыехалі пад самы канец першага дня фестывалю, а некаторыя і ўвогуле прапусцілі выступы гуртоў.

"Ляпісы" далі прыкурыць

Каля чарнігаўскіх вакзалаў — чыгуначны і аўтобусны знаходзяцца побач — стаялі напагатове таксоўшчыкі. За 20‑25 грывен яны прапаноўвалі адвезці да месца правядзення фэсту. Хоць яны і не разумелі, што адбываецца ў іхным горадзе, але ўсведамлялі, што гэта нешта важнае.

Арганізатары планавалі сабраць сёлета 20 тысяч чалавек. Ці спраўдзілася тое, сказаць цяжка. Але на пачатку выступаў ахоплівала трывога. Каля сцэны было надта мала людзей. «Ці не паўторыць сёлетні Be‑Free лёс BelaMusic пад Мінскам?», — падумалася. Абышлося. З кожнай гадзінай людзей станавілася больш і больш. Толькі сядалі паводдаль ад сцэны. Было заўважна, што яны прыехалі паслухаць не «Небо для Себе», Re1ikt, B:N, ZATOCZKA. У большасці іх не захапіла выступленне Scrudg, Partyzone, Pomidor/OFF, Znich.

Калі пачаў выступаць французскі гурт Vladivostok, народ абудзіўся. Людзі пачалі падцягвацца да сцэны. А як да мікрафона выйшаў Сяргей Міхалок, чалавечае мора заштарміла. У скокі пусціліся ўсе.

Уседзець маглі хіба толькі тыя, хто фізічна не мог падняцца з зямлі. Нават бацькі з малымі дзецьмі на руках лезлі ў самую гушчу натоўпу. Пасля выступлення «Ляпісаў» высвятлілася, што ў тэхніка і гітарыста гурта зніклі дакументы.

Чарнігаў — беларускі горад

Раніцай наступнага дня шмат хто з беларусаў пайшоў аглядаць горад. З некаторымі даводзілася сутыкацца ў розных месцах Чарнігава па тры‑чатыры разы.

— Вы беларусы? — спытаўся нейкі дзядька‑ўкраінец падчас нашага вандравання.

— Так.

— А на фэст сёння пойдзеце? Там будзе бойка…

На здзіўлены погляд ён пачаў тлумачыць.

— Учора наша кампанія прыйшла паслухаць музыку, а беларусы сказалі, каб мы валілі, бо гэта іх фестываль. І Чарнігаў, маўляў, беларускі горад.

Натуральна, што ніякай бойкі не было. Ад выпітага дзядзька аказаўся проста няздольным дайсці да канцэртнай пляцоўкі.

Другі дзень фестывалю быў не менш насычаным. З пачаткам людзей сабралася няшмат, яшчэ менш танчыла. Бяссоная ноч у намётавым мястэчку, дало пра сябе знаць і выпітае напярэдадні. Большасць аддала перавагу адпачынку на траве.

Распачалася праграма з выступленняў Лены Івановай, Glofira, Hair Peace Salon.

Спевы Вольгі Самусік з гурта "Тарпач" прынеслі расчараванне, што было відаць па незадаволеных выразах на тварах людзей. Вакалістка гурту была відавочна не ў форме. Гэта яшчэ адчулася на дзень раней, калі яна спела дуэтам з B:N «Спіралі». Свой адбітак на няўдалае выступленне наклала і тое, што перад канцэртам бубнач гурту згубіў свае барабаны, а гітарыст параніў руку.

Далей ігралі «Назад Шляху Немає», LitvinTroll, Imprudence, Падчас выступупу польскага гурту Zero‑85 знікла электрычнасць. На шчасце, ненадоўга. Заканчвалі праграму легенды айчыннай і ўкраінскай рок‑музыкі ULIS і «Воплі Відаплясава». Алег Скрыпка ў канцы выступлення ўзняў бел‑чырвона‑белы і жоўта‑блакітныя сцягі, што надта даспадобы прыйшлося слухачам.

Be‑Free перастане вандраваць

Сёлета майкі з лагатыпам фэсту былі жоўтага колеру. Глядзелася нядрэнна, прынамсі, не так змрочна, як мінулагоднія чорныя. Вось толькі на ўсіх маек не хапіла. Шмат хто з хадзіў з намаляванымі на шчоках, руках, грудзях бел‑чырвона‑белымі і жоўта‑блакітнымі сцягамі. Зрэдку сустракаўся расійскі трыкалор. Былі і сапраўдныя сцягі. Найбольш нашых, нацыянальных.

Арганізатарамі Be‑Free ужо традыцыйна высутпілі «Беларуская музычная альтэрнатыва», ініцыятыва «Студфармат», «Еўрапейскае радыё для Беларусі». Яшчэ да пачатку фэсту гаварылася, што менавіта ў Чарнігаве ён будзе праводзіцца пастаянна. Ці будзе так, даведаемся пазней. Але відавочна, што чарнігаўская пляцоўка лепшая за луцкую і львоўскую.

Транспарт затрымліваў пад'езд людзей.
Хтосьці танчыць...
А хтосьці адпачывае актыўна.
«Vladivostok» з Францыі ў другі год выступае на «Be Free!»
Хэдлайнеры першага дня фэсту — «Ляпіс Трубяцкой».
Розныя — роўныя.
Спявае Тарпач.
Алег Скрыпка з ягонымі «Воплямі»...
...і нашым сцягам.

Сяргей Макарэвіч, фота Настассі Доду-Цілаевай

"Наша Ніва"

Болей фота з фестывалю глядзіце на сайце  budzma.org.


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение