Моўныя пытаньні на старонках беларускіх выданьняў у Нямеччыне

Росквіт беларускае дзяржаўнасьці, культуры, літаратуры й асьветы назіраўся ў XVІ ст., які таму й называецца Залаты векам.  Гэта быў век адраджэньня беларускага народу, адраджэньня вялікіх традыцыяў Полаччыны – калыскі беларушчыны ў дзяржаўна-палітычных і культурных яе праявах.

У 4 нумары „Пагоні” зьмешчаны артыкул Уладзімера Глыбіннага пад загалоўкам Залаты век. (у: „Пагоня”, № 4, лістапад 1946, Зальцбург, с. 48-52 )

Адным з слаўных сыноў Беларусі гэтага часу зьяўляцца Францішак Скарына з Полацка, які, атрымаўшы асьвету за межамі Беларусі, аддаў свае веды на карысьць свайго народу.

Першы беларускі друкар ужо ў 1517 годзе выдаў у Чэскай Празе першую друкаваную кніжку ў беларускай мове – Псалтыр. Каб зразумець вялікае асьветніцкае значэньне Псалтыра, трэба ўспомніць, што па ім вучыліся грамаце – адзначае У. Глыбінны на старонкацх зальцбургскай „Пагоні”.

„Пачынаючы друкаваць кнігі ў беларускай мове, Францішак Скарына перш за ўсё кіраваўся народнымі інтарэсамі, зацікаўленасьцяй наблізіць кніжную мову да народных масаў. (...) Каб наблізіць сваю асьветніцкую і друкарскую справу да свайго народу, Францішак Скарына пераяжджае ў Вільню і тут, заклаўшы пры дапамозе сына мястовага райцы Багдана Онькава і віленскаха бурмістра Якуба Бабіча ў доме апошняга друкарню, распачаў друкаваньне кніжок ужо на роднай зямлі. У сакавіку 1525 году ён выпусьціў у сьвет друкаваную кнігу „Апостол”, пасьля яшчэ „Малую падарожную кніжыцу”. Кнігі, выдрукаваныя Скарынаю, былі першымі друкаванымі кнігамі ва ўсёй Усходняй Эўропе; яны ішлі ў Маскоўшчыну, Украіну, Галіцыю, паўдзённым славянам і нават на заходня-эўрапэйскія рынкі, пашыраючы асьвету і культуру, праслаўляючы гэтым беларускую мову. У Маскве ў той час аб друкарскай справе ніхто ня дбаў” – заўважае У. Глыбінны (тамсама с. 49).

Таксама газэта „Раніца”, прызначаная ў асноўным для рабочых, рабіла вялікія намаганьні, каб пазнаёміць сваіх чытачоў зь беларускай культурнай спадчынай і гэтым самым разьвіць любоў да ўсяго роднага ды выклікаць пачуцьцё гонару за мінуўшчыну свае Бацькаўшчыны. Значэньне Ф. Скарыны ды іншых беларускіх друкароў закранаецца ў артыкуле Сыгналы нашае старое культуры (у: „Раніца”, 26 сакавіка 1944, Бэрлін).

Пісьменьніцкую й перакладчыцкую дзейнасьць Ф. Скарыны працягвалі такія беларускія пісьменьнікі XVІ ст., як: Сымон Будны, што выдаў пратэстанцкі Катэхізіс у 1562 годзе, або Васіль Цяпінскі-Амельяновіч з Полаччыны, які зрабіў пераклад на беларускую мову Евангельля. Васіль Цяпінскі горача жадаў, каб народ беларускі трымаўся свае прыроджанае мовы. Існаваньне гэтакіх пісьменьнікаў сьведчыць, што ў народзе моцная нацыянальная сьвядомасьць.

Друкарская справа пашыралася на беларускіх землях на працягу цэлых XVІ і XVІІ ст.ст.. Яна знаходзіла шмат прыхільнікаў і памагатых у асобах асьвечаных і багатых людзей таго часу, такіх як: Слуцкія, Радзівілы, Хадкевічы, Сапегі, у дварох якіх адчыняліся друкарні. З 1574 году ў Вільні стала вядомай друкарня беларускіх культурных дзеячоў XVІ ст. – братоў Мамонічаў родам з Магілёва. Кузьма Мамоніч быў віленскім бурмістрам, а ягоны брат Лукаш – скарбнікам Беларуска-Літоўскай дзяржавы. Заснаваная імі друкарня ў Вільні дзейнічала да паловы XVІІ ст.

Друкары Іван Фёдараў і Пётра Мсьціславец, якія ўцяклі з Масквы пасьля разбурэньня маскоўскай чэрню першае расейскае друкарні, дзякуючы апецы Рыгора Хадкевіча заклалі друкарню ў Заблудаве Беластоцкага павету. У Заблудаве яны выдалі некалькі кніжак. У 1569 годзе Мсьціславец выехаў у Вільню, дзе распачаў сваю друкарскую дзейнасьць у Мамонічаў і з дапамогай братоў Зарэцкіх надрукаваў шмат кніжак, у прыватнасьці Четвероевангеліе.

Больш за 53 кнігі былі надрукаваныя ў братоў Мамонічаў, у тым ліку і Літоўскі Статут 1588 году. Канкурэнтамі Мамонічаў у той час былі: брацкая друкарня пры манастыры Сьвятога Духу, радзівілаўская друкарня ды іншыя, якія пачалі працу ў 1596 годзе. У мэтах пашырэньня свайго веравызнаньня друкарні заснавалі: Тышкевічы, Кішкі, Радзівілы, Валовічы, Сапегі ды іншыя. Гэтак Мікалай Радзівіл Чорны ў 1558 годзе ва ўласнай друкарні ў Берасьці выдаў Біблію, званую пасьля Радзівілаўскай ці Берасьцейскай. Узьніклі друкарні ў Супрасьлі, Гарадзеншчыне, у Еўі друкарня Багдана Агінскага, у Дзярэчыне, Крошыне, Слоніме, Гарадку ды іншых мясьцінах.

Ніна Баршчэўская, "Польскае радыё для замежжа"


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение