Як свет адкрывае для сябе Беларусь

Мы часта наракаем, што ў свеце не ведаюць пра нашу краіну, пра яе гісторыю, культурныя славутасці. А вось для чыкагскага рок‑гурта Minsk сталіца Беларусі — крыніца творчага натхнення і мала не легенда. У адрозннене ад брытанскага гурта Belarus, які ў свой час узяў назву досыць выпадкова, амерыканцы зрабілі свой выбар на карысць Мінска свядома.

Мінск і Minsk

Minsk — металічны рок‑гурт, які стварыўся ў 2002 годзе. Музыка Minsk’а — гэта жорсткія рыфы, цягучыя мелодыі, у якіх точыцца водгулле рытуальных песняспеваў паганскіх культаў. Самі рокеры характарызуюць сваю музыку як «псіхадэлічны метал». У палітры гуку прысутнічаюць шаманскія бубны, гатычныя клавішы, прапушчаны праз кампутар змрочны вакал. У гучанні ёсць адценні самых розных стыляў, але ўсе іх перадаюць тэрмінам «постметалічная музыка». Нядаўна хлопцы з Minsk’а выпусцілі свой другі альбом With Echoes In The Movement Of Stone («З рэхам у руху камянёў»), cтаноўча прыняты крытыкамі і шараговымі прыхільнікамі «цяжкача». Як усякі сучасны рок‑гурт, яны выпускаюць майкі, на якіх стаіць назва «Мінск».

На пытанне, нашто называцца паводле беларускай сталіцы, лідар гурта Цімаці Мед адказвае: «Збольшага гістарычныя прычыны. Наш гітарыст Кліф Бэнет любіць гісторыю і назва — справа ягоных рук. Горад мае жыццяпіс, які мы палічылі вартым увагі і які поўніць нас натхненнем. Шматлікія акупацыі, разбурэнні і безліч прыкладаў гераічнага супраціву. Мы падумалі, што горад якраз і з’яўляецца сімвалам гэтых усіх рэчаў, а таксама аднаўлення і ўваскрашэння». Што ж да Беларусі, дык чыкагцы лічаць яе нечым накшталт Гіпербарэі: «Нам прыпалі да душы таямнічыя аспекты геаграфічнага становішча Мінска і яго культуры. Для нас, якія жывуць на зямной кулі, там дзе мы жывем, горад падаецца далёкім краем, дзе пануюць халады».

Планета Беларусь

Чыкагцы не першыя з заходнікаў, хто падняў на шчыт беларускую тэматыку. Малады брытанскі рок‑гурт, які параўноўваюць з Radiohead’ам, абраў назву Belarus. Праўда, музыка і тэксты песняў не маюць ніякага дачынення да нашай краіны. Гітарыст Мэт Кілфард ка¬жа, што назву выбралі выпадкова — проста спадабалася слова, Belarus. І толькі пасля шмат чаго цікавага даведаліся пра краіну і яе народ.

У далёкай Арызоне амерыканская пісьменніца Лі Хоган назвала свой фантастычны раман «Беларусь». Дзеянне рамана і яго працягу («Ворагі») адбываецца ў далёкай будучыні на планеце, якая носіць назву Беларусь. Галоўны герой, Андрэй Міроненка, стварае там паселішча і абвяшчае сябе царом, маючы на мэце зрабіць з Беларусі ідэальную, няспраўджаную на Зямлі, Русь. Хоць сапраўдная Расійская імперыя даўно знікла, на планеце Беларусь ажывае яе сімвал: неавізантыйскі стыль (хай‑тэкаўскія хмарачосы з макаўкамі), а яе арыстакратыя абазнаная ў суплётах расійскай гісторыі. У футурыстычнай Беларусі побач з нанатэхналогіямі і зоркалётамі ажывае славянская міфалогія ў асобе ведзьмакоў і Бабы‑Ягі, галоўнага прарока планеты. У канцэпцыі яўна адбіўся стэрэатып, які паўстае, калі заходнікі даслоўна перакладаюць назву нашай краіны. Маўляў, нейкая зямля, населеная «белымі рускімі».

Усходнееўрапейская Гіпербарэя

Што ж вабіць у назве нашай краіны замежных творцаў? Як яны бачаць Беларусь? Паспрабуем падсумаваць. Па‑першае, прынамсі для англійскага вуха слова Belarus проста мілагучнае. Па‑другое, Беларусь для іх — гэта трошкі Расія і ўсё што з ёй звязана: неймаверныя сібірскія халады і расійскае бязмежжа (ва ўсіх сэнсах). Па‑трэцяе, Беларусь — краіна, без сумневу, таямнічая, кшталту містычнай Унутранай Манголіі, дзе рэчаіснасць пераплеценая са старажытнымі міфамі і магіяй; або легендарнай краіны Гіпербарэі, месца жыцця дабрашчаснага старажытнага народа. Нязнаны край, можа быць, загадкавейшы за больш зведаную Расію.

Саліст гурту Minsk назваў беларускую сталіцу халодным горадам, дарма што ў ягоным родным Чыкага не нашмат цяплей. Хоць мы знаходзімся ў цэнтры Еўропы, але нас усё ж называюць «далёкім краем». Нястача ведаў пра Беларусь нараджае таямніцу, а таямніцы, як вядома, натхняюць.

Павал Касцюкевіч, "Наша Ніва"


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение