Міжнародны канал Швецкага радыё "будзе навіновым , арыентаваным на слухачоў у Швецыі, ніякіх дэмакратычных праектаў". Пра гэта буйнейшай штодзённай шведскай газеце “Dagens Nyheter” за 5 жніўня заявіў кіраўнік гэтага канала Інгемар Лефгрэн, каментуючы рашэнне спыніць ад 1 верасня 2009 года вяшчанне на беларускай мове.
"Інакш могуць узнікнуць пытанні, чаму мы не асвятляем на мандарыне на Кітай або на мовах Зімбабве на гэтую краіну", — сказаў Лефгрэн. Выданне таксама публікуе ў матэр'яле ліст пратэсту , падпісаны дэпутатамі парламента Швецыі, якія прадстаўляюць як партыі ўрадавай кааліцыі, так і апазіцыю. У звароце дэпутаты заяўляюць, што пасля спынення вяшчання "грамадзяне апошняй дыктатуры ў Еўропе будуць яшчэ больш ізаляваныя". Па іх меркаванню, тлумачэнне кіраўніцтвам радыё прычынаў свайго рашэння — "проста абраза беларусаў". Як БелаПАН паведамляў раней, Лефгрэн заявіў, што Швецкае радыё "зрабіла выбар на карысць вяшчання на адной з вялікіх еўрапейскіх моваў, а менавіта — рускай, тым больш што гэта мова, якую разумеюць ў Беларусі". У інтэрв'ю БелаПАН адказная за распаўсюджанне міжнародных праграм Эле-Кары Хойберг адзначыла, што поруч з некалькімі іншымі беларускамоўная служба пяць год працавала ў тэставым рэжыме. Хойберг падкрэсліла, што рашэнне "ні ў якім разе не было палітычным і не азначае, што, на думку кіраўніцтва радыёстанцыі, у Беларусі змянілась сітуацыя і ў нашай працы няма неабходнасці". Яно было прынятае з улікам таго, што беларусы разумеюць рускую мову і змогуць атрымліваць інфармацыю пра Швецыю ад рускмоўнай службы радыё, сказала супрацоўніца радыё.