Памёр духоўны лідэр беларускага Манчэстэра

Беларускае жыццё ў Манчэстэры бярэ пачатак у 1947—1948 гадоў, калі тут з’явіліся першыя арганізацыі паваенных эмігрантаў. Ад самага пачатку ўдзел у беларускай працы браў і Янка Абабурка.

Ён паходзіў з вёскі Морач Нясвіжскага павета (сёння Клецкі р-н Мінскай вобл.). У Морачы ў 1940 годзе ён ажаніўся, але ўжо ў 1944-м апынуўся ў Нямеччыне, адтуль — праз Францыю трапіў у Італію, у шэрагі польскага войска. Разам з іншымі вайскоўцамі Янка Абабурка быў перавезены ў Вялікабрытанію, дзе дэмабілізаваўся і ўладкаваўся на працу.

Жыў спачатку каля Брэдфарду, пазней перабраўся ў Манчэстэр, дзе далучыўся да дзейнасці мясцовага аддзелу Згуртавання беларусаў у Вялікабрытаніі. На пачатку 1960-х, калі праваслаўныя беларусы цэлай Брытаніі засталіся без святара, Янка Абабурка выказаў жаданне прыняць святарства. Пасля спецыяльнага навучання ў Бельгіі, 13 кастрычніка 1963 г. ў нямецкім Карлсруэ ён атрымаў святарскія свячэнні.

Ад гэтага часу ў праваслаўным жыцці брытанскіх беларусаў распачаўся новы этап. Новы святар здолеў не толькі аднавіць працу раней дзейных прыходаў у Брэдфардзе, Манчэстэры, але і стварыць новыя. Так, пад яго апеку перайшоў прыход св. Мікалая ў Нотынгеме.

Да пачатку 1970-х а. Янка Абабурка быў адзіным святаром БАПЦ на ўсю Брытанію. Ён даваў шлюбы, хрысціў і адпраўляў пахаванні не толькі ў Манчэстэры, але і па ўсёй Англіі.

У той жа час крыху наладзілася і яго асабістае жыццё. У 1966 годзе з бацькаўшчыны прыйшла сумная вестка пра смерць ягонага адзінага сына Мікалая, аднак ужо ў 1967-м а. Абабурку ўдалося запрасіць да сябе з Беларусі жонку Кацярыну. Яна стала добрай апорай жыцця святара, яго вернай спадарожніцай. Матушка Кацярына стала сапраўднай гаспадыняй і набытай з ініцыятывы святара ў 1972 годзе царквы Жыровіцкай Божай Маці ў Манчэстэры. Гэта было выдатнае дасягненне мясцовай беларускай грамады.

Ад таго часу цэнтр праваслаўнага беларускага жыцця ў Вялікабрытаніі трывала замацаваўся ў Манчэстэры, а стрыжнем гэтага жыцця стаў айцец Янка.

Айцец Янка Абабурка, жнівень 2005 г. Фота Наталлі Гардзіенкі
Царква Жыровіцкай Божай Маці ў Манчэстэры. Фота 1970-х.

Цягам дзесяцігоддзяў ён выконваў свае святарскія абавязкі. Працягваў служыць і пасля смерці ў 1986 г. матушкі Кацярыны. Нават цяжкая хвароба, што напаткала айца Абабурку ў сярэдзіне 1990-х, не вымусіла яго цалкам адмовіцца ад працы. І на пачатку ХХІ ст. ён яшчэ на вялікія святы служыў у сваёй царкве ў Манчэстэры, не гледзячы на тое, што на службы збіраліся цяпер усё менш і менш вернікаў — мясцовая беларуская грамада імкліва змяншалася. Толькі ў апошнія гады айцец Янка быў вымушаны адмовіцца ад багаслужбаў, а царкву — плён ягонага жыцця — пазасталыя беларусы Манчэстэру былі прымушаны выставіць на продаж...

Ён адышоў, як паціху спачывае і беларускае жыццё Манчэстэру, апірышчам якога ён быў доўгія гады.

Светлая памяць, айцец Янка!

Наталля Гардзіенка

Наша Ніва


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение