Беларусы ў найдаражэйшых каледжах ЗША. Адкуль грошы?

UWC...1950-я гады. Яшчэ не поўнасцю пераадолена пасляваеннае адчужэнне між народамі, а свет ужо падзяліла “халодная вайна”. У гэты час нямецкі педагог і грамадскі дзеяч Курт Хан прыдумаў ідэю: стварыць міжнародны каледж, дзе моладзь з розных краінаў магла б разам навучацца два гады, рыхтуючыся да паступлення ва ўніверсітэты.

Выпускнікі на ўсё жыццё захаваюць успаміны аб юнацкім часе, праведзеным у шматкультурным асяродку і калі дасягнуць уплывовага становішча, то не будуць імкнуцца да вайны і варажнечы. Так меркаваў Хан.

У 1962 годзе К. Хан ажыццявіў сваю ідэю ў Вялікабрытаніі. Тут стварылі Каледж аб’яднанага свету (КАС, па ангельску – United World College, UWC), куды сабралі навучэнцаў рознай рэлігійнай, этнічнай і расавай прыналежнасці. "Больш захаплялнага эксперыменту ў адукацыі пасля ІІ-ой сусветнай вайны не было,” – напісала тады газета “Таймс”. Зараз у свеце дзейнічае 12 такіх каледжаў. Нідэрландскі прынц Віллем-Аляксандар, прэзідэнт Батсваны Ян Кхама і кіраўнік кампаніі “Нокіа” Йорма Олліла – вось толькі тры імёны з дзясяткаў вядомых людзей у розных частках свету, якія закончылі гэтыя каледжы.

Сёлета спаўняецца 15 гадоў з таго часу, як ў КАС сталі навучацца і прадстаўнікі Беларусі. У траўні міжнародныя каледжы закончылі чарговыя тры беларускія навучэнцы. Адна з іх – Вольга Грыцкевіч з Навагрудка. На здымку яна – другая справа, разам з аднакурсніцамі па Паўночным каледжы (Нарвегія).
Беларускія выпускнікі кажуць: міжнародны каледж – гэта больш, чым навучальная ўстанова. Кожны навучэнец прыўносіць туды асаблівасці свайго народу. Дзеля гэтага ў каледжах ладзяцца, напрыклад, нацыянальныя дні краінаў. На здымку: навучэнцы Адрыятычнага КАС (Італія), другі зправа – Міхаіл Рэуцкі з Мінска.
Міратворчае дзеянне праз адукацыю, як некалі было задумана К. Ханам, зараз найбольш уласцівае міжнароднаму каледжу ў г. Мостар, Боснія і Герцагавіна. У гэтай краіне пасля ўзброенага канфлікту існуе этнічнае падзяленне ў школах. У каледжы баснійцы, сербы і харваты навучаюцца разам, з равеснікамі з іншых краінаў. Сярод сёлетніх выпускнікоў – Марыяна Мірчук са Светлагорска (на здымку – справа).

Экзаменаванне выпускнікоў КАС праводзіць незалежная Арганізацыя міжнароднага бакаляўрату (International Baccalaureate Organization). Дыплом міжнароднага каледжу – адзін з самых прэстыжных пры паступленні ў ВНУ Еўропы ці Амерыкі. Сёлетнія беларускія выпускнікі ўжо вырашылі, дзе яны будуць навучацца далей. Напрыклад, М. Мірчук стане студэнткай вышэйшага каледжу “Трыніці” ў Хартфардзе, сталіцы штата Канекцікут. Паводле агенцыі СНН (CNN), “Трыніці” уваходзіць у дзясятку самых дарагіх установаў ЗША па кошце навучання. Адкуль бяруцца сродкі на аплату?Амерыканскі мільярдэр Шэлбі Дэвіс – адзін з фундатараў выпускнікоў КАС. Рашэнне аб фундаванні ён прыняў пасля наведвання каледжу. “За пяць хвілін я зразумеў гэта. Я падумаў – гэта штосьці, чаму я веру”, – напісаў Ш. Дэвіс аб убачаным. З 2004 года ён штогод пералічвае ўніверсытэтам па 14 млн. даляраў на навучанне выпускнікоў міжнародных каледжаў. Тым часам, у гэтым месяцы адкрываецца новы каледж – у г. Маастрыхце (Нідэрланды).

Прыём навучэнцаў у КАС праводзіцца штогод па конкурсе. У Беларусі гэта справа робіцца дзякуючы Ўладзімеру Коласу, вядомаму адукацыйнаму дзеячу. І ў верасні ў міжнародныя каледжы прыедуць новыя навучэнцы з нашай краіны – Марыя Пупко з Заслаўя (на здымку) і Максім Карповіч з Навагрудка.

Тэльман Маслюкоў, Радыё Свабода