Саюз балтыйскіх гарадоў імкнецца супрацоўнічаць з беларускімі гарадамі

Саюз балтыйскіх гарадоў – арганізацыя, якая аб’ядноўвае больш за 100 населеных пунктаў Еўропы – імкнецца наладзіць супрацоўніцтва з беларускімі гарадамі. Якім чынам Беларусь магла б супрацоўнічаць з балтыйскімі гарадамі?

Сакратарыят арганізацыі знаходзіцца ў Гданьску, саюз ладзіць свае канферэнцыі і сустрэчы ў розных гарадах Еўропы. Мы звязаліся са старшынём прадстаўніцтва Саюзу балтыйскіх гарадоў у Гданьску Паўлам Жабакліцкім, які распавёў нам, у чым заключаецца дзейнасць арганізацыі.

П. Жабакліцкі: У Саюз балтыйскіх гарадоў на дадзены момант уваходзіць 106 гарадоў з 10 краінаў, якія знаходзяцца непадалёк ад Балтыйскага мора. Наша асноўная мэта - разьвіццё супрацоўніцтва паміж гарадамі-чальцамі саюзу, рэалізацыя сумесных праектаў, якія часта фінансуе Еўрапейскі Звяз. Адна з нашых мэтаў - гэта прадстаўленне інтарэсаў гарадоў, іх жыхароў у кантактах з уладамі - дзяржаўнымі і  міжнароднымі, гэта значыць, уладамі Еўраз вязу.

А чаму вы імкнецеся наладзіць супрацоўніцтва з Беларуссю, якая не мае выхаду да Балтыйскага мора?

П. Жабакліцкі: Беларусь, праўда, не ляжыць у басэйне Балтыйскага мора, але бальшыня беларускіх рэкаў упадае ў гэта мора. Дарэчы, не ўсе гарады-чальцы саюзу знаходзяцца на ўзбярэжжы Балтыйскага мора. Ёсць і такія, якія не маюць выхаду да мора, напрыклад, Вільня ці Коўна. Таму мы шукаем кантактаў з прадстаўнікамі Беларусі. А паколькі апошнім часам Еўрапейскі Звяз імкнецца паглыбіць супрацоўніцтва з Беларуссю, то мы таксама хацелі б запрасіць беларускія гарады супрацоўнічаць. Некалькі гадоў таму два беларускія гарады афіцыйна звярнуліся да нас з просьбай прыняць іх у склад назіральнікаў. Гэта Горадня і Слонім. На жаль, дакументы не сталі пачаткам супрацоўніцтва, паколькі па невядомых нам прычынах гэтыя гарады не адказваюць на нашы запыты, запрашэнні на канферэнцыі, сустрэчы, семінары.

Ці вы спадяецеся, што цяпер удасца наладзіць супрацоўніцтва, што падыход уладаў Беларусі да заходніх прапановаў зменіцца? Як вядома, улады трактуюць вельмі насцярожана ўсё, што ідзе з Захаду.

П. Жабакліцкі: Мы адкрытыя на супрацоўніцтва. Калі беларускія гарады захочуць пайсці на кантакт, то мы зможам прапанавць ім не толькі статус назіральніка, але таксама поўнае чальцоўства. Мы запрасілі беларускія гарады прыняць удзел у Генеральнай канферэнцыі Саюзу балтыйскіх гарадоў, якая адбудзецца ў верасні ў Нарвегіі. Прыедзе шмат мэраў і бургамістраў гарадоў з розных краін - каля 200 чалавек. Варта паўдзельнічаць у гэтай сустрэчы. Ма выслалі запрашэнне таксама беларускім гарадам, але пакуль што ніхто не адказаў. Дарэчы, мы раней наладзілі кантакты з беларускімі хрысціянскімі дэмакратамі. Таму за наш кошт хацелі б запрасіць на сустрэчу двух прадстаўнікоў апазіцыі і двух прадстаўнікоў уладаў.

Што дае чальцоўства ў вашай арганізацыі, якую карысць маглі б атрымаць беларускія гарады, калі б пачалі з вамі супрацоўніцтва?

П. Жабакліцкі: Гэта перш за ўсё карысці, якія вынікаюць з маштабу нашай арганізацыі. Дзякуючы шматлікім чальцам саюзу, гарады хутка і эфектыўна знаходзяць партнёраў у іншых краінах, з якімі могуць абменьвацца досведам і ладзіць сумесныя праекты, а таксама атрымліваць фінансы на гэтыя праекты з розных крыніцаў - Еўрапейскага Звязу, Нардычнай рады і інш. Зразумела, нельга нікога прымусіць да чальцоўства, але ўжо 106 гарадоў згадзілася з намі супрацоўнічаць. Мы з'яўляемся найбуйнейшай арганізацыяй такога тыпу ў Еўропе і хацелі б прыцягнуць да супрацы Беларусь, а таксама Ўкраіну.

Ці прыналежнасць да арганізацыі бясплатная, ці трэба за чальцоўства плаціць?

П. Жабакліцкі: Ёсць чальцоўскі збор, які нашы гарады плацяць раз у год, але гэта не на столькі вялікія грошы, каб немагчыма было іх выдзеліць з гарадскога бюджэту. Дарэчы, у нас розныя стаўкі для гарадоў старой Еўропы - напрыклад, Швейцарыі, Нямеччыны, Даніі, і для гарадоў гэтак званай новай Еўропы - Літвы, Латвіі, Эстоніі, Польшчы. Гарады з гэтых краінаў плацяць менш.

У якіх галінах гарады перш за ўсё супрацоўнічаюць?

П. Жабакліцкі: Супрацоўніцтва адбываецца ў шматлікіх галінах - ва ўсіх, за якія адказваюць мясцовыя ўлады - гэта ахова асяроддзя, эканамічнае супрацоўніцтва, культура, адукацыя, энергетычныя, гендэрныя пытанні, праблемы, звязаныя з аховай здароўя, інфарматыка, спорт, турызм, транспарт, добраўпарадкаванне гарадоў, пытанні моладзі і гэтак далей. Так што гэтых галінаў шмат, і кожны горад можа знайсьці для сябе нейкую цікавую прастору для супрацоўніцтва. У нас ёсць 13 камісій, кожная адказвае за адну галіну сярод тых, пра якія я згадаў. Мы з'яўляемся арганізацыяй вельмі дэцэнтралізаванай, у галоўнай сядзібе ў Гданьску працуюць толькі 2 асобы. Апрача гэтага, кожная камісія мае ўласны сакратарыят у нейкім з гарадоў, і гэтая камісія каардынуе супрацоўніцтва ў галіне, скажам, турызму, транспарту, аховы асяроддзя і гэтак далей.

Пасля размовы з Паўлам Жабакліцкім мы спрабавалі звязацца з гарадскімі ўладамі Горадні, каб запытаць, ці яны зацікаўлены супрацоўніцтвам. У гарвыканкаме не знайшлося нікога, хто б згадзіўся адказаць на пытанні ў нашым эфіры. Неафіцыйна адна з супрацоўніц паведаміла, што сапраўды яны атрымлівалі запрашэнні на сустрэчы з Саюзу балтыйскіх гарадоў, але на той момант не было нікога, хто б добра валодаў ангельскай мовай. Але цяпер, дадала жанчына, у краіне «новыя веянні», яна адкрываецца на Еўропу, і гарадскія ўлады ахвотна пашукаюць партнёраў на Захадзе. Спадзяемся, што гэты новы подых свабоды стане трывалай тэндэнцыяй.

Наталля Грышкевіч, "Польскае радыё для замежжа"


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение